Свой шлях знайшоў сярод людзей сваіх

Фёдар Мікалаевіч Копць любіць няспешна прайсціся па вуліцах Астрыны. Пры сустрэчы з ім прыязна вітаюцца і старэйшыя людзі, і моладзь. Многія жыхары пасёлка ведаюць, што гэты чалавек у свой час унёс важкі ўклад у развіццё мясцовай калектыўнай гаспадаркі, разам з землякамі-рупліўцамі ставіў рэкорды на калгасных палях і фермах.

 

Дзяцінства, апаленае вайной

 

Фёдар Мікалаевіч Копць яшчэ і равеснік нашага раёна. Нарадзіўся ён 8 студзеня 1940 года ў вёсцы Пелеўцы, што недалёка ад Астрыны. Акурат перад самай вайной яго бацьку забралі на армейскія зборы. Ні жонка, ні пяцёра дзяцей больш свайго кармільца так і не ўбачылі: іх салдат склаў галаву ў 41-ым. Так і жылі, спадзеючыся толькі на сябе. А пра вайну ў памяці хлопчыка засталіся два эпізоды. Як у 44-ым па васілішкаўскай дарозе наступала Чырвоная Армія, а па вільнюскай шашы адступалі немцы, а іх Пелеўцы аказаліся на лініі абстрэлу: некалькі хат згарэлі, а ён, малы, тады моцна плакаў. А другі момант – як бамбілі Астрыну...

 

“На першую зарплату купіў веласіпед”

 

 Калгасныя будні для хлопца пачаліся ў 1955 годзе: быў паляводам, потым конюхам, рэзаў гонту на дах для кароўніка… Не лайдачыў. Калі за год вырабіў 370 працаднёў, у раённай газеце “Ленінскі шлях” з’явілася заметка аб ім пад загалоўкам “Лепшы працаўнік калгаса”.

 

У жніўні 1960-га Фёдара Копця прызвалі ў армію. Праслужыў больш за тры гады. Прызнаецца, заставацца ў калгасе намеру не меў. Але тагачасны старшыня Фёдар Рыгоравіч Ляшкевіч не хацеў страчваць добрага работніка, адну, другую запіску перадаў – прасіў зайсці. Фёдар яму як на духу: “Бацькі няма, хачу крыху грошай зарабіць”. Ён і прапанаваў пайсці памочнікам брыгадзіра. “Атрымаў я тады першы заробак – 45 рублёў і купіў сабе веласіпед, каб на работу ездзіць”, – усміхаецца ветэран працы.

 

Яго ўчастак

 

Але ў памочніках брыгадзіра малады чалавек хадзіў толькі год.
Заўважыўшы ў Фёдара Копця кіраўніцкія задаткі, прызначылі яго загадчыкам вытворчага ўчастка. Расказвае, напачатку давялося арганізоўваць працу і на палетках, і на фермах. Балазе, рабочых рук у вёсках хапала. “У адных Пелеўцах летам 20 касцоў выходзіла і 40 жанчын з граблямі”, – успамінае Фёдар Мікалаевіч і дастае з шуфляды старыя фотаздымкі. На адным з іх – зімовы дзень, даяркі і ён сам. Усе заняты справай – віламі напаўняюць мяшкі сіласам. На другім ён ужо сярод паляводаў, якія дзеля “фотасесіі” прыпынілі праполку буракоў… Гэта пазней ужо механізацыя замяніла ручную працу.

 

 Дарэчы, загадваў Ф.М. Копць участкам, які ўсё дабаўляў па плошчы, ажно 25 год. І сёння добрым словам успамінае людзей, адданых роднай зямлі і вялікіх рупліўцаў, якія сваёй працай памнажалі агульныя здабыткі. Дзякуючы ім участак “Астрына” калгаса “Савецкая Беларусь” не раз станавіўся пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва ў гаспадарцы, а пераходны чырвоны сцяг не выпускаў “з рук” тры гады запар. За гэта меў пашану і сам загадчык: у скарбонцы ўзнагарод Копця – ордэн Працоўнай славы III ступені, атрыманы ў 1975 годзе, юбілейны медаль, стос ганаровых грамат і падзяк, знакі “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”.

