Як на ферме “Грамавічы” СВУ “Пратасаўшчына” дабіліся сярэднясутачнай прывагі быкоў звыш 1000 грамаў?

Пасля праведзенай у мінулым годзе маштабнай рэканструкцыі ферма па адкорме буйной рагатай жывёлы “Грамавічы” СВУ “Пратасаўшчына” хутка нарасціла вытворчыя магутнасці і выйшла ў лідары раёна па вытворчасці мяса: сярэднясутачная прывага быкоў тут перавышае кілаграм, а некаторыя рагатыя волаты і ўвогуле прыбаўляюць у вазе па 1300 грамаў у суткі.

 

– З уводам гэтага вытворчага аб’екта ў эксплуатацыю пагалоўе БРЖ у гаспадарцы вырасла на 1200 галоў і цяпер перавышае 5000, – зазначае дырэктар СВУ “Пратасаўшчына” Віктар Анджэевіч Семяновіч. – На адноўленай ферме “Грамавічы” ўтрымліваецца 1900 галоў БРЖ. Завозім сюды маладых бычкоў у пяцімесячным узросце з нашых малочнатаварных фермаў, дзе тыя інтэнсіўна адкормліваюцца пасля нараджэння ў спецыяльных памяшканнях і прыбаўляюць у вазе па 900-950 грамаў у суткі. Паколькі ўвесь маладняк ідзе мяса-малочнай пароды са значнай доляй галшцінізацыі, мы распрацавалі сваю тэхналогію адкорму: жывёлы стаяць у стойлах і маюць свабодны падыход да кармавога стала. Такім чынам ядуць колькі заўгодна, дзякуючы чаму хутка растуць. Трымаць пад кантролем рагатых волатаў дапамагае сістэма электрапастухоў.

 

 

Нягледзячы на значна ўзросшае пагалоўе БРЖ, каровы і бычкі ў СВУ “Пратасаўшчына” цалкам забяспечаны якасным камбікормам, які мясцовыя жывёлаводы выпускаюць на прадбачліва пабудаваным камбікормавым заводзе.

 

 

– У высокіх сярэднясутачных прывагах кармавая база адыгрывае ключавую ролю, – падкрэслівае Віктар Анджэевіч. – Раней мы рэалізоўвалі частку назапашаных кармоў іншым сельгаспрадпрыемствам, а цяпер амаль усе яны ідуць на патрэбы нашай гаспадаркі. Закладзенага сіласу і сенажу нам хопіць аж да восені. Спецыялісты заатэхнічнай службы разам з кансультантамі распрацоўваюць для кожнай групы жывёлы свой рэцэпт камбікорму, таму кармы ідэальна збалансