Камфорт, тэхналогіі, перспектывы. Хутка на тэрыторыі МТК “Мураўёўка” з’явіцца новы кароўнік і даільна-малочны блок

 

Поўным ходам ідзе будаўніцтва новых аб’ектаў на тэрыторыі малочнатаварнага комплексу “Мураўёўка” ААТ “Дэмбрава”. У хуткім часе тут з’явіцца сучасны кароўнік і даільна-малочны блок.

 

Падрадчыкам выступае Шчучынская МПМК-167. Зараз будаўнікі актыўна ўзводзяць даільна-малочны блок. Абшываюцца сцены, даводзіцца да ладу дах і ацяпленне будынка. Паралельна выконваецца кладка сцен кароўніка, вялікі металічны каркас якога ўжо ўзвышаецца над комплексам.

 

Чакаецца пастаўка і мантаж аэратараў з полікарбанату. Таксама праводзяцца бетонныя работы і заліўка дарог.

 

 

Будаўнічыя работы на аб’екце ідуць з мая. Планам прадугледжана здача кароўніка і ДМБ у лютым 2025 года. Аднак, як заўважылі будаўнікі, пры спрыяльных умовах надвор’я новыя аб’екты жывёлагадоўлі могуць быць гатовыя ўжо ў канцы гэтага года.

 

Як вядома, Шчучынская МПМК-167 спецыялізуецца на будаўніцтве ферм, аднак гэты праект для арганізацыі новы.

 

– Праект сапраўды нетыповы для нашай арганізацыі, – заўважыў прараб Аляксандр Мурзак. – Звычайна пры будаўніцтве малочнатаварных комплексаў выкарыстоўваюцца ў пераважнай большасці жалезабетонныя канструкцыі, у прыватнасці каркас. Тут жа металакаркас на кароўніку і на малочна-даільным блоку. Па вялікім рахунку, асноўныя будаўнічыя работы ўжо завершаны. У хуткім часе будзем пачынаць аддзелку памяшканняў, пасля чаго пяройдзем да добраўпарадкавання тэрыторыі. Зараз на аб’екце працуюць каля дваццаці чалавек. Стараемся аўтаматызаваць працэс будаўніцтва за кошт выкарыстання дадатковай тэхнікі, каб людзі гублялі менш сваіх сіл.

 

 

Узвядзенне кароўнікаў і даільна-малочных блокаў з металаканструкцый, дах якіх замест звычайнага шыферу ці металапрофілю накрываецца тэнтам, мае шэраг плюсаў. Галоўная асаблівасць будынкаў з металаканструкцый – хуткасць узвядзення і таннасць. Акрамя таго, у кароўніку паляпшаецца паветраабмен за кошт павелічэння вышыні будынка, гэта, у сваю чаргу, станоўча ўплыве на камфорт утрымання жывёл. Аб’екты падобнай канструкцыі ўжо выкарыстоўваюцца жывёлаводамі ААТ “Дэмбрава” і зарэкамендавалі сябе добра.

 

 

Пра начынку новых аб’ектаў жывёлагадоўлі нам расказаў галоўны заатэхнік ААТ “Дэмбрава” Віталій Кунец:

 

– На аб’екце будзем выкарыстоўваць сучасныя даільныя ўстаноўкі, стойлавае абсталяванне і новае праграмнае забеспячэнне. Замест стандартных труб на кармавых сталах будзе прымяняцца новая сістэма фіксацыі жывёл “Хэдлок”. Гэтая канструкцыя аблегчыць правядзенне маніпуляцый для ветурача і асемянатара. Спецыяльны механізм дазволіць зафіксаваць галаву каровы, забяспечваючы яе бяспеку і камфорт.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!