Аграрыі філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” актыўна сеюць кукурузу

Кукуруза – апошняя культура, якую засталося пасеяць аграрыям філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”. Штодзень у полі працуюць два трактары з дзевяціметровымі сеялкамі, і паступова “царыца палёў” займае адведзеныя для яе палеткі.

 

Калі мы прыехалі на поле ля вёскі Баяры Лебяцкія, механізатар Алег Міхайлавіч Шынкевіч спыніў свой “МТЗ-1221”, каб “заправіць” сеялку пратраўленым насеннем кукурузы.

 

– За раз я засяваю 12 радкоў, паміж якімі адлегласць 70 сантыметраў, – гаворыць Алег Міхайлавіч. – Норма высеву кукурузы на зерне – 80-100 тысяч штук насення на гектар, на сілас – 100-120 тысяч. На сеялцы ўсталявана спецыяльная шкала, па якой мы рэгулюем глыбіню севу (3-5 сантыметраў) і адлегласць паміж кожным насеннем у радзе – ад 15 да 20 сантыметраў. Запоўненай сеялкі хапае прыкладна на 2 гадзіны працы: за гэты час засяваю каля 10 гектараў. Затым патрабуецца “дазапраўка”.

 

З Алегам Міхайлавічам у полі працуе малады вадзіцель Аляксандр Шостак, які на грузавіку “ГАЗ-53” аператыўна падвозіць насенне да сеялкі. Тут жа праходзіць практыку малады спецыяліст Ангеліна Шыла, якая вучыцца на агранома ў Навагрудскім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі.

 

 

– Прыехала менавіта ў філіял “Жалудоцкі агракомплекс”, бо ведаю, што гэта моцная гаспадарка і тут сапраўды ёсць чаму павучыцца, – упэўнена дзяўчына. – Праз год атрымаю дыплом і планую паступіць у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, каб працягнуць паглыбляць свае веды ў агранаміі. Чаму вырашыла працаваць на зямлі? Я вырасла ў звычайнай сялянскай сям’і і з дзяцінства дапамагала бацькам па гаспадарцы, часта бывала на фермах і ў полі. Таму і выбрала прафесію агранома.
Пад кукурузу ў філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” адведзена 1200 гектараў, з якіх 700 – пойдзе на зерне, а астатняе – на сілас. Праца ў полі не спыняецца, пакуль сонца не хаваецца за гарызонт. Штодзень мясцовыя аграрыі засяваюць кукурузай каля 80 гектараў і ўжо выканалі план на 50%.

 

 

– Летась “царыца палёў” парадавала рэкорднай ураджайнасцю: з кожнага гектара атрымалі 100 цэнтнераў зерня ў бункернай вазе, – з гонарам зазначае галоўны аграном філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Станіслаў Станіслававіч Аўсянік. – Сёлета мы як след падрыхтавалі глебу, унеслі неабходную колькасць арганічных і мінеральных угнаенняў. На сяўбе выкарыстоўваем толькі правераныя сарты, якія выдатна зарэкамендавалі сябе. Таму не без падстаў разлічваем атрымаць багаты ўраджай. Адно турбуе: з-за недахопу вільгаці некаторыя палеткі схільныя да ветравой эрозіі. Аднак насенне кукурузы даволі вялікае, таму рызыка мінімальная. Завяршыць сяўбу гэтай культуры плануем да 1 мая.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!