Актыўныя і кемлівыя. Шчучынская моладзь узяла ўдзел у традыцыйнай квест-гульні “Дэтэктыўныя гісторыі”
У Шчучыне прайшла квест-гульня “Дэтэктыўныя гісторыі”, арганізаваная аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і ДУК “Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Удзел у мерапрыемстве ўзяла працуючая моладзь арганізацый нашага раёна і, як аказалася, маладыя людзі правялі гэты час актыўна і цікава.
Сёлета ў квест-гульні ўдзельнічалі каманды чатырох арганізацый раёна: ЖКГ, РАУС, Шчучынскага каледжа і цэнтральнай раённай аптэкі № 6.
Усе каманды пачыналі гульню з плошчы Свабоды і наведалі розныя пункты сваіх унікальных маршрутаў, якія былі раскіданы па цэнтры горада. Падчас квесту моладзь выконвала розныя цікавыя заданні. Паводле сцэнару мерапрыемства ўдзельнікі павінны былі знайсці ў Шчучыне скрадзены скарб.
Падрабязней пра квест-гульню нам расказала загадчык аддзела па рабоце з дзецьмі і моладдзю ДУК “Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” Віталіна Панімаш:
– Па сваёй сутнасці квест-гульня “Дэтэктыўныя гісторыі” нагадвае спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні. Для таго, каб пракласці свой унікальны маршрут, камандам трэба было разгадваць загадкі і добра арыентавацца ў нашым горадзе. Гэта мерапрыемства традыцыйнае, праводзіцца ўжо не першы год.
Па выніках квест-гульні хутчэйшымі за ўсіх былі члены каманды ЖКГ, другой прайшла дыстанцыю каманда РАУС, трэцімі сталі прадстаўнікі Шчучынскага каледжа, а на чацвёртым месцы аказаўся калектыў цэнтральнай раённай аптэкі № 6. Прызёры і ўдзельнікі мерапрыемства былі ўзнагароджаны салодкімі падарункамі, граматамі і каштоўнымі прызамі.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.