Нулявы траўматызм у прыярытэце. На базе Шчучынскага раёна прайшоў абласны семінар-вучоба па ахове працы

 

На гэтым тыдні Шчучын стаў пляцоўкай для абмеркавання сур’ёзнай тэмы. На базе нашага раёна прайшоў абласны семінар-вучоба па пытаннях арганізацыі і ўзаемадзеяння пры ажыццяўленні дзяржаўнага кіравання аховай працы на тэрытарыяльным узроўні.

 

Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў з усёй Гродзеншчыны, таксама ўдзел у рабоце семінара ўзялі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, першы намеснік дырэктара Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Дзяніс Томашаў, начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Віктар Мацкевіч, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Мяснікоў. Раённую ўладу прадставілі старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі і намеснік старшыні Таццяна Цюсіна.

 

 

Адкрываў мерапрыемства Віктар Пранюк, у сваёй прамове ён звярнуў увагу на статыстыку:

 

– Хачу сказаць, што на працягу апошніх трох гадоў у нашай вобласці назіралася станоўчая дынаміка па зніжэнні вытворчага траўматызму з цяжкімі наступствамі, у тым ліку і са смяротным сыходам. Разам з тым, бягучы год паказаў, што мы самазаспакоіліся. Сёлета ў арганізацыях вобласці адбыўся значны рост колькасці пацярпелых у выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

 

Так, па выніках 11 месяцаў 2023 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года колькасць пацярпелых падчас няшчасных выпадкаў на вытворчасці ўзрасла са 177 да 223. На вялікі жаль, узрасла колькасць смяротных выпадкаў, якія сёлета фіксаваліся ў Гродне і васьмі раёнах вобласці, сярод іх і Шчучынскі. У 2023 годзе на тэрыторыі нашага раёна на вытворчасці загінулі тры чалавекі.

 

 

Найбольш цяжкая сітуацыя з вытворчым траўматызмам назіраецца ў сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці, дзе загінулі 7 работнікаў і 26 атрымалі цяжкія траўмы. Што тычыцца нашага раёна, то тут пэўныя праблемы назіраюцца ў РУП ЖКГ.

 

Таму адным са спікераў семінара стаў дырэктар Шчучынскага РУП ЖКГ Аляксандр Карповіч. У сваім дакладзе ён расказаў аб арганізацыі работы па ахове працы і распрацоўцы сістэмы кіравання аховай працы ў арганізацыі.

 

Аляксандр Карповіч адзначыў, што на базе ЖКГ створаны сектар па ахове працы. Таксама на тэрыторыі прадпрыемства функцыянуе вучэбна-трэніровачны палігон па рабоце з каналізацыйным калодзежам. Работнікі забеспячваюцца спецвопраткай і індывідуальнымі сродкамі аховы. Праводзяцца дні аховы працы, вядзецца атэстацыя спецыялістаў.

 

 

У Шчучынскім РУП ЖКГ таксама пачалі прымяняць новыя віды прафілактыкі траўматызму. Так, на базе арганізацыі быў зняты фільм “Выкананне работ унутры каналізацыйных калодзежаў. Устаноўка гідразатвора для перакрыцця трубаправода”. Гэты фільм мае на мэце павысіць веды работнікаў і нагадаць ім асноўныя правілы бяспекі пры выкананні пэўнага віду работ. Такі праект з’яўляецца ўнікальным, таму ўдзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з ім.

 

Далей пачалася практычная частка семінара, і яго ўдзельнікі перамясціліся на тэрыторыю новай кацельні, дзе пабачылі паказальную ачыстку ад засмечвання каналізацыйнай трубы ў калодзежы. Такія маніпуляцыі адносяцца да работ павышанай небяспекі, таму яны рэгулярна адпрацоўвацца на вучэбных занятках. Паўтарэнне асноўных правілаў бяспекі і аналіз этапаў работы дазваляюць палепшыць тэарэтычныя і практычныя навыкі персаналу, што ў будучым павінна прывесці да змяншэння траўматызму ў арганізацыі.

 

 

На пленарнай частцы семінара-вучобы з дакладам пра рэалізацыю паўнамоцтваў, нададзеных выканаўчым і распарадчым органам у сферы аховы працы, расказаў Дзяніс Томашаў. Гэту ю ж тэму працягнуў Сяргей Мяснікоў. Ён закрануў спецыфіку сістэмы кіравання аховай працы ў Гродзенскай вобласці, праблемныя пытанні, звязаныя з ёй, і шляхі іх вырашэння.

 

 

Таксама аб стане вытворчага траўматызму ў арганізацыях вобласці за 2023 год і аб мерах па іх прафілактыцы паведаміў Віктар Мацкевіч.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!