У Шчучыне адзначылі Сусветны дзень футбола: у спарткомплексе па вуліцы Авіятараў прайшоў незвычайны матч з удзелам спатрсменаў розных пакаленнняў

На поле выйшаў і намеснік старшыні райвыканкама А.В. Садоўскі.

 – Для кагосці футбол – гэта рэгулярныя трэніроўкі і гульня на вынік, для іншых – гэта цікавае хоббі, якое прыносіць пазітыўныя эмоцыі, -- гаворыць Аляксей Валянцінавіч. -- Вялікі дзякуй ветэранам спорта, якія заклалі багатыя футбольныя традыцыі на Шчучыншчыне. Моладзь раўняецца на вас і дасягае ўсё новых футбольных вяршынь! Сёння на поле выйдуць прадстаўнікі розных пакаленняў, і гэта яшчэ раз даказвае тое, што футболу ўсе ўзросты пакорныя! І нягледзячы на фінальны лік на табло, безумоўна, ў выйгрышы будуць усе!

Да слоў Аляксея Валянцінавіча Садоўскага далучыўся рэгіянальны менеджэр па Гродзенскай вобласці па развіццю масавага футбола асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Яўгеній Геннадзьевіч Юцэвіч:

-- Не дзіва, што Сусветны дзень футбола мы адзначаем менавіта ў Шчучыне, дзе надаюць асаблівую ўвагу развіццю гэтага віду спорта. Кіраўніцтва раёна заўсёды ідзе насустрач розным спартыўным ініцыятывам, што не можа не радаваць! Шчучынскія футбалісты рэгулярна выступаюць на чэмпіянаце Гродзенскай вобласці і нават рэспублікі. Юныя шчучынскія зоркі футбола не раз станавіліся прызёрамі спаборніцтваў “Скураны мяч” на прызы Прэзідэнтскага клуба. Да ўсяго сёлета мы правялі тут фестываль “Мама, папа, я – спартыўная сям’я!”. І ён прайшоў настолькі масава і цікава, што прынята рашэнне ў наступным годзе сямейнае спартыўнае свята зноў арганізаваць у Шчучыне! Ну а сёння мы аддаём даніну вялікай гульні, якая аб’ядноўвае розныя пакаленні. Жадаю ўсім удачы і перамог!

Прыемным падарункам для ўдзельнікаў футбольнага матча стала выступленне артыстаў узорнай студыі “Апрель” і танцавальнага калектыву “Контрасты” Палаца творчасці дзяцей і моладзі.

І вось прагучаў свісток і пачалася гульня. Барацьба на полі была ўпартай. Асабліва рваліся “ў бой” самыя юныя футбалісты. Як вынік васьмігадовая спартсменка Анастасія Сайдак ужо на першых хвілінах матча адкрыла лік. Затым каманды яшчэ не раз абмяняліся галамі. Рэзультатыўным ударам у ніжні вугал вызначыўся і намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Валянцінавіч Садоўскі, які зрабіў лік на табло нічыйным -- 5:5. І ён не змяніўся да канца сустрэчы, а значыць – перамагло сяброўства!

На спартыўным свяце кожны жадаючы мог праявіць сябе ў прабіванні пенальці. Гэтай магчымасцю скарысталіся некалькі прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. Па выніках прабітых удараў “Міс шчучынскага футбола” была прызнана галоўны спецыяліст адзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Анастасія Уладзіміраўна Міхалоўская.

У памяць аб праведзеным матчы кожны ўдзельнік не толькі атрымаў камплект футбольнай формы, але і эксклюзіўны медаль. А на падораным асацыяцыяй “Беларуская федэрацыя футбола” мячы футбалісты пакінулі свае аўтографы.

-- Сёння я з задавальненнем выйшаў на поле, -- зазначае ветэран спорта Тадэвуш Іосіфавіч Фядзюк, які хутка адзначыць свой 80-гадовы юбілей. – Прыемна, што гэту ініцыятыву падтрымалі не толькі вопытныя футбалісты, але і моладзь. Значыць, у шчучынскага футбола ёсць будучыня!

У гэтым не сумняваецца і юная спартыўная зорка Анастасія Сайдак.

-- Я займаюся футболам ужо два гады і ўсё мацней люблю гэтую гульню! -- прызнаецца Анастасія. – У ёй спалучаюцца дух спаборніцтва, азарт і яскравыя эмоцыі, без якіх я не ўяўляю свайго жыцця!

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.