Дзень, калі нарадзілася Любоў…

Віншаваць юбіляра заўсёды хвалююча, асабліва калі ў цэнтры ўвагі – ветэран. З Любоўю Яўменаўнай Пералехавай мы знаёмы даўно: яна часты госць на святах і мітынгах. На жыццёвым календары гэтай сціплай жанчыны сёлетняе лета – 95-ае. 

 Блакадніца. Гэта кароткае слова ўвабрала ў сябе ўсе жахі вайны: холад і голад блакаднага Ленінграда, слёзы адчаю і боль страты. Але нягледзячы на выпрабаванні лёсу, Любоў Яўменаўна не здалася, не зламалася, не страціла веру ў сябе і ў людзей. Не раз задавалася яна пытаннем: як здолела перажыць вайну? Магчыма, само жыццесцвярджальнае імя Любоў давала сілы змагацца, ісці далей.
Мая суразмоўца ўспомніла, як маладой дзяўчынай уладкавалася працаваць на суднабудаўнічы завод, што ў Ленінградзе. Аднак мірныя планы парушыла вайна. Блакадны Ленінград не песціў. Быў час, калі давалі ўсяго па 100 грамаў хлеба. Ежы не хапала, і людзі паміралі адзін за другім. Шмат чаго давялося перажыць нашай гераіне… Перамогу яна сустракала, як усе – са слязьмі на вачах…
Так склаўся лёс, што Шчучыншчына стала другой радзімай для нашай суразмоўцы. Любоў Пералехава працавала на заводзе “Аўтапровад” і выхоўвала сыночка. Кажа, што само жыццё яе ўсяму навучыла. Можа таму і ў 95 гадоў не цураецца яна працы, самастойна прыбірае ў кватэры. 
У дзень нашага візіту жанчыне цяжка было стрымаць слёзы радасці. Старшыня раённага савета ветэранаў Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч уручыў Любові Яўменаўне Ганаровую грамату Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта і грашовы “дадатак”. Павіншаваць віноўніцу ўрачыстасці і падзякаваць за мірнае неба над галавой прыйшоў і намеснік старшыні раённага савета ветэранаў, падпалкоўнік запасу Віктар Мікалаевіч Анашкін.
А як расчуліў жанчыну цудоўны верш-віншаванне! Доўга яшчэ дзякавала наша гераіня гасцям за клопат і ўвагу, за тое, што памятаюць, шануюць сваіх ветэранаў. Будзем спадзявацца, што наступны юбілей Любоў Пералехава сустрэне ў такім жа добрым настроі.
Ганна КАСПЕР. Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!