Больш за 50 вучняў трох гарадскіх школ і гімназіі паспяхова прайшлі прафарыентацыю на заводзе “Праймілк”

На заключным занятку рабяты маглі паспрабаваць сябе ў ролі інжынера ці тэхнолага і падрабязна вывучыць усе тэхнічныя тонкасці вытворчага працэсу глыбокай перапрацоўкі сыроваткі. 
Разам са спецыялістам па маркетынгу Анастасіяй Сяргееўнай Адашчык падлеткі распрацавалі канцэпцыю новага тавару: стварылі яго мадэль, прыдумалі фармат упакоўкі і назву, падрыхтавалі апісанне мэтавай аўдыторыі і праграму паспяховага прасоўвання і рэалізацыі будучай прадукцыі.
Спецыяліст аддзела продажу Кацярына Уладзіславаўна Кудашова пазнаёміла рабят са сваёй прафесіяй. Разам яны вызначылі, якім павінен быць ідэальны “сейлз”, пазнаёміліся з вядзеннем дакументацыі, разгледзелі асноўныя прафесійныя патрабаванні і ключавыя навыкі, развіўшы якія можна паспяхова рэалізаваць сябе ў якасці спецыяліста па продажы.
Самыя смелыя працавалі ў хімічнай і мікрабіялагічнай лабараторыях прадпрыемства, дзе пад кіраўніцтвам спецыялістаў кампаніі “Праймілк“ пры дапамозе сучаснага абсталявання адбіралі пробы і праводзілі эксперыменты. Затым рабятам было прапанавана самастойна зварыць мяккі сыр, адсочваючы яго якасць на ўсіх этапах вытворчасці. І яны выдатна справіліся з пастаўленай задачай! У правільнасці рэцэптуры ўсе пераканаліся падчас арганізаванай дэгустацыі.
Па заканчэнні апошняга занятку прафарыентацыі ўсе яго ўдзельнікі атрымалі спецыяльныя сертыфікаты і памятныя падарункі ад кампаніі “Праймілк”.
– Спадзяюся, што гэта не апошняя наша сустрэча! - звярнулася да старшакласнікаў намеснік дырэктара па якасці Наталля Аляксандраўна Куц. - Калі вы пажадаеце прайсці больш паглыбленае навучанне на прадпрыемстве – мы толькі “за“! Магчыма, гэта дапаможа вам вызначыцца з выбарам прафесіі, і ў будучым некаторыя з вас папоўняць наш працоўны калектыў. Ад гэтага выйграюць усе!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!