Барташы: погляд у мінулае. Пра каштоўную спадчыну, брыльянтавае вяселле і вершы без запінкі
У кожнай вялікай ці маленькай вёсачкі абавязкова ёсць свая гісторыя. У адной яна насычана цікавымі падзеямі, у другой – нічым адметным не вызначаецца. Але ведаць яе, напэўна, важна кожнаму, хто там нарадзіўся.
Як аказалася, гісторыя вёскі Барташы Шчучынскага сельсавета, куды мы накіраваліся са старшынёй Шчучынскага сельвыканкама Станіславам Возным, ой якая багатая. Праз многія выпрабаванні ў розныя часы прыйшлося прайсці яе жыхарам. І, магчыма, усе тыя важныя падзеі, якія адбываліся ў яе лёсе, так і канулі б у лету, каб не яе неабыякавыя жыхары, якія прыклалі шмат намаганняў, каб па крупінках сабраць летапіс Барташоў. Адзін з іх – Іосіф Антановіч, якога, на жаль, ужо няма на гэтым свеце, але ўсе тыя факты, што яму ўдалося ў свой час знайсці, ён перадаў сваім дочкам, якія часта бываюць на бацькоўскай сядзібе і даглядаюць родны дом.
Каштоўная спадчына
– Наш тата ўсё сваё жыццё працаваў настаўнікам у Барташоўскай школе, выкладаў нямецкую мову, – расказвае дачка Іосіфа Іванавіча Ірына Паўлава, якая жыве ў Шчучыне. – Ён заўсёды цікавіўся гісторыяй сваёй малой радзімы, таму стараўся даведацца пра яе як мага больш: запісваў успаміны аднавяскоўцаў, у тым ліку і свайго бацькі Яна Антановіча, лёс якога быў вельмі няпросты, як і той час, у які яму давялося жыць. Заўсёды скрупулёзна вывучаў усе дакументы, якія трапілі ў яго поле зроку. Так і пісалася гісторыя Барташоў – старонка за старонкай.
Вядома, напрыклад, што падчас вайны са шведамі нашы Барташы і касцёл, які стаяў на могілках, былі цалкам спалены. Сведчаць пра гэта два званы: адзін, вялікі, людзі закапалі падчас Першай сусветнай вайны ў пясках за вёскай, а другі знаходзіўся на званіцы каля могілак. Калі прыйшлі немцы, яго схавалі ў грабніцы, дзе ён і захоўваецца да гэтага часу.
Цікава, што пасля адмены прыгоннага права ў нашай вёсцы пражывала 11 заможных гаспадароў, якім было выдзелена па 24 гектары зямлі. Як расказваў наш дзед, паўстанне 60-х гадоў ХІХ стагоддзя ахапіла і нашы Барташы. У той час дзейнічала ў вёсцы карчма. Аднойчы паўстанцы зайшлі туды перакусіць. Каб не быць арыштаванымі, ім прыйшлося схавацца ў “піўніцах”. Па расказах старажылаў, былі тады ў Барташах піўныя магазіны з вялікімі падваламі, рэшткі якіх нават сёння можна яшчэ знайсці.
Падчас Першай сусветнай вайны акурат у раёне Барташоў два тыдні знаходзіўся фронт. Уся вёска была спаленая. А затым пачалася эпідэмія халеры. Гэта хвароба літаральна за тыдзень забрала жыцці нашых прапрадзеда і прапрабабкі.
З першых жа дзён савецкай улады ў Барташах была адкрыта школа: спачатку пачатковая, затым сямігодка, а з цягам часу і сярэдняя.
Акупацыя ў гады Вялікай Айчыннай пачалася на чацвёрты дзень вайны. Вяскоўцы вымушаны былі працаваць на немцаў, нарыхтоўвалі ім драўніну. Фашысты пад прымусам вывозілі нашых людзей у Германію. І ў саракавыя ваенныя гады ў раёне Барташоў пралягаў фронт.
Тата вельмі любіў сваю малую радзіму, таму хацеў, каб і яго нашчадкі ведалі гісторыю роднай вёскі. Няхай гэтыя звесткі дзесьці сабраны не цалкам, але асобныя важныя моманты ўсё ж не адыдуць у небыццё.
У згодзе – да брыльянтавага вяселля
Адна са старэйшых жыхарак вёскі Барташы Люцыя Сцяпанаўна Сяргей нарадзілася напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны – ў 1939 годзе.
