Днямі ветэран працы Станіслаў Навагродскі, які ў свой час 25 гадоў узначальнаў калгас імя Фрунзэ, адзначыў 75-гадовы юбілей

Павіншаваць паважанага юбіляра з днём нараджэння і ўручыць падарункі ў вёску Паддубы прыехалі старшыня райннага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Феліксавіч Шандроха, а таксама прадстаўнікі ААТ “Першамайск-Агра”.

– Пад вашым кіраўніцтвам калгас імя Фрунзэ займаў лідзіруючыя пазіцыі сярод гаспадарак раёна, – адзначыла, звяртаючыся да Станіслава Станіслававіча Ганна Станіславаўна Хвядзюк. – Сваёй добрасумленнай працай і неабыякавасцю вы заслужылі павагу не толькі сярод падначаленых, але і кіраўнікоў іншых сельгаспрадпрыемстаў і раённай улады. Прыемна бачыць вас бадзёрым і жыццярадасным! Жадаю моцнага здароўя, шчасця і бясконцага аптымізму! 


Да слоў Ганны Сталіславаўны далучыўся Генрых Феліксавіч Шандроха і прызнаўся, што адукаванасць і мэтанакіраванасць Станіслава Станіслававіча яго заўсёды ўражвалі. 
Юбіляр быў вельмі расчулены цёплымі словамі, пачутымі ў свой адрас. Ён з задавальненнем дзяліўся з гасцямі ўспамінамі аб працоўных буднях у калгасе імя Фрунзэ.
– У нашай гаспадарцы ў той час налічвалася 3100 гектараў сельгасугоддзяў, у тым ліку 1900 гектараў пашні, – гаворыць С.С. Навагродскі. – Пагалоўе буйной рагатай жывёлы складала 3000, з якіх 630 – дойны статак. На малочнатаварных фермах “Хадзілоні” і “Паддубы” мы атрымлівалі ад кожнай каровы да 4500 тон малака ў год – па тагачасных мерках вельмі дастойны вынік. Безумоўна, гэтага немагчыма было б дабіцца без зладжанай працы ўсяго калектыву. Вельмі прыемна, што былыя калегі не забываюць пра мяне, часта тэлефануюць, цікавяцца здароўем і справамі. Дзякуй вам за ўвагу і клопат!
Аляксандр КАСПЯРЧУК. 
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!