Давайце вучыцца ў продкаў

 

Рабіць на вякі, сваё шанаваць, ганарыцца ўнікальнай рукатворнай працай… Такія думкі міжволі праносіліся ў галаве, калі рэдакцыйная машына, едучы са Шчучына ў напрамку Жалудка, збочыла направа да вёскі Зенюкі. Бог мой, якая прыгожая брукаваная дарога разаслалася наперадзе! “Гасцінец” – трапна называюць такія шляхі людзі сталага веку.

 

 

Адна са старэйшых жыхарак Зенюкоў – 91-гадовая Марыя Міхайлаўна Смяцюх – кажа, што яшчэ за польскім часам майстры (каменьчык да каменьчыка – і ўсе на падбор!) старанна выкладвалі дарогу. І такія гасцінцы даўней вялі, лічы, у кожную вялікую вёску. З задавальненнем узгадвае Міхайлаўна, якой ажыўленай і заўсёды дабротнай была гэта пуцявіна ў яе маладосць. Вядома, болей не машыны ездзілі, а запрэжаныя коньмі фурманкі ды цягавітыя сялянскія вазы, імчалі, абганяючы вецер, ровары, а найчасцей людзі пешшу хадзілі – хто ў абіяках, ботах, а хто і басанож.

 

Калі ў вайну праз вясковую вуліцу ішлі нямецкія танкі, людзі столькі страху нацярпеліся! А брук вытрымаў.
– Напрыканцы нашай вёскі жыў беззямельны селянін Мар’янак. Ён заўсёды ўважліва сачыў за станам гэтай дарогі. Ледзь што зрушыцца з месца, адразу падправіць. Майстар быў на ўсе рукі, – распавядае Марыя Міхайлаўна.

 

На жаль, сёння няма такога Мар’янака. Гэты, бадай, адзіны ў раёне гасцінец захаваўся ў ідэальным стане толькі на працягу некалькіх соцень метраў перад вёскай. Праезная частка ў саміх Зенюках ужо значна пашкоджана сучаснай тэхнікай і, вядома, часам. Тым больш нам, сённяшнім, важна захаваць такую ўнікальную дарогу, што пакінулі ў спадчыну нашы продкі.

 

 

– Зенюкоўскі гасцінец можна смела аднесці да знакавых мясцін Шчучыншчыны. Ён можа стаць яшчэ адным турыстычным аб’ектам, – лічыць старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Генадзій Цывінскі.
Сапраўды, на шашы ля Жалудка яўна быў бы да месца адпаведны ўказальнік для цікаўных турыстаў з інфармацыяй, што ёсць шанц убачыць і пракаціцца па каменнай дарозе, зробленай па старадаўняй тэхналогіі нашых продкаў. Яшчэ больш важна ўтрымліваць гэту спадчыну ў належным стане і ўжо ніяк не пахаваць пад тоўшчай асфальту, як гэта было зроблена ў іншых вёсках.

 

 Сёння мы часцяком адпраўляемся на пошукі страчанага, але ж куды мудрэй проста не страчваць. У тым ліку і гэты гасцінец, кожны адшліфаваны часам каменьчык якога, бы святочны пранік.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!