На тэрыторыі раёна з’явяцца дзве новыя АЗС

Аўтазаправачныя станцыі будуць пабудаваны на 218 кіламетры аўтадарогі М-6/Е28 Мінск-Гродна-граніца Рэспублікі Польшча (Брузгі). Для дакладнай арыентацыі – размесцяцца яны каля вёскі Дубраўляны, па абодва бакі ад трасы. 
Заказчыкам выступае даччынае ўнітарнае прадпрыемства па забеспячэнні нафтапрадуктамі “Беларусьнафта – Гроднааблнафтапрадукт”.
– Плануецца, што аб’ект будзе здадзены ў эксплуатацыю ў наступным годзе, – паведаміў намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Ян Браніслававіч Майсей. – Ужо распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на ўзвядзенне АЗС, якая размесціцца справа, калі ехаць у накірунку на Гродна. Што датычыць яе суседкі, то цяпер вырашаюцца пытанні афармлення зямельнага ўчастка.
 Мяркуецца, новыя АЗС будуць запатрабаваны найперш у вадзіцеляў аўтамабіляў вялікай грузаўмяшчальнасці, якія днём і ноччу імчаць па ажыўленай магістралі. Не праедуць міма і кіроўцы легкавушак, іншых транспартных сродкаў.
– Аб’ект будзе ўвязаны з існуючай транспартнай і інжынернай інфраструктурай, – дапоўніла начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Марына Міхайлаўна Рудая. – Падчас будаўніцтва належыць таксама максімальна захаваць і выкарыстаць пры добраўпарадкаванні зялёныя насаджэнні, якія знаходзяцца на зямельным участку. Калі меркаваць па выглядзе ўжо існуючых аўтазаправак “Беларусьнафты”, то, несумненна, і новыя арганічна ўпішуцца ў мясцовыя краявіды.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!