Яго лёс – дарога. Мечыслаў Іванавіч Стэльмашок удастоены звання “Ганаровы дарожнік Рэспублікі Беларусь”

Наш герой ведае самы кароткі шлях да любога населенага пункта Шчучыншчыны. А ўсё таму, што прымаў актыўны ўдзел у будаўніцтве ўсіх асфальтавых дарог у раёне. Гэта наш зямляк Мечыслаў Іванавіч Стэльмашок, які вось ужо 43 гады плённа працуе ў ДРБУ-161 і за свае высокія працоўныя дасягненні ўдастоены звання “Ганаровы дарожнік Рэспублікі Беларусь”. 
– Нарадзіўся я ў вёсцы Вялікае Сяло ў звычайнай сялянскай сям’і і не па чутках ведаю, што такое сапраўднае бездарожжа, – гаворыць Мечыслаў Іванавіч. – Разам з трыма маімі братамі мы кожны дзень хадзілі пяшком у школу ў вёску Касцянева. А гэта ні многа ні мала 3,5 кіламетра. Вясной дарога “раскісала” і станавілася амаль непраходнай. Летам выкарыстоўвалі веласіпеды, а вось зімой нас выратоўвалі лыжы.
Пасля заканчэння “васьмігодкі” Мечыслаў паступіў у Лідскі індустрыяльны тэхнікум на спецыяльнасць “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. Паралельна, каб мець сваю капейку, падпрацоўваў рознарабочым на мясцовым мясакамбінаце, выконваў падсобныя работы ў гарадскім кінатэатры.
– Вучоба мне давалася лёгка, таму ўсюды паспяваў, – зазначае наш суразмоўца. – Без перашкод асвоіў прафесію тэхніка-будаўніка. Пасля атрымання дыплома мяне размеркавалі ў Маладзечна, дзе працаваў інжынерам у аддзеле капітальнага будаўніцтва. Але надоўга там затрымацца не прыйшлося: хутка забралі ў армію ў інжынерныя войскі. Падчас службы я і прымяніў атрыманыя веды на практыцы: будучы майстрам, будаваў жыллё для ваеннаслужачых, узводзіў камандны пункт і ўзлётную паласу на аэрадроме ля гарадскога пасёлка Балбасава Віцебскай вобласці. Працаваць даводзілася ў дзве змены. На будоўлі валадарылі парадак і армейская дысцыпліна, патрабаванні да якасці былі самымі высокімі. У такіх умовах і фарміраваўся мой стыль кіравання.
Пасля дэмабілізацыі Мечыславу Іванавічу прапанавалі застацца ва Узброеных Сілах, і наш зямляк нават згадзіўся, але паехаў на пабыўку на малую радзіму і ўжо не змог вярнуцца.
– Уладкаваўся на працу інжынерам ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва, – дзеліцца М.І. Стэльмашок. – У той час у раёне ўзводзіўся новы комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы “Стараўшчына”, і мне даверылі весці на гэтым аб’екце тэхнагляд. Я заўсёды ўнікаў ва ўсе дробязі, таму “прападаў” на будоўлі амаль увесь дзень. 
Працавітасць і адказнасць маладога спецыяліста хутка заўважыла кіраўніцтва ўпраўлення капітальнага будаўніцтва, і Мечыславу Іванавічу прапанавалі пасаду галоўнага інжынера ў ДЭУ. 
– Мне была пастаўлена задача распрацаваць і пракласці дарожную сетку, каб забяспечыць доступ да ўсіх населеных пунктаў Шчучыншчыны, – успамінае наш герой. – Паколькі ўсе дарогі ў раёне былі гравійнымі, прадстаяла ўсюды пракласці цвёрдае пакрыццё. Яшчэ адной сур’ёзнай праблемай з’яўляліся драўляныя масты, якія часта абрушваліся падчас вясенніх крыгаходаў. Таму мы пачалі актыўна іх мяняць на жалезабетонныя – па 2-3 у год.
Дзякуючы сваёй дысцыплінаванасці і мэтанакіраванасці М.І. Стэльмашок хутка заваяваў павагу сярод калег. Не дзіва, што калі прыйшла пара, менавіта яму даверылі ўзначаліць дружны калектыў дарожнікаў. 
– Каб наша арганізацыя магла дынамічна развівацца, неабходна было ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу, – гаворыць Мечыслаў Іванавіч. – Таму мы распачалі будаўніцтва сваёй базы ля станцыі Ражанка: праклалі чыгуначную ветку, узвялі кацельную, бітумасховішча на 2 тысячы тон і асфальтабетонны завод, які здольны выпускаць 600 тон сумесі ў дзень. Вось тады асфальтаванне дарог пачалося з новай сілай. Пік гэтага працэсу прыйшоўся на 1982-1992 гады, калі пракладвалі да 70 кіламетраў новых дарог у год. Усяго намаганнямі нашага калектыву адрамантавана 760 кіламетраў дарог, і гэты працэс працягваецца і сёння. Штогод мы аднаўляем каля 27 кіламетраў дарожнага палатна. Зараз нашы работнікі прыводзяць у парадак дарогі ў напрамках Шайбакі-Карэвічы, ст. Ражанка-Заполле і Мураўёўка-Лядск. А хутка возьмемся за рамонт моста праз раку Нёман у аграгарадку Орля.
Сёння ДРБУ-161 абслугоўвае 825 кіламетраў дарог і робіць гэта якасна. У арганізацыі працуюць 94 работнікі, на ўзбраенні ў якіх сучасная энерганасычаная тэхніка. 
– Мы ніколі не застаемся ў баку і дапамагаем вырашаць праблемныя пытанні, нават калі тая ці іншая дарога не знаходзіцца на нашым балансе, – зазначае Мечыслаў Іванавіч. – Усё для таго, каб жыхары раёна маглі з камфортам трапіць у любы куточак раёна і заўсёды цёплымі словамі ўспаміналі дарожнікаў. Для нас гэта найвышэйшая ацэнка працы! 
Гледзячы на Мечыслава Іванавіча, дзіву даешся, колькі ў яго бадзёрасці і энергіі. Між іншым, сёння наш герой адзначае свой 65-гадовы юбілей. Упэўнены, у гэты дзень ён пачуе мноства цёплых слоў у свой адрас, якія, безумоўна, заслужыў сваёй добрасумленнай працай!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.


Поздравляем с наградой!
За многолетний добросовестный труд, значительный личный вклад в развитие дорожной инфраструктуры Почётной грамотой Щучинского районного исполнительного комитета награждён Стельмашок Мечислав Иванович, начальник дорожного ремонтно-строительного управления № 161 коммунального проектно-ремонтно-строительного унитарного предприятия “Гроднооблдорстрой”.