Бяспечныя ўмовы працы ў прыярытэце. На базе ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад” прайшоў семінар-нарада для кіраўнікоў і спецыялістаў службаў аховы працы
Пытанні стану аховы працы ў арганізацыях раёна і прыняцце дадатковых захадаў па змяншэнні ўзроўню вытворчага траўматызму былі абмеркавана падчас семінара-нарады, які прайшоў на базе ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад”.
Мерапрыемства сабрала кіраўнікоў і спецыялістаў службаў аховы працы з устаноў і арганізацый нашага раёна. У рабоце семінара-нарады ўзялі ўдзел першы намеснік начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Андрэй Магільніцкі, галоўны тэхнічны інспектар працы Гродзенскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Ганна Юрага, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук і галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Анастасія Круковіч.
Пляцоўка для правядзення семінара-нарады была выбрана невыпадкова. Пытанням аховы працы на заводзе “Аўтапровад” надаецца самая высокая ўвага. Заслугі прадпрыемства ў гэтай галіне рэгулярна адзначаюцца на раённых злётах перадавікоў. Пра тое, як атрымліваецца з года ў год паказваць такія высокія вынікі, нам расказаў начальнік бюро па ахове працы прадпрыемства Юрый Пачынчык:
– На нашым заводзе распрацавана і паспяхова рэалізуецца сістэма кіравання аховай працы, якая адпавядае ўсім дзяржаўным стандартам. Таксама дзейнічае сістэма менеджменту, бяспекі і здароўя пры ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці. У рамках сістэмы выпрацаваны комплекс мерапрыемстваў, які вызначае парадак працы і стварэння ўсіх неабходных умоў для работнікаў. Тут улічваем якасць працоўнага месца, абсталявання, інструментаў, спецвопраткі і гэтак далей. У выніку атрымліваецца наладжаная сістэма, якая бесперабойна працуе.
Семінар-нарада быў падзелены на некалькі частак. Спачатку ўдзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з тэрыторыяй і аб’ектамі завода “Аўтапровад”. Падчас экскурсіі жадаючыя маглі наведаць вытворчыя цэхі, сталовую, бытавыя памяшканні. Высокую ацэнку ўдзельнікі семінара-нарады далі кабінету аховы працы, у якім знаходзіцца манекен-трэнажор сардэчна-лёгачнай і мазгавой рэанімацыі. Таксама ў кабінеце ёсць камп’ютары, на якіх супрацоўнікі могуць правяраць свае веды па ахове працы.
Затым у актавай зале прадпрыемства адбылася пленарная частка семінара-нарады, дзе спікеры зачыталі свае даклады. Андрэй Магільніцкі пазнаёміў слухачоў са статыстыкай траўматызму на вытворчасці ў вобласці і раёне:
– Усяго ў Гродзенскай вобласці за пяць месяцаў гэтага года на вытворчасці пацярпелі 82 чалавекі, з іх загінула 5, 31 быў цяжка траўмаваны і 46 атрымалі траўмы, якія не адносяцца да ліку цяжкіх. Калі параўноўваць гэтыя лічбы з аналагічным перыядам мінулага года, то назіраецца рост траўматызму. Што тычыцца Шчучынскага раёна, то тут дынаміка таксама адмоўная. Калі ў летась за пяць месяцаў былі зарэгістраваны толькі 2 няшчасныя выпадкі, то ў гэтым годзе іх ужо пяць. Асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў з’яўляецца асабістая неасцярожнасць з боку пацярпелых, альбо парушэнне імі інструкцый па ахове працы.
Ганна Юрага звярнула ўвагу прысутных на грамадскі кантроль за станам і ўмовамі працы, а таксама ўзаемадзеянне прафсаюзаў з кантралюючымі органамі. Пра спецыфічныя санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні да ўтрымання і эксплуатацыі аб’ектаў прамысловасці і аграпрамысловага комплексу расказала Анастасія Круковіч.
Напрыканцы семінара-нарады ўсе жадаючыя змаглі задаць хвалюючыя пытанні і атрымаць на іх адказы ад спецыялістаў.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.