Аб жахах афганскай вайны і знаёмстве з зоркамі савецкай эстрады Эдзітай П’ехай і Аляксандрам Разенбаўмам расказаў воін-інтэрнацыяналіст Генадзій Іванавіч Навіцкі

Баявыя вылеты па трывозе, дастаўка стратэгічных грузаў пад агнём праціўніка, эвакуацыя параненых, знаёмства з зоркамі савецкай эстрады Эдзітай П’ехай і Аляксандрам Разенбаўмам… Пра гэта і многае іншае нам расказаў воін-інтэрнацыяналіст Генадзій Іванавіч Навіцкі, які праслужыў у Афганістане больш за год і ўвесь гэты час прыкрываў спіны аднапалчанам.

 

Усё пачалося з “Енісея”

 

– Усё маё дзяцінства прайшло на шчучынскім аэрадроме, – успамінае Генадзій Іванавіч. – Я жыў па вуліцы Кірава і часта бегаў да салдат у госці: частаваў іх яблыкамі, прыносіў сала. У вольны час ваенныя гутарылі з дзятвой, расказвалі пра сваю службу. Дзякуючы гэтаму я яшчэ ў пачатковай школе ведаў, як працуе лакатар П-12 “Енісей”. Асабліва цікава было назіраць за палётамі самалётаў, якія ўздымаліся ў неба кожны дзень.
Армія – школа жыцця

 

У 1979 годзе пасля заканчэння сярэдняй школы №1 г. Шчучына юнака забралі ў армію: накіравалі ў “вучэбку” ў Барысаў, дзе тады рыхтавалі камандзіраў аддзяленняў. Там навабранец атрымаў званне сяржанта і быў размеркаваны спачатку ў аўтабат, а затым – у дэсантна-штурмавы батальён у Брэсце. Апошнія тры месяцы службы прайшлі ў інжынерна-сапёрным батальёне, які размяшчаўся ў Кісялевічах пад Бабруйскам.

 

– Дэмабілізаваўшыся, вярнуўся ў родны Шчучын, – працягвае наш суразмоўца. – Уладкаваўся на працу вадзіцелем у райспажыўтаварыства. Асвоіў розныя тыпы тэхнікі: ад “Волгі” да КрАЗа. Менавіта тады пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Тамарай, якая праходзіла стажыроўку на Шчучынскім масласырзаводзе. Мы моцна закахаліся адзін у аднаго і хутка пажаніліся.

 

Са Шчучына – у Афганістан

 


Жаданне быць ваенным паступова ўзяло верх, і Генадзій Іванавіч пайшоў служыць у 10-ы асобны разведвальны авіяцыйны полк, які дыслацыраваўся ў Шчучыне. Будучы механікам, абслугоўваў самалёты. Паралельна закончыў школу прапаршчыкаў.

 

– 15 ліпеня 1983 года нас пастроілі на плацу і назвалі прозвішчы тых, каго накіроўваюць у Афганістан, – дзеліцца Г.І. Навіцкі. – Сярод іншых прагучала і маё прозвішча. Я паспяхова прайшоў медыцынскі агляд у Гродзенскім шпіталі і быў прызнаны годным. Разам з саслужыўцамі мы сталі “першымі ластаўкамі” ў 10 АРАП, каго накіравалі на неаб’яўленую вайну. Дома засталася жонка Тамара і васьмімесячная дачушка Алена. На транспартным самалёце Іл-76 нас даставілі на ваенны аэрадром Какайды (Узбекская ССР). Там мы прайшлі акліматызацыю і атрымалі неабходныя прышчэпкі.

 

 

Жыццё пад прыцэлам

 

Ужо праз два дні Г.І. Навіцкага з аднапалчанамі “перакінулі” у Афганістан. Спачатку ён трапіў у разведполк, дзе займаўся рамонтам самалётаў. Побач стаяў 50-ты асобны змешаны авіяполк, у склад якога ўваходзілі дзве верталётныя і адна самалётная эскадрыллі. У хуткім часе шчучынца перавялі менавіта туды.

