“Добры дзень, мама, я – жывы!” Салдат, на якога ў 44-ым прыйшла пахавальная, ступіў на родны парог праз два гады пасля вайны

“Как я выжил, будем знать только мы с тобой…”, – радкі з вядомага верша Сіманава ўсплываюць у памяці, калі чуеш аповед шчучынца У.У. Байгота пра свайго бацьку – удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Іосіфавіча Байгота. Сын крыху дакарае сябе, што не ўмеў слухаць бацю, калі той быў жывы: “То ў яго не хапала часу, то я, хлапчук, некуды спяшаўся”. Між тым нават сціплыя звесткі пра баявы шлях гэтага абаронцы Айчыны, узнагароджанага медалём “За адвагу”, пераконваюць: ён сапраўды дастойны нашай памяці.

 

І начныя паходы, і агні партызанскіх кастроў

 

Вялікая Айчынная вайна застала 17-гадовага Валодзю Байгота з вёскі Забор’е ў Слоніме, дзе ён разам з равеснікамі са Шчучыншчыны вучыўся ў лясной школе. Пачуўшы пра вайну, хлопцы сталі думаць, як дамоў дабрацца. “Калі хочаце, я вас правяду”, – прапанаваў Валодзя, які цудоўна ведаў лес і арыентаваўся ў ім. Таварышы пагадзіліся. Дабіраліся нябачнымі для чужых вачэй сцяжынкамі па сушы і па вадзе – сплаўляліся па Шчары на самаробным плыце. Са Шчары – у Нёман, так і да Забор’я. Адсюль разышліся па сваіх дамах. “Дарэчы, у той вучнёўскай суполцы было многа хлопцаў з яўрэйскіх сем’яў. Баця казаў, што пасля вайны ніводнага з іх так і не сустрэў. Відаць, гітлераўцы расстралялі…” – уздыхае Уладзімір Уладзіміравіч.

 

Мой суразмоўца дастае з папкі бацькаў ваенны білет і зачытвае: “З 12 ліпеня 1943 года ваяваў у складзе партызанскага атрада імя Панамарэнкі брыгады Варашылава”. Але перш чым стаць у рады народных мсціўцаў, смелы хлопец быў сувязным: здабываў звесткі пра жывую сілу і тэхніку, якая перамяшчалася ў ваколіцах, у прыватнасці, праз мост ля Дашкаўцаў. Аб’ект гэты ахоўваў нямецкі гарнізон.

 

– Аднойчы тата і іншыя сувязныя даведаліся, што немцы збіраюцца фарсіраваць Нёман ля Перакопа і атакаваць партызанскі атрад, – расказвае субяседнік. – Паведамілі аб гэтым у лес. І калі фрыцы даплылі на лодках да сярэдзіны ракі, партызаны з супрацьлеглага берага накрылі ворага шквальным агнём. Так і захлынулася тое наступленне.

 

А яшчэ партызан Байгот хадзіў на “жалезку”. Ён з двума таварышамі атрымаў заданне пусціць пад адхон састаў з жывой сілай і тэхнікай. “Адзін з хлопцаў залажыў міну, другі знаходзіўся ў дазоры, а мой тата павінен быў падчас праходу састава пацягнуць за шнур, – зноў паглыбляецца ва ўспаміны У.У. Байгот. – Аднак, аказалася, напарнік паспяшаўся, заўважыўшы дрызіну з немцамі, пакінуў выбуховае ўстройства практычна на паверхні. Тата кінуўся выпраўляць сітуацыю: разадраў усе пальцы, пакуль вырыў ямку пад міну. Паравоз такі кульнуў з рэек. Праўда, ішоў ён не на фронт, а з фронту…”.
 Пасля ўдалай аперацыі адважны падрыўнік прыбег дамоў, скінуў з сябе мокрую вопратку і схаваў у сабачай будзе, а сам нырнуў на печку. Пра паход “на жалезку” – нікому ні слова: родныя не ведалі, што іх Валодзя звязаны з партызанамі. На другі дзень у Забор’і з’явіліся немцы: правяралі, хто з мясцовых жыхароў адсутнічае дома. Не знайшоўшы “дыверсантаў”, забралі па два чалавекі з навакольных вёсак. Людзей тых расстралялі.

 

Аднойчы ворагі схапілі ў лесе і Валодзю Байгота. Прывезлі ў камендатуру ў Шчучын і ўжо збіраліся адправіць далей – у Ліду, а гэта азначала, што дарогі назад не будзе. Выратаванне прыйшло ад… каменданта гарнізона. Немец трымаў коней і бачыў, як спрытна ўпраўляецца з імі Валодзя, таму настроіўся забраць хлопца ў работнікі пасля вайны.

 

– Тата гэты эпізод часта ўспамінаў, калі ў нас дома збіраліся былыя франтавікі – А.М. Чагаеў, А.П. Канцадалаў, А.Л. Левін, С.І. Шыцік і іншыя, – расказвае Уладзімір Уладзіміравіч. – Ён умеў і любіў размаўляць з людзьмі.

