Ці захоўвае БРСМ патрыятычныя традыцыі камсамола? Разважае ветэран піянерскага і камсамольскага руху Таццяна Кулакова
З Таццянай Мікалаеўнай Кулаковай мы сустрэліся ў гарадскім скверы падчас патрыятычнай акцыі “Агонь памяці”, куды яе запрасілі арганізатары як ветэрана піянерскага і камсамольскага руху. Разгаварыліся. Нахлынулі ўспаміны…
– Гэта так цудоўна, што моладзь ушаноўвае памяць загінуўшых у вайну герояў, працягвае добрыя традыцыі, – дзеліцца думкамі лідар шчучынскай моладзі 70-80-х гадоў. – Падабаецца і арыгінальная канцэпцыя акцыі: за 75 дзён да 75-годдзя Вялікай Перамогі ад Вечнага агню запалілі лампады, каб даставіць іх на месца вечнага спачыну тых, хто не шкадаваў свайго жыцця ў барацьбе з жорсткім ворагам.
Міжволі супастаўляю і свае асабістыя лічбы са знакавай у гісторыі чалавецтва датай. Я з’явілася на свет у сям’і франтавіка ў той год, калі святкавалі пяцігоддзе Перамогі, а сёлета адпаведна ўжо адзначу сваё 70-годдзе. Мае юбілеі хоць і не лічба ў лічбу, але ў пэўнай ступені асацыіруюцца з Перамогай, бо яна – адлік мірнага і шчаслівага жыцця, хоць пасляваенны час быў такім цяжкім…
Як Цімур і яго каманда
– Урэзалася ў памяць, як аднойчы запытала ў свайго таты: “А чаму такую маленькую хату вы пабудавалі?” Ён апусціў вочы, каб не бачна было скупой мужчынскай слязы, і прыглушаным голасам сказаў: “З зямлянкі хацелася выбрацца хутчэй…”.
Нашу вёсачку Боркі, што на Мастоўшчыне, ушчэнт спалілі фашысты. Засталіся толькі каміны і ямы ад падвалаў. Ледзь выжылі людзі. Майго тату – Мікалая Пятровіча Паўлоўскага – фашысты вывезлі разам з іншымі юнакамі і дзяўчатамі на прымусовыя работы, але як толькі Чырвоная Армія іх вызваліла, ён пайшоў на фронт. Быў стралком, потым памочнікам камандзіра роты. Здавалася б, перамога ўжо блізка, але яе трэба было здабыць у жорсткіх баях. І не ўсім удалося выжыць, не ўсім пашчасціла вярнуцца дамоў непакалечанымі. Наш тата дайшоў да Берліна. На яго гімнасцёрцы ззялі медалі “За адвагу”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За ўзяцце Берліна”…
Пасляваенная дзятва была пазбаўлена элементарнага, і нам з братам замест цацак іншы раз давалі пагуляць … татавымі ўзнагародамі. Чамусьці ніхто не задумваўся, якой цаной яны дасталіся салдату. Дый героем тады ніхто сябе не лічыў. Удзельнікі вайны жылі, лічы, на кожным падворку. А мяне, малую дзяўчынку, здзіўляла, чаму дзядзька Анісь – без рукі, дзядзька Кастусь – без нагі, дзядзька Аляксей – з нязменнай палачкай, кульгаючы, але то агароджу ладзіў, то касу кляпаў, то дровы нарыхтоўваў…
Яны, скалечаныя вайной, з усяе сілы стараліся не быць у цяжкасць сваёй сям’і і грамадству, працавалі з поўнай аддачай, наколькі дазвалялі надломленыя сілы. І гэта таксама было подзвігам. Мы падрасталі і разумелі: ім вельмі няпроста. І аднойчы, калі я, вялікая аматарка кніг, прачытала аповесць Аркадзя Гайдара “Цімур і яго каманда”, то ўжо дакладна ведала, што трэба рабіць: мы з братам арганізавалі сваю “цімураўскую каманду” і гэтак жа тайна маглі перанесці ды акуратна скласці ў хляўчуку прывезеныя ветэрану дровы, нанасіць вады, прапалоць грады… Мы дапамагалі ўдовам франтавікоў, бралі пад сваю апеку сірот. І гэты дзіцячы парыў – дапамагаць тым, хто слабейшы, у мяне застаўся на ўсё жыццё.
– Узгадваецца, як мне не цярпелася, каб да нас у Самуйлавіцкую школу прыйшоў мой тата, каб выступіў, расказаў пра вайну. Але ён упарта не хацеў успамінаць самыя страшныя падзеі ў сваім жыцці. На маю просьбу: “Раскажы, татка, як ты ваяваў?”, ён толькі адчайна махаў рукой, а вочы напаўняліся слязьмі. Я разумела, што раблю яму балюча, і больш не вярэдзіла душу. Дарэчы, ні ён, ні іншыя вяскоўцы ніколі не прасілі ва ўлады нейкіх прэферэнцый як удзельнікі вайны: проста многа працавалі і спадзяваліся толькі на сябе.
