Жалудоцкая гарпасялковая бібліятэка – адна з пераможцаў XXXIII рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры»

12 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася II рэспубліканская навукова-метадычная канферэнцыя «Сучасны стан публічных бібліятэк Рэспублікі Беларусь». Загадчык філіяла «Жалудоцкая гарпасялковая бібліятэка» ДУК «Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі» Семянюк Наталля Чаславаўна ва ўрачыстых абставінах была ўзнагароджана як адзін з пераможцаў XXXIII рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры».
Бібліятэка збірае і захоўвае матэрыялы пры яўрэйскія адметнасці жыцця ў мястэчку, занатоўвае ўспаміны старэйшых жыхароў, распаўсюджвае дадзенные пра ваенныя падзеі і жудасны лёс яўрэйскага гета, праводзіць мерапрыемствы, прысвечаныя гісторыі яўрэяў населенага пункта. У 2023 годзе бібліятэка распачала сваю працу ў межах новага пошукавага праекта “Вахта памяці. Жалудок – мястэчка з гісторыяй”. Гэты праект накіраваны на збор і сістэматызацыю матэрыялаў, якія асвятляюць не толькі гісторыю яўрэяў Жалудка, але і агульную гісторыю мястэчка. Былі падрыхтаваны даследчыя матэрыялы: “Жалудок: шлях праз стагоддзі”, “О работе Желудокского горпоссовета”, “Сімвалы мужнасці: помнікі салдатам” і іншыя.

Збор успамінаў стаў не проста працэсам фіксацыі фактаў, але і важным актам захавання памяці, які злучае пакаленні.
Бібліятэкары старанна дакументуюць усе сабраныя матэрыялы, ствараючы архівы, якія служыць каштоўным рэсурсам для далейшага даследавання і навучання. Даследчыя матэрыялы праекта сталі падмуркам для стварэння баз дадзеных уласнай генерацыі “Гісторыя яўрэяў Жалудка” і “Гісторыя Жалудка”.
Па выніках гэтай працы філіял «Жалудоцкая гарпасялковая бібліятэка» быў адзначаны дыпломам II ступені у намінацыі «За пошукавую і даследчую дзенайсць».


Час ідзе, змяняюцца людзі, але ўспаміны пра землякоў, якія перажылі цяжкія моманты гісторыі, застаюцца. Гэтыя гісторыі служаць натхненнем для новага пакалення, падкрэсліваючы важнасць любові да роднай зямлі і выхавання патрыятызму сярод мясцовых жыхароў.
Таццяна КРАСІНСКАЯ, загадчык аддзелам маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы.