 

Эх, дарожка франтавая

 

Ваенную прысягу Уладзімір Байгот-старэйшы прыняў 9 верасня 1943 года ў партызанскім атрадзе імя Панамарэнкі. А калі Шчучыншчына была вызвалена ад ворагаў, разам з іншымі маладымі партызанамі аказаўся ў дзеючай арміі. “Тата нават не паспеў забегчы дамоў, каб развітацца з роднымі. Яго праводзіў камандзір атрада Пётр Ягоравіч Сцяпанаў, даў яму наказ:”Вяртайся!”. З гэтым чалавекам пасля вайны тата моцна сябраваў”, – працягвае аповед У.У. Байгот.

 

 

Франтавыя дарогі чырвонаармейца Байгота былі пакручастымі. Ваяваў салдат у складзе 336 стралковага палка, разам з… 90-кілаграмовым станкавым кулямётам. У разліку было тры чалавекі. Вораг стараўся ў першую чаргу падавіць іх пазіцыю. Аднойчы пад Беластокам кулямётчыкі трапілі пад моцны абстрэл. Валодзю цяжка параніла, ён надоўга патрапіў у шпіталь. “Гэта цуд, што застаўся жывы”, – паўтараў ён потым, носячы на целе “зарубкі” таго бою. Ужо ў мірны час атрымаў групу інваліднасці.

 

У абстаноўцы баявых дзеянняў было складана вызначыць, хто залечвае раны ў шпіталі, а хто навечна ў пясочку. Вось і ў Забор’і бацькі салдата самотным восеньскім днём атрымалі пахавальную (частка яе і цяпер захоўваецца як рэліквія), дзе было сказана, што іх сын, Уладзімір Іосіфавіч Байгот, загінуў у верасні 1944-га і пахаваны ля адной з вёсак на Беласточчыне. Афіцыйны дакумент – як тут не паверыш… Сына аплакалі, маці заказала памінальную службу ў храме. Пэўны час сям’я нават атрымлівала ад дзяржавы дапамогу ў сувязі з гібеллю воіна.

 

А ў 1947 годзе на парозе дома з’явіўся чалавек у форме. “Добры дзень, мама, я – жывы!”, – прамовіў ён, і слёзы хлынулі з вачэй... Салдат расказаў, што было з ім пасля таго цяжкага ранення пад Беластокам. Як доўга лячыўся, як зноў пайшоў на фронт, служыў тэлефаністам. Перамогу сустрэў ля Дрэздэна. А затым іх часць накіравалі ў аўстрыйскі Крэмс. Там разам з саюзнікамі – амерыканцамі і англічанамі – рыхтаваліся да парада Перамогі ў Вене. Адзінае фота ў вайсковай форме там і зроблена. У Аўстрыі Уладзімір навучыўся вадзіць машыну, на ёй і пераехаў у Сімферопаль, адкуль дэмабілізаваўся ў сакавіку 1947 года.

 

Недаспяваная песня

 

Пасля вайны былы партызан і франтавік Уладзімір Іосіфавіч Байгот быў прызначаны ўпаўнаважаным па аднаўленні калгасаў. Ужо сваім дзецям расказваў, як праводзілі сход, збіралі ў адно месца жывёлу і інвентар, а праз нейкі час трэба было пачынаць спачатку – сяляне разнеслі ўсё па падворках… Калі ж жыццё канчаткова стала на мірныя рэйкі, У.І. Байгот ажаніўся, выхоўваў са сваёй Валянцінай Паўлаўнай пецярых дзяцей, пабудаваў для сям’і прасторны дом у Шчучыне. Працаваў у райпа, потым у будаўнічай арганізацыі. Вельмі любіў весці гутарку з былымі салдатамі і партызанамі, якія жылі ў Шчучыне, а таксама ездзіў да баявых таварышаў па ўсім Саюзе. Аднойчы лёс падараваў яму сустрэчу з аднапалчанінам, кулямётчыкам Іванам Космачам. Валодзя лічыў, што Івана няма сярод жывых, а той – што Валодзя загінуў… Ох і нагаварыліся тады баявыя сябры! Не пра геройства. Яны ведалі праўду пра тыя суровыя гады, і часам яна была іншая, чым паказвалі ў тагачасных кінастужках. “Відаць, таму тата не любіў глядзець фільмы пра вайну”, – кажа яго сын. А вось унукаў (у ветэрана іх 7 и яшчэ 10 праўнукаў) звазіў на тое месца, дзе глядзеў смерці ў вочы. Цікава, што жыхары Забор’я называлі земляка па мянушцы, атрыманай ім у партызанах, – Бяроза. А ён вельмі хацеў, каб родная вёска і яе людзі засталіся ў гісторыі, – распачаў пісаць пра іх кнігу…

 

 Скончыў свой зямны шлях ветэран вайны ў 1998 годзе. На святочным “агеньчыку”, які ладзіўся 23 лютага для ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай, Уладзімір Іосіфавіч заспяваў любімую песню пра чырвонага партызана, але праз хвіліну ўпаў і больш не падняўся…

 

Уладзімір Уладзіміравіч Байгот – адзін з пецярых дзяцей былога партызана і франтавіка. Род свой не ганьбіць: стаяў ля вытокаў стварэння ў Шчучыне станцыі юных тэхнікаў, многа год кіраваў цэнтрам тэхнічнай творчасці, а цяпер працуе тут педагогам дадатковай адукацыі, вядзе гурток “Аўтамадэльны спорт”. Жыве ў бацькоўскім доме. Хоча напісаць успаміны пра бацьку. “Бо павінна ж быць памяць”, – слушна лічыць ён.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара
і з сямейнага архіва У.У. Байгота.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!