Свой хлопец – Валодзя Высоцкі
– Я заўжды марыла стаць настаўніцай, як мая цёця. Вучылася ў педінстытуце завочна і працавала: піянерскай важатай, дырэктарам Мастоўскага Дома піянераў, а атрымаўшы дыплом, узначаліла аддзел па рабоце са школьнай моладдзю Мастоўскага райкама ЛКСМБ. Неўзабаве абкам камсамола накіраваў мяне на вучобу ў Маскву – у Вышэйшую камсамольскую школу пры ЦК УЛКСМ. Гэта была элітная навучальная ўстанова, дзе ўдасканальвалі адукацыю не толькі лідары моладзі з усіх рэспублік Савецкага Саюза, але і многіх замежных краін – ад Паўднёвай Амерыкі і Афрыкі да еўрапейскіх рэспублік сацлагера. Вучыцца было неверагодна цікава. Кожны дзень рыхтаваў новыя падзеі. Мы сустракаліся з вядомымі палітыкамі, публіцыстамі, дзеячамі навукі і культуры. Перад намі выступалі сакратары ЦК партыі, а практыку праходзілі ў ЦК УЛКСМ. Працуючы над дыпломнай работай, мы мелі доступ да самых каштоўных фондаў і архіваў знакамітай маскоўскай “ленінкі” – галоўнай бібліятэкі Савецкага Саюза.
Уражвала і культурная праграма: былі даступнымі білеты ў самыя прэстыжныя тэатры, чым мы, безумоўна, карысталіся. Незабыўнымі аказаліся і творчыя сустрэчы з рэжысёрам тэатра на Таганцы Любімавым, самымі папулярнымі на той час паэтамі Робертам Раждзественскім і Расулам Гамзатавым. А аднойчы да нас прыйшоў са сваёй гітарай Уладзімір Высоцкі. Яго прастата, неверагодная харызма проста заваражылі. Літаральна некалькі песень, парачка трапных фраз – і мы ўжо былі ў палоне абаяння гэтага чалавека. Здавалася, што ён – наш даўні таварыш, вучыцца поплеч, жыве аднымі інтарэсамі і здольны зразумець ды падтрымаць кожнага з нас. Сапраўды, гэта быў унікальны чалавек, сустрэча з якім – сапраўдны падарунак лёсу.
Традыцыі знітоўваюць пакаленні
– Два гады вучобы ў ВКШ праляцелі, як адно імгненне. У 1977 годзе я вярнулася ў Гродзенскі абкам камсамола, а 25 лістапада моладзь Шчучыншчыны абрала мяне першым сакратаром Шчучынскага райкама ЛКСМБ. Гэта быў вялікі давер і вялікая адказнасць. Дзейнасць больш за сотні “пярвічак” я імкнулася накіроўваць так, каб у цэнтры ўвагі на месцах стала і работа з моладдзю, і патрыятычнае выхаванне, і канкрэтная дапамога ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, сем’ям загінуўшых. Мы цесна ўзаемадзейнічалі з саветам ветэранаў, плённа супрацоўнічалі з саюзнай моладдзю ваеннага гарнізона. Наш дэвіз “Дайсці да кожнага” быў насамрэч пазбаўлены фармалізму.
Якімі цікавымі былі камсамольскія сходы, дзе гучала жывое слова ветэранаў вайны – А.Д. Змудзяка, М.М. Белякова, М.Д. Дубакова... Святым абавязкам для нас сталі суботнікі па добраўпарадкаванні памятных мясцін, аўта- і мотапрабегі ад помніка да помніка. Тады ж мы ўвялі традыцыю пазначаць дамы ветэранаў вайны чырвонай зорачкай і браць над іх гаспадарамі шэфства, стваралі музеі ў кожнай школе, запісвалі ўспаміны сведкаў тых векапомных дзён, збіралі фотаздымкі і разумелі – наш абавязак захаваць тое, што хочуць данесці нашчадкам непасрэдныя ўдзельнікі гістарычных падзей, якія ў баях здабылі для нас Вялікую Перамогу.
Сёння я бачу, як маладое пакаленне, члены БРСМ працягваюць закладзеныя намі традыцыі, напаўняюць іх новым сэнсам. Вельмі кранае, што нашы шчучынцы 9 мая прыходзяць да скульптуры воіна-вызваліцеля з фотаздымкамі сваіх родных. Я таксама далучаюся да гэтай акцыі памяці і, стоячы ля Вечнага агню з партрэтам бацькі-франтавіка, адчуваю яго прысутнасць. Мне здаецца, гэта ён словамі вядучых мітынгу расказвае мне тое, што не паспеў сказаць пры жыцці…
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота з архіва Т.М. Кулаковай.