Актыўна праходзіць галасаванне на Галавічпольскім участку для галасавання №3
На Галавічпольскім участку для галасавання №3, які размясціўся ў фае Галавічпольскага дз/с-СШ, атмасфера пануе святочная, тут прыгожа, урачыста і вельмі ўтульна.
-- Жыхары навакольных вёсак і нашага аграгарадка галасуюць даволі актыўна, -- расказвае старшыня камісіі па рэферэндуме Жанна Пашук. – Многія не адкладваюць гэту важную справу непасрэдна на 27 лютага, калі будзе праходзіць асноўны дзень галасавання. Аднак, ёсць на нашым участку і такія грамадзяне, хто хоча адчуць усю ўрачыстасць моманту ў галоўны дзень галасавання, каб сустрэцца і пагутарыць з людьмі, абмеркаваць апошнія падзеі. Пэўная катэгорыя грамадзян, у каго няма магчымасці па стане здароўя ці іншых абставінах дабрацца на ўчастак самастойна, будзе галасаваць у дзень правядзення рэферэндуму на даму.
Пакуль размаўлялі з Жаннай Адамаўнай, на участак для галасавання прыйшлі Вольга і Аляксей Кранцэвічы.
-- У нядзелю ў нас ёсць сямейныя планы, таму вырашылі прагаласаваць датэрмінова, -- расказала Вольга Антонаўна. – Для нас з мужам вельмі важна выказаць сваё меркаванне: у нас двое дзяцей, якія праз некалькі год накіруюцца ў дарослае жыццё. І самае вялікае наша жаданне, каб яны жілі у мірнай, шчаслівай краіне.
Ёсць на Галавічпольскім участку для галасавання №3 грамадзяне, у якіх сёлета ўпершыню з’явілася магчымасць прыняць непасрэдны ўдзел у вызначэнні таго курса, якім будзе далей рухацца наша краіна. Адна з іх – Анжаліка Субач, выхавацель дзіцячага садка. Анжаліка вучылася ў Галавічпольскай школе, затым закончыла Лідскі педагагічны коледж і вярнулася працаваць на сваю малую радзіму, у родную школу. Анжаліка з’яўляецца сакратаром пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ».
-- Я аддаю свой голас за моцную, квітнеючую Беларусь, -- падкрэсліла малады спецыяліст. – Менавіта нам, моладзі, будаваць светлае заўтра нашай краіны, а я бачу яе толькі свабоднай і мірнай.
З такой важнай падеяй у жыцці Анжаліку павіншавала Жанна Адамаўна і ўручыла ёй сувеніры.
-- А я ўпэўнена, што выкажу меркаванне не толькі сваё, але і пераважнай большасці жыхароў нашага галавічпольскага рэгіёна, -- апусціўшы бюлетэнь у ўрну, паведаміла настаўніца Людміла Валынская. – Што галоўнае для нас? Спакой, мір, развіццё нашай краіны, дабрабыт у сем’ях, каб здаровымі раслі дзеткі – вось за гэта мы і аддаём свае галасы. Дарэчы, з усімі ўнесенымі змяненнямі ў Асноўны Закон калектыў нашай школы падрабязна азнаёміўся, і мы нават накіравалі ў камісію некаторыя свае прапановы.
Траіх дзетак выхоўвае Святлана Гайдукевіч, жыхарка в. В. Сяло, і марыць аб тым, каб яны жылі ў сацыяльна арыентаванай дзяржаве, дзе шануюцца сямейныя каштоўнасці, дзе з павагай ставяцца да гістарычнага мінулага, дзе ў пашане чалавек працы, дзе ў моладзі ёсць усе магчымасці рэалізаваць сябе. За гэта і аддала свой голас жанчына.
…Людзі ішлі і ішлі на ўчастак для галасавання. Лёс сваёй краіны яны хочуць вызначаць самі.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.