На кніжнай паліцы. Чым зацікавіць шчучынцаў фотаальбом Уладзіміра Ліхадзедава “17 верасня. Дзень народнага адзінства”
Кнігі былі, ёсць і будуць найвялікшай каштоўнасцю для чалавецтва. Па іх можна вывучаць гісторыю, часам нават здзівішся: якія цікавыя факты можна ў іх “адкапаць”!
Гэта я разважаю пасля таго, як уважліва вывучыла кнігу-альбом вядомага беларускага гісторыка і калекцыянера, лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава “17 верасня. Дзень народнага адзінства”.
Першы раздзел выдання мае назву “Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР”. Плакаты, вершы, што друкаваліся ў газетах тае пары, фотаздымкі з мітынгаў, дэманстрацый, ваеннага параду ў Беластоку...
Пад нумарам 37 здымак, на які адразу не звярнула ўвагі. А між тым пад ім подпіс: “Першы нумар шчучынскай газеты “Знамя труда” з матэрыяламі пра выбары ў Народны Сход Заходняй Беларусі. 1939 г.” Цяпер ведаю, што першы нумар нашай раёнкі выйшаў у нядзелю 22 кастрычніка 1939 года. Далей ідуць здымкі перадвыбарчай кампаніі і саміх выбараў.
У тым жа раздзеле і трэці нумар нашай газеты, які выйшаў 2 лістапада і паведаміў, што Народны Сход “выканаў волю мільённых мас Заходняй Беларусі”, і краіна стала адзінай. І яшчэ: “65 дэпутатаў Народнага Сходу выехалі ў Маскву да вялікага Сталіна”. Далей можна знайсці здымкі дэлегатаў V пазачарговай Сесіі Вярхоўнага Савета СССР з самім Сталіным і выступленне Сяргея Прытыцкага, дэпутата ад Шчучынскага павета, з заявай Паўнамоцнай камісіі Народнага Сходу аб далучэнні Заходняй Беларусі да БССР.
У раздзеле “Беларусь шматнацыянальная” прадстаўлены быт і традыцыі заходніх беларусаў пачатку ХХ стагоддзя. Сяляне ў самабытным адзенні, сямейныя здымкі, гулянні. Маю ўвагу адразу прыцягнула фота № 88 “Жалудок. Лідскі павет. Калектыў мастацкай самадзейнасці. 1930-ыя г.г.” На старадаўнім здымку вялікі творчы калектыў: па-святочнаму апранутыя маладыя людзі, некаторыя з музычнымі інструментамі. Кадр вельмі дынамічны: здаецца, што ўсе толькі збегліся, каб сфатаграфавацца, але яшчэ не паспелі суцішыцца. І вее на нас маладым запалам з той эпохі праз маленькае акенца машыны часу – фотаздымак.
“Беларусь шматканфесійная” – гэта трэці раздзел альбома. Тут прадстаўлены культавыя ўстановы Беларусі пачатку ХХ стагоддзя. Кранае сэрца здымак № 498 “Шчучын. Касцёл і праваслаўная царква. 1920-я г.г.”
Вось такі цікавы і каштоўны альбом ёсць у чытальнай зале Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі.
Тамара МЕНСКАЯ, бібліятэкар Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі.