Атрад “Азімыя” завітаў у раён. Удзельнікі рэспубліканскага патрыятычнага працоўнага праекта “Зімовы маршрут” наведалі Шчучынскі раён

 

На гэтым тыдні Шчучынскі раён прымае ўдзельнікаў рэспубліканскага патрыятычнага працоўнага праекта “Зімовы маршрут”. Прадстаўнікі студэнцкага атрада “Азімыя” ўжо наведалі Астрынскую сярэднюю школу імя А.С. Пашкевіч (Цёткі).

 

Праект “Зімовы маршрут” існуе ўжо трэці год і па традыцыі за яго правядзенне ў нашай вобласці адказвае студэнцкі атрад “Азімыя”, які быў сфармаваны на базе Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. У яго складзе больш за 20 студэнтаў, у тым ліку прадстаўнікі іншых ВНУ Гродзеншчыны. Падчас праходжання “Зімовага маршруту” студэнцкія атрады праводзяць прафарыентацыйную работу ў школах, аказваюць адрасную дапамогу пажылым людзям, арганізоўваюць майстар-класы для вучняў, дапамагаюць добраўпарадкаваць помнікі і абеліскі. Арганізатарам праекта выступае Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і мясцовых органаў улады.

 

 

Першым пунктам “Зімовага маршруту” ў Шчучынскім раёне стала вёска Зінякі. Байцы студатрада наведалі жалобны мітынг, усклалі кветкі ля мемарыяла і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць жыхароў вёскі, якая 79 гадоў таму была спалена нацысцкімі карнікамі.

 

Далей мерапрыемствы “Зімовага маршруту” перамясціліся ў Астрынскую сярэднюю школу. Падчас урачыстай лінейкі вучні віталі гасцей і знаёміліся са сваімі новымі настаўнікамі. Так, за кожным класам былі замацаваны байцы студатрада, якія і праводзілі заняткі.

 

Пад кожную ўзроставую катэгорыю школьнікаў “Азімыя” падбіралі цікавую і насычаную праграму. З вучнямі пачатковых класаў была праведзена гульня “Мая Беларусь”, падчас якой дзеткі рабілі малюнкі памятных месцаў нашай Радзімы. Таксама для малодшых школьнікаў арганізавалі майстар-класы па народна-прыкладным мастацтве: яны рабілі цацкі з каляровай паперы разам са сваімі новымі сябрамі-студэнтамі.
Для вучняў сярэдніх класаў студатрадаўцы падрыхтавалі інтэрактыўны ўрок “Хімія навокал”, на якім дзяцей чакалі цікавыя хімічныя эксперыменты. Падчас інтэрактыву “АЭС на далоні” байцы ў лёгкай гульнявой форме тлумачылі эфектыўнасць і экалагічнасць атамнай энергетыкі.

 

З вучнямі старэйшых класаў і выпускнікамі “Азімыя” правялі прафарыентацыйную работу, расказалі ім цікавыя гісторыі са студэнцкага жыцця, пазнаёмілі з дзейнасцю беларускіх студатрадаў.

 

Дарэчы, астрынскія школьнікі ў даўгу не засталіся і правялі для гасцей экскурсію па Народным музеі Цёткі. Разам з загадчыцай музея Алай Балобан яны расказалі гасцям пра асноўныя этапы біяграфіі Алаізы Пашкевіч і пазнаёмілі іх з унікальнымі экспанатамі. Студэнты засталіся ў задавальненні ад экскурсіі, пра што пакінулі адпаведны запіс у кнізе ганаровых гасцей.

 

 

Завяршаючым мерапрыемствам “Зімовага маршруту” ў Астрыне стаў канцэрт, які па матывах казкі “Снежная каралева” арганізавалі студатрадаўцы для вучняў і настаўнікаў. Так – з вясёлымі песнямі, цікавым сюжэтам і актыўнымі танцамі – “Азімыя” і развіталіся з астрынчанамі.

 

На тэрыторыі Шчучынскага раёна “Азімыя” прабудуць да 26 студзеня і наведаюць шмат месцаў, сярод іх Жалудоцкая і Ражанкаўская сярэднія школы. Далей студэнты працягнуць падарожжа “Зімовым маршрутам” па вобласці і завітаюць у Мастоўскі і Ваўкавыскі раёны.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!