 

 

– Я служыў механікам на ваенна-транспартным самалёце Ан-12 грузапад’ёмнасцю 40 тон, – гаворыць Генадзій Іванавіч. – На гэтым жалезным волаце мы перавозілі зброю, боепрыпасы, хворых і параненых, а таксама палонных. Ніколі не забуду, як першы раз трапілі пад мінамётны агонь баевікоў. Мы даставілі ў правінцыю Хост паліва ў бочках для патрэб насельніцтва і прама на аэрадроме нас абстралялі. Лётчыкам удалося выруліць на ўзлётную паласу і падняць машыну ў паветра. Толькі прызямліўшыся ў Кабуле, зразумелі, наколькі блізкімі былі да пагібелі: з-за пападання шматлікіх асколкаў наш самалёт нагадваў рэшата.

 

“Галоўнае – прыкрыць спіну таварышам”

 

Праз некаторы час Г.І. Навіцкага як вопытнага механіка перавялі ў верталётную эскадрыллю, дзе той стаў лятаць на верталёце баявой падтрымкі Мі-24.

 

– Баявыя вылеты былі амаль кожны дзень, таму адрэналін зашкальваў, – успамінае наш герой. – Часта падымаліся ў паветра па трывозе і падаўлялі агнявыя кропкі ворага. Таксама суправаджалі ваенныя аўтакалоны. Так абляталі ўвесь Афганістан. Не раз давялося заглянуць смерці ў вочы. Бывала, ляцім, і раптам чую ў шлемафоне: “Гена, злева душманы!”. Не разважаючы ні секунды, я хапаюся за станкавы кулямёт і пачынаю страляць па “зялёнцы”, адкуль па нас вялі агонь з ДШК – савецкага станкавога буйнакалібернага кулямёта пад патрон 12,7×108 мм, які прабіваў нават БТР. У такія моманты пра сябе не думаеш, галоўнае – прыкрыць спіну таварышам. Таму дзейнічалі машынальна, на ўзроўні рэфлексаў. Страх адчуваўся толькі потым, калі мы бачылі, як шмат свежых дзірак ад куль з’явілася на нашым верталёце.
“Аўтограф памадай… ад Эдзіты П’ехі”

 

Нягледзячы на складаную баявую абстаноўку, савецкія салдаты імкнуліся кожную мірную хвіліну бавіць з карысцю. Ваенныя з задавальненнем наведвалі канцэрты, што арганізоўваліся для іх.

 

– Так я пазнаёміўся са знакамітай савецкай эстраднай спявачкай Эдітай П’ехай, – з гонарам зазначае Генадзій Іванавіч. – Мы дастаўлялі народную артыстку ў Кандагар на канцэрт, і яна падпісала мне аўтограф памадай. Хто б мог падумаць, што назад паляцім у кампаніі з Аляксандрам Разенбаўмам? Аб гэтым цяпер сведчыць памятнае фота.

 

“Мама, я дома!”

 

У Афганістане Г.І. Навіцкі правёў год і тры месяцы. Калі ў штабе аб’явілі, што прыслалі замену і Генадзію Іванавічу пара вяртацца дадому, – ён вельмі абрадаваўся. На накопленыя грошы накупіў падарункаў родным і забраніраваў білет на авіярэйс “Ташкент-Данецк-Мінск”. Дадому са сталіцы “сінявокай” прыехаў на таксі.

 

– Зайшоў на бацькоўскі падворак і ўбачыў маці, якая рупліва ўвіхалася па гаспадарцы, – з хваляваннем у голасе ўспамінае воін-інтэрнацыяналіст. – Ускрыкнуў: “Мама, я дома!”. А яна расплакалася і кінулася абдымаць, як і мая жонка. А вось родная дачушка не адразу прызнала мяне, бо калі я ад’язджаў, яна была зусім маленькай. Праз некаторы час на свет з’явілася яшчэ адна дачушка Юлія.

 

На радзіме Г.І. Навіцкі працягнуў служыць у 10-ым АРАПе. Пасля яго расфарміравання працаваў у РУП ЖКГ, раённай бібліятэцы, а цяпер займаецца рамонтам і абслугоўваннем будынкаў і абсталявання ў спарткомплексе па вуліцы Авіятараў у родным Шчучыне.

 

– Успамінаць перажытае ў Афганістане няпроста, – прызнаецца Генадзій Іванавіч. – Аднак я з павагай стаўлюся да гісторыі, часткай якой мы з’яўляемся, таму з задавальненнем прымаю ўдзел ў патрыятычным выхаванні моладзі і не прапускаю ніводны памятны мітынг з нагоды вываду савецкіх войскаў з Афганістана. І сённяшні дзень – не выключэнне!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара і з архіва Г.І. Навіцкага.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!