– У той час і вёска вялікай была, і хутароў многа стаяла, – расказвае Люцыя Сцяпанаўна. – У маіх бацькоў было восем дзяцей: шэсць дзяўчат і два хлопцы. Скончыла я толькі шэсць класаў Барташоўскай школы, а з 15 гадоў мы з дзяўчатамі-аднагодкамі ўжо да жняяркі хадзілі. За ўсё жыццё ў мясцовай гаспадарцы і ў паляводстве працавала, і на ферме, і свінаркаю, і даяркаю. І хоць цяжка пасля вайны жыць было, маладосць сваю да гэтай пары ўспамінаю. Тады ў кожнай хаце не менш чым па пяць дзяўчат жылі. Як збяромся на танцы – вось весяло! Танцавалі толькі босымі: туфлі шанавалі, каб не парваць. А то як закруціць полька-амбэрка, у момант без абутку застанешся. А музыканты вясковыя ой як гралі!
Вяселле з мясцовым хлопцам Станіславам акурат на Каляды спраўлялі.
– Сёлета ўжо 60 гадкоў будзе, як мы разам жывём, – гаворыць Люцыя Сцяпанаўна. – Двух сыноў выгадавалі, унука і ўнучку маем і дзвюх праўнучак. Трэці гадок ужо ідзе, як аднаго сына не стала – страшнае гора мы перажылі. Муж таксама ўсё жыццё ў гаспадарцы працаваў – шафёрам, трактарыстам, камбайнерам. Нічога не скажу, добра жылі. Мой Станіслаў – чалавек працавіты. Дом свой самі пабудавалі. Гаспадарку трымалі не малую, па дзве кароўкі заўсёды было. Цяпер ужо і гады, і здароўе не тыя. Ведаеце, з вышыні свайго ўзросту і сямейнага вопыту дзіўлюся з сённяшняй моладзі. Не цэняць яны сямейныя адносіны, крыху пасварыліся – і разыходзяцца. Трэба ўмець прамаўчаць, дараваць, уступіць адзін аднаму, старацца зберагчы сваю сям’ю. Можна багацей ці бядней жыць, але толькі дружна.
Сядзіба Люцыі Сцяпанаўны і Станіслава Людвікавіча акуратная і дагледжаная. Падтрымліваць парадак дапамагае сын. А гаспадыня вельмі любіць кветкі. Гэта яе захапленне раздзяляе і ўнучка, якая разам з бабуляй упрыгожвае дом.
І ў 90 – вершы без запінкі!
А вось чым здзівіла самая старэйшая жыхарка Барташоў Генавэфа Людвікаўна Герасімчык, якая сёлета адзначыць 93-ці дзень нараджэння, ніколі не здагадаецеся. Бабуля без запінкі прадэкламавала два вершы на польскай мове, якія яна вывучыла яшчэ ў школе! Нават у такім паважаным узросце памяць яе не падводзіць. Таму і вайну яна помніць да гэтай пары. Помніць, як ішлі баі на тэрыторыі паміж Зарэччам і Барташамі, як вяскоўцы хавалі ад фашыстаў сваю жывёлу ў лесе, як мама даіла карову, а малако аддавала партызанам, як для іх жа ткала прасціны, як пяклі хлеб…
Генавэфа Людвікаўна нарадзілася ў суседняй з Барташамі Пятрэлеўшчыне. Сям’я таксама была мнагадзетная – паднімаць і выводзіць у людзі бацькам трэба было шасцярых дзяцей. У Пятрэлеўшчыне і два класы школы скончыла, а потым вучыцца сястра дапамагала. Толькі цяпер ужо няма на карце той вёскі.
– Замуж за барташоўскага хлопца пайшла, – расказвае Генавэфа Людвікаўна. – Яго бацькі свайго роду першаадкрывальнікамі былі: самымі першымі пасяліліся ў новым канцы вёскі. За імі і ншыя там будавацца пачалі.
Дзве дачкі Генавэфы Людвікаўны далёка свайго шчасця шукаць не сталі: Галіна жыве ў доме насупраць, а Марына – у Васілішках. У бабулі пяць унукаў і чатыры праўнукі.
– Мае бацькі надта добра адзін да аднаго адносіліся, – успамінае Генавэфа Людвікаўна. – Для мяне яны заўсёды былі прыкладам. І мы з мужам добрае жыццё пражылі.
– Мама была адмысловай швачкай, – расказвае Галіна. – Атрымала некалькі ўрокаў па шыцці ў жанчыны ў Шчучыне і стала сапраўдным майстрам. Нават кажухі сама шыла. Некаторы час працавала ў мясцовай арцелі.
…Вось з такой гісторыяй вёскі Барташы і лёсамі яе жыхароў нам пашчасціла пазнаёміцца. Цікавыя факты захаваліся дзякуючы неабыякавым людзям. Цяпер пісаць гісторыю сваёй вёскі павінна новае пакаленне.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара і Наталлі КАХНОВІЧ.