Аўтамыйка адна, а функцый чатыры
Сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю “БелІнтэгралСэрвіс” адчыніла ў Шчучыне па вуліцы Пралетарскай бескантактавую аўтамыйку самаабслугоўвання, аналагаў якой у нашым раёне няма. Днём памыць свае машыны сюды прыязджаюць каля 100 вадзіцеляў. Не спыняецца гэты працэс і ноччу: аўтамыйка працуе кругласутачна.
– У чатырох спецыяльных боксах усталявана сучаснае нямецкае абсталяванне фірмы “Ehrle”, – гаворыць адміністратар Вацлаў Іванавіч Забродскі. – Мыйка праходзіць у чатыры этапы: спачатку на аўтамабіль наносяць мікрапарашок, затым апаласкваюць, лакафарбавае пакрыццё апрацоўваюць гарачым воскам, пасля чаго прыдаюць яму бліскучасць пры дапамозе дэмініралізаванай вады. І ўсё гэта за лічаныя хвіліны! Пасля машыны не трэба выціраць – яны абсыхаюць на вачах.
Заплаціць за паслугі аўтамыйкі можна на месцы пры дапамозе спецыяльнага электроннага тэрмінала, які прымае манеты наміналам 50 капеек, а таксама 1 і 2 рублі. Дарэчы, да 1 сакавіка тут дзейнічае 35% зніжка: такім чынам амаль дзве хвіліны карыстання мыйкай каштуюць усяго адзін рубель. Пры неабходнасці гэты тэрмін можна працягнуць за дадатковую плату.
– Я першы раз скарыстаўся паслугамі бескантактавай аўтамыйкі самаабслугоўвання па вуліцы Пралетарскай у Шчучыне і застаўся вельмі задаволены, – прызнаецца ўладальнік серабрыстай “BMW” Андрэй Пятровіч Калеснікаў. – Цяпер мая машына блішчыць як новая. І ўсё гэта хутка і без чэргаў. Абавязкова прыеду сюды яшчэ!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.