“Па жыцці я непаседа!” Стараста вёскі Багданаўцы і дэпутат з 40-гадовым вопытам работы ў органах самакіравання Валянціна Танкевіч расказала пра сваю грамадзянскую пазіцыю

 

Жыхарам Багданаўцаў проста пашанцавала, што ў іх ёсць такі баявіты лідар, дарэчы, стараста вёскі і дэпутат мясцовага Савета ў адной асобе. “Наша Церашкова,” – вобразна называюць сяляне Валянціну Танкевіч.

 

Ды не столькі за імя, як за ўважлівасць і клопат пра кожнага чалавека, бо менавіта дзякуючы яшчэ і гэтым вартасцям калісь заваявала свой высокі аўтарытэт сярод простых людзей знакамітая савецкая касманаўтка і грамадскі дзеяч Валянціна Церашкова. Вось і яе “цёзцы” з вёскі Багданаўцы таксама не адмовіш ва ўменні мысліць глабальна, а дзейнічаць лакальна.

 

Валянціна Танкевіч заўжды там, дзе яна найбольш патрэбна: працягне сваю ўпэўненую руку дапамогі пажылому чалавеку, зробіць усё магчымае, каб аднавіць згублены земляком пашпарт або сабраць пакет дакументаў на афармленне пенсіі былому жыхару Расіі, што неўзабаве вярнуўся на Бацькаўшчыну, падтрымае маральна таго, хто апынуўся ў адчайным становішчы. Гэта жанчына і параіць, і падкажа, і падзеліцца апошнім, замовіць слова перад адказнымі асобамі, каб уладкаваць на работу маючага ў гэтым вострую патрэбу...

 

Сама ж Валянціна Канстанцінаўна большую частку жыцця прысвяціла педагагічнай працы, заўжды актыўна займалася грамадскай работай, як старшыня прафсаюзнага камітэта арганізоўвала школьнае харчаванне для сельскіх дзетак, вырашала мноства іншых задач. А яшчэ яна нязменны дэпутат на працягу амаль чатырох дзесяцігоддзяў! Нездарма людзі аказваюць высокі давер: эфектыўна працуе В.К. Танкевіч.

 

– Па жыцці я непаседа, – смяецца Валянціна Канстанцінаўна. – Ніколі не расстаюся з двухколым сябрам – веласіпедам і за дзень толькі на ровары намотваю не меней дзясятка кіламетраў. Часта наведваюся да людзей, цікаўлюся іх жыццём-быццём, тым, што хвалюе іх. Дый дзверы майго дома заўжды адкрыты, як і маё сэрца…

 

Да меркаванняў Валянціны Канстанцінаўны, трэба сказаць, прыслухоўваюцца на ўсіх узроўнях. Напрыклад, менавіта дэпутат дабілася, каб аптэка ў Жалудку працавала ў нядзелю, бо, наведаўшы храм, вяскоўцы павінны мець магчымасць набыць патрэбныя лекі. Як потым паказала жыццё, колькасць наведвальнікаў аптэкі ў нядзелю – самая высокая.

 

Адметна і тое, што на працягу ўжо 14 год Валянціна Канстанцінаўна працуе сацыяльным работнікам і, бадай, на сённяшні дзень з’яўляецца самым старэйшым супрацоўнікам ТЦСАН. Аднак узрост не перашкода для якаснай работы.

 

– Не магу сядзець склаўшы рукі, а місія ў сацыяльнай службы надзвычай высакародная, – лічыць жанчына. – Я ж даглядзела многіх сваіх старэйшых калег-педагогаў, дапамагаю людзям сталага веку і зараз. Бачу ў адказ толькі паважлівыя і ўдзячныя адносіны, а гэта дарагога каштуе.

 

Валянціна Канстанцінаўна пастаянна цікавіцца палітычным жыццём, даносіць сваю цвёрдую грамадзянскую пазіцыю да аднасяльчан. Усхвалявана расказвае яна, чаму недапушчальна адраджэнне нацызму, расказвае, як пацярпеў іх род Шулянковых падчас вайны: загінулі ў фашысцкіх канцлагерах дзядуля і дзядзя, маму з яе сястрой немцы вывезлі ў працоўнае рабства, так і не дачакалася з Германіі сваіх дачок бабуля Акуліна. Пасля Перамогі вярнуліся, хто выжыў, на Смаленшчыну, а там замест роднага Ярцава – адны руіны…

 

– Каб не памерці з голаду, мама прыехала ў Беларусь, тут Шулянковы зноўку пусцілі свае карані. Тата наш – беларус, з Віцебшчыны, але у мяне – руская душа, я вельмі люблю рускую культуру, дужа перажываю за лёс Расіі, усім сэрцам жадаю міру нашым саюзным дзяржавам, увогуле ўсёй планеце, – эмацыянальна і шчыра разважае жанчына. – Так склаўся лёс, што мая старэйшая сястра Галіна выйшла замуж за казахскага немца Ёгана, у 90-х яны пераехалі ў Заходнюю Германію. Не раз была я там у гасцях, але жыць у чужой краіне дакладна не змагла б. Нават бярозы і тыя ў нас больш беластволыя, людзі больш адкрытыя, душэўныя. Пра тое кажу сваім дзецям і ўнукам. Ганаруся, што ўсе ў маёй сям’і сапраўдныя патрыёты.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!