Агародзішча: 80 год пасля трагедыі. Сёння прайшоў жалобны мітынг на месцы спаленай фашыстамі вёскі, якой больш не існуе на карце краіны

 

Хто ж не ведае на Шчучыншчыне пра гэту жудасную драму, калі падчас Вялікай Айчыннай вайны фашысты спалілі вёску Агародзішча і бязлітасна пазбавілі жыцця 147 мірных жыхароў? Дзень 26 лютага 1943 года быў сапраўды лютым. Раніцай каля 500 фашысцкіх карнікаў акружылі лясную вёсачку, прыкладамі і штыкамі загналі ўсіх у дом Мацвея Саковіча. Мужчын вывелі капаць вялікую яму, да якой па 10 чалавек прыводзілі вяскоўцаў і бязлітасна  расстрэльвалі з аўтаматаў. Кулі даганялі і тых, хто спрабаваў уцячы. Для вернасці ў яму кінулі некалькі гранат. Пасля расправы няхітры пажытак сялян пагрузілі на вазы, а вёску спалілі. Сёння тут абеліск з чырвонай зоркай ды магілы з крыжамі.

 

 

 80 гадоў мінула з тае пары. Але Беларусь не забывае. Сёння на жалобнае мерапрыемства з усіх куточкаў Гродзеншчыны прыехалі ў вёску, якой не існуе на карце, землякі і сваякі загінулых, кіраўніцтва Шчучынскага раёна ў асобах старшыні райвыканкама Аляксея Садоўскага і старшыні раённага Савета дэпутатаў Ганны Хвядзюк, вайскоўцы-пагранічнікі, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, ветэраны і моладзь.

 

Пад самотныя гукі ваеннага аркестра Гродзенскай пагранічнай групы шэрагі ўдзельнікаў мерапрыемства з кветкамі і вянкамі прайшлі па лясной дарозе, якая, пэўна, калісьці служыла гасцінцам. Абапал стаялі кардонныя хацінкі ў жалобных стужках з вершаванымі радкамі, нібы нямым голасам тых колішніх жыхароў Агародзішча. Вучні Першамайскай школы трымалі ў руках запаленыя лампадкі і пунсовыя гваздзікі.

 

 

Ля сціплага абеліска вядучыя Алег Гудач і Аліна Гудач распавялі аб падзеях 80-гадовай даўнасці, а школьнікі і мясцовыя работнікі культуры сілай мастацкіх вобразаў акунулі ў страшную рэальнасць таго далёкага дня.

 

-- Боль Хатыні блізкая і зразумелая для жыхароў Шчучыншчыны. Два населеныя пункты нашага раёна – Зінякі і Агародзішча сталі сёстрамі Хатыні і соцень іншых спаленых фашыстамі вёсак, -- адзначыла ў сваёй прамове старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк. – У ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва Беларусі адкрываюцца ўсё новыя і новыя факты. Так, на тэрыторыі Шчучынскага раёна ўстаноўлена яшчэ адна вёска, спаленая нямецка-фашысцкімі захопнікамі падчас ваенна-паветранай аперацыі – вёска Сарокі Орлеўскага сельсавета. Усяго падчас вайны ў Беларусі было спалена больш за 10500 населеных пунктаў. На гэтым шматпакутным кавалачку зямлі пад назвай Агародзішча мы схіляем свае галовы перад памяццю загінуўшых тут людзей. Наша задача – зрабіць усё дзеля захавання міру ва імя будучых пакаленняў…

 

 

Дзень памяці ў Агародзішчы стаў і днём агульнай малітвы. Настаяцель Першамайскай царквы айцец Аляксандр асвяціў месца апошняга спачыну гаротнікаў. Хвіліна маўчання. А потым, як гімн жыццю выступленне чалавека, якому было нягледзячы ні на што наканавана з’явіцца на свет. Васілій Сяргейчык разам з дачкой Таццянай прыехалі на мітынг з Парэчча. Як аказалася, у лютым 1943 года цяжарная Серафіма Сяргейчык, рыхтуючыся да народзінаў, знаходзілася ў бацькоў у іншай вёсцы і толькі таму засталася ў жывых. А літаральна праз тыдзень пасля трагедыі ў Агародзішчы падарыла жыццё сыночку Васілёчку.

 

 

-- Я вельмі ўдзячны ўсім вам, што памятаеце пра гэту дату і падзеі 1943-га, -- звярнуўся да прысутных Васілій Уладзіміравіч. – Пад гэтым помнікам навечна спачываюць сем членаў нашай сям’і, у тым ліку і мой бацька, якога мне не суджана было нават убачыць. Самае запаветнае маё жаданне і жаданне ўсіх людзей Беларусі, не дапусціць вайны, зрабіць усё магчымае, каб памірыліся і жылі ў згодзе і ўзаемапавазе ўсе краіны-суседкі, каб родных людзей не разлучалі межы.

 

Удзельнікі мітынгу ўсклалі да помніка вянкі і жывыя кветкі.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!