Як пахнуць зоры ведае паэт... У мінулую суботу ў палацы творчасці дзяцей і моладзі прайшоў творчы вечар паэта і пісьменніка Рычарда Бялячыца

Свет пабачыла 15-я кніга вядомага на Гродзеншчыне паэта і пісьменніка Рычарда Бялячыца. У зборнік вершаў “Пах зоркі” ўвайшлі творы трох апошніх гадоў. Аўтар запрашае нас зазірнуць у мінулае Бацькаўшчыны, па-філасофску падысці да жыццёвых з’яў сучаснасці, правесці гістарычныя паралелі… А ў мінулую суботу ў палацы творчасці дзяцей і моладзі, дзе, дарэчы, працуе Рычард Станіслававіч і дзе, па прызнанні пісьменніка, яго натхняе сама атмасфера, адбыўся “Творчы вечар беларускага паэта”, на які сабраліся прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі раёна, прыехала багата гасцей з Гродна, Астраўца, Ашмян. У фае працавала кніжная лаўка: можна было набыць як творы ранейшых гадоў, так і новы зборнік Рычарда Бялячыца.

 

 

Віноўнік ўрачыстасці цёпла прывітаў сабраўшыхся ў зале. Палілася нетаропкая гутарка, дзе гучала вытанчанае і арыгінальнае паэтычнае слова нашага земляка, перагортваліся старонкі фотаальбома “З майго жыцця”, радавалі цудоўныя музычныя кампазіцыі, падрыхтаваныя педагогамі і выхаванцамі ПТДіМ, выклікалі захапленне кінасюжэты па творах Р.С. Бялячыца, знятыя відэастудыяй “Вясёлка”.

 

– Кнігі для мяне, нібыта дзеці: выношваюцца па дзевяць месяцаў, – прызнаўся Рычард Станіслававіч. – І кожная з іх дарагая па-свойму.

 

 

Бадай, сэрцам новага зборніка “Пах зоркі” з’яўляецца паэма “Літоўка”. Аўтар расказаў гісторыю напісання гэтага твора, напоўненага гістарычнымі постацямі, асацыяцыямі, падарожжам у сівую даўніну і ўпаўне рэальнымі сустрэчамі з сучаснікамі.

 

Высокую адзнаку творчасці нашага земляка далі прысутныя на вечары старшыня Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, літаратуразнаўца, прафесар Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч, галоўны рэдактар часопіса “Новы замак”, кандыдат культуралагічных навук Янка Траццяк.  

 

 

– Паэзія Рычарда Бялячыца – гэта высокі ўзор мастацкага слова. Ён аўтар лірычна глыбокі, па-філасофску ўдумлівы, уважлівы да жыцця. Шчычыншчына можа ганарыцца такім дастойным паслядоўнікам Цёткі, –  лічыць А.М. Пяткевіч.

 

А былая вучаніца знакамітага прафесара, а зараз намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта ў сваім выступленні прызналася, які вялікі ўплыў на яе аказвае паэзія Рычарда Бялячыца, якія сумесныя творчыя праекты даводзілася разам ажыццяўляць. Алена Васільеўна, філолаг па адукацыі, натхнёна чытала вершы земляка і пажадала аўтару натхнення і новых кніг.

 

 

Шмат добрых, узнёслых слоў сказала ў адрас Р.С. Бялячыца Марына Радзівон, якая наведвае паэтычны салон “На крылах сустрэч”. Заняткі гэтага аматарскага аб’яднання мясцовых паэтаў праводзіць у палацы творчасці дзяцей і моладзі Рычард Станіслававіч. Ён падрыхтаваў да друку вянок вершаў таленавітых заўсёднікаў салона і, па словах Янкі Траццяка, падборка ўжо ў бліжэйшы час з’явіцца на старонках часопіса “Новы замак”.

 

 

 

Увогуле падчас вечарыны гучала многа добрых, цёплых слоў, у зале валадарыла сяброўская атмасфера. Радасць урачыстасці з нагоды выхаду кнігі бацькі-паэта прыехалі раздзяліць дочкі Алёна і Святлана з сем’ямі, а сам Рычард Станіслававіч выказаў словы падзякі ў адрас жонкі Таісы, якая і муза яго, і саратнік, літаратурны крытык і рэдактар – усё ў адной асобе. Мабыць, таму і вершы пішуцца лёгка, акрылена.

 

 

Букеты кветак, віншаванні і шчырыя пажаданні – як без гэтага ў дзень народзінаў кнігі паэта, якому вядомы і водар зорак, і тайны кахання Давыда Гарадзенскага, і сны княгіні Біруты, і тое, як “на арфе Дух Лясны вось-вось зайграе”… Нямала нечаканых вобразаў і адкрыццяў чакае чытачоў новага паэтычнага зборніка “Пах зоркі”, на вокладцы якога Рычард Бялячыц з задавальненнем пакідаў для сваіх прыхільнікаў аўтографы і пажаданні. Сапраўды, як адзначыў хтосьці з гасцей, творчы вечар у Шчучыне ператварыўся ў сапраўдны Дзень паэзіі, далучыцца да якога – вялікі гонар.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!