Астрынскія бібліятэкары перамаглі ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

 

Займаючы на працягу апошніх год спачатку трэцяе  месца – у намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання”, затым другое – за значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем, сёлета астрынцы канчаткова пакарылі галоўную конкурсную вяршыню і занялі першае месца!

 

Такой высокай адзнакі заслужыла іх карпатлівая і паслядоўная краязнаўчая работа. Матэрыялы даследаванняў аб генацыдзе беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны былі аформлены ў асобны альбом-кнігу з некалькімі раздзеламі, суправаджаюцца фотаздымкамі і архіўнымі матэрыяламі, жывымі ўспамінамі сведкаў векапомных дзён і непасрэдна тых, хто нейкім цудам уратаваўся і жывым вярнуўся з фашысцкіх лагероў смерці, уцёк з месцаў распраў, спаленых вёсак...

 

– Наш літаратурна-краязнаўчы клуб “Спадчына” ўжо на працягу болей чым 40 год вядзе такую работу, – гаворыць бібліятэкар Астрынскай бібліятэкі, стваральніца і кіраўнік “Спадчыны” Ганна Сцяпанчанка. – Змяняюцца ўдзельнікі клуба, прыходзяць новыя пакаленні, але не спыняецца накірунак даследаванняў нашай роднай старонкі. Збіраем гістарычныя звесткі пра Астрыну і астрынчан, пра нашы духоўныя святыні-храмы, пра патрыятычны рух, якім заўжды славілася наша мястэчка. А аднойчы, можна сказаць, з выпадковай гутаркі з мясцовым доўгажыхаром адкрыўся яшчэ адзін аспект даследаванняў – трагічны лёс астрынскіх яўрэяў. Мы сабралі такія гісторыі, лёсы, дакументы, пісьмы, што проста мароз па скуры… І ўсё гэта – рэальныя факты.

 

У Ганны Аляксандраўны нямала ўзнагарод за яе плённую працу і высокі прафесіяналізм, а сёлета да іх далучылася яшчэ адна – Падзяка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатоля Маркевіча.

 

Калектыў Астрынскай бібліятэкі працуе творча і зладжана. Загадчыца Ірына Лістратава, бібліятэкары Святлана Ушкевіч і Ганна Сцяпанчанка шукаюць (і знаходзяць!) цікавыя формы работы. Так, у рамках сумеснага са школьнікамі-валанцёрамі руху “Увайдзі ў кожны дом”  рэалізуюць праект “Хатні абанемент”, дастаўляючы людзям сталага веку кнігі прама ў кватэру. Вельмі ўдзячны за гэта пажылыя чытачы. Увогуле ў астрынскіх бібліятэкараў надзвычай багата карысных  напрацовак. Іх бібліятэка сапраўды асяродак нацыянальнай культуры.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.


 

Паважаныя бібліятэкары, ветэраны працы, усе, хто шчыра любіць кнігу! Шчучынскі райвыканкам і прэзідыум раённага Савета дэпутатаў віншуюць вас з Днём бібліятэк і жадаюць здароўя і шчасця, міру і дабрабыту, цікавых мерапрыемстваў і новых незабыўных сустрэч з яе Вялікасцю Кнігай!

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!