 

– Як толькі прыйшоў брыгадзірам, ураджайнасць збожжавых складала 8 цэнтнераў з гектара, а хутка давялі яе да 16-ці. Калі на сходзе аб’явіў гэтыя лічбы, то ў зале доўга апладзіравалі стоячы, – расказвае Ф.М. Копць. – А калі ў 1989-ым пакідаў пасаду загадчыка ўчастка, ураджайнасць даходзіла да 42 цэнтнераў. Бульбы накопвалі і па 370, а буракоў – па 480 цэнтнераў з гектара.

 

Як ставіліся людзі да свайго загадчыка, сведчыць такі факт. Напрыканцы 80-х з-за праблем са здароўем Ф.М. Копць папрасіўся на лягчэйшую работу. А паляводы не ведалі, што ён хоча сысці па ўласным жаданні, і тут жа “арганізавалі” зварот, каб іх загадчыка не звальнялі. Тры разы сход праводзілі – не адпускалі. А потым старшыня калгаса М.І. Юрэвіч і кажа: “Прасіся ты ў іх сам!”. Ці ж адстойвалі б так, каб быў дрэнны? “Смела па пасёлку хаджу: ніхто не папракне, што пакрыўдзіў некалі, – кажа субяседнік. – І былыя работнікі памятаюць, і цяперашні кіраўнік гаспадаркі Віктар Генрыхавіч Паўлюкевіч заўжды з павагай да мяне. Летась на юбілей “АграГЖС” запрасілі, падзяку і падарунак уручылі “.

 

Дарагая сэрцу рэліквія

 

Між іншым, той сыход з пасады загадчыка ўчастка быў непрацяглы. Праз два тыдні Ф.М. Копць прыняў ферму “Шчанец” (па адукацыі ён заатэхнік. – Заўв. аўтара). І хутка вывеў у лідары. “Атрымаўшы пераходны сцяг, мы не аддалі яго нікому – тры гады трымалі першынство!” – ганарыцца ветэран працы. І нечакана здзіўляе, разгарнуўшы яркае палотнішча – той самы сцяг. У пачатку дзевяностых гэта быў сімвал высокіх дасягненняў калектыву фермы і прадмет яго гонару, таму Фёдар Мікалаевіч палічыў неабходным захаваць рэліквію, калі ў 1994-ым пакідаў гэту работу.
Дарэчы, нават будучы на пенсіі, ён яшчэ пэўны час працаваў на ферме “Алішкаўцы”: няпроста было развітацца з любімай справай.

 

Юбілейны настрой

 

Зусім нядаўна, 8 студзеня, Ф.М. Копцю споўнілася 80 год. Ветэран працы быў вельмі расчулены ўвагай, якую праявілі да яго землякі. Ён атрымаў паштоўку з пажаданнямі ад адміністрацыі ААТ “АграГЖС”, пачуў добрыя словы ад былога галоўнага ветурача, старшыні ветэранскай “пярвічкі” Феліцыі Вайцехаўны Васілевіч, сваіх суседзяў Ніны Уладзіміраўны Мілінкевіч, Зінаіды Іванаўны Чахоўскай і Івана Антонавіча Петрушэвіча, іншых землякоў. “Вялікі ўсім дзякуй!” – кажа юбіляр.

 

А першай, вядома ж, павіншавала жонка Ядвіга Міхайлаўна, якая, па словах мужа, некалі прыехала сама да яго ў вёску. Аказваецца, яе – ураджэнку Ляхавіцкага раёна, пасля заканчэння кінатэхнікума ў г. Савецку накіравалі на працу ў Астрыну ў вучылішча кінамеханікаў. Аднойчы дзяўчына з калегамі ладзілі канцэрт у Пелеўцах, а Фёдару давялося даставіць іх сюды і назад адвезці. “Так і пазнаёміліся. І ўжо 46 год разам”, – кажа гаспадар дома. Жывуць Копці дружна, радуюцца са сваіх сыноў. Святаслаў і Уладзімір скончылі ВНУ, маюць добрую работу. У таго ж Валодзі ажно два “чырвоныя” дыпломы! Дзеці і ўнукі таксама цёпла павіншавалі бацьку з 80-годдзем, а ўнучка-гімназістка з гэтай нагоды напісала прыгожую карціну, для якой у кватэры адвядуць самае лепшае месца.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!