Бяспечная перспектыва. Навучальны семінар па пытаннях бяспекі працы прайшоў на базе ААТ “Васілішкі”

Навучальны семінар па тэме “Бяспека дарожнага руху і выкананне работ па тэхнічным абслугоўванні, рамонце аўтатрактарнай тэхнікі ў арганізацыях Аграпрамысловага холдынга Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прайшоў у Шчучынскім раёне на базе ААТ “Васілішкі”.
Мерапрыемства наведалі прадстаўнікі падраздзяленняў вядучага аграпрамысловага холдынга краіны. Сярод іх былі намеснікі кіраўнікоў арганізацый, галоўныя інжынеры і спецыялісты па ахове працы.

Першая частка мерапрыемства прайшла ў Васілішкаўскім цэнтры культуры, дзе гасцей прывітаў дырэктар ААТ “Васілішкі” Антон Бурнос. З дакладам аб выкананні заканадаўства аб ахове працы ў падначаленых арганізацыях выступіў загадчык сектара кантролю і забеспячэння працоўнай дзейнасці ДУ “Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне” Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Гурцэвіч.



Далей прысутныя абмеркавалі пытанні арганізацыі работы тэхнічнага інспектара працы пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, вынікі работы ў галіне аховы працы і станоўчы досвед напрацовак у гэтым кірунку ў ААТ “Васілішкі”.


Пасля ўдзельнікі мерапрыемства пераехалі на машынны двор гаспадаркі ў аграгарадку Гурнофель, дзе ўзялі ўдзел у некалькіх карысных інструктыўна-метадычных занятках. Інжынеры ААТ “Васілішкі” падзяліліся досведам перавозкі небяспечных аўтамабільных грузаў, азнаёмілі з методыкай забеспячэння пажарнай бяспекі на АЗС гаспадаркі. Карысным для прысутных аказаўся наглядны майстар-клас па арганізацыі работ па тэхнічным абслугоўванні і рамонце аўтатрактарнай тэхнікі.

Адным з дасягненняў ААТ “Васілішкі” ў галіне прафілактыкі траўматызму на вытворчасці стала адкрыццё спецыялізаванага кабінета па бяспецы дарожнага руху на базе рамонтнай майстэрні “Гурнофель”. Мэта такога рашэння відавочная – паменшыць і цалкам выкараніць няшчасныя выпадкі, звязаныя з дарожна-транспартнымі здарэннямі. Падчас семінара ўдзельнікі пазнаёміліся з гэтым перадавым досведам і даведаліся, як можна эфектыўна праводзіць з супрацоўнікамі арганізацый прафілактычныя заняткі па правілах дарожнага руху.



Акрамя таго, для ўдзельнікаў семінара была праведзена экскурсія па рамонтных майстэрнях, яны мелі магчымасць наведаць бытавыя памяшканні, рабочыя кабінеты і пакой для прыёму ежы.



Плануецца, што падобныя навучальныя семінары і далей будуць праводзіцца на базе ААТ “Васілішкі”, бо гэтае прадпрыемства з’яўляецца перадавым па пытаннях аховы працы ў Аграпрамысловым холдынгу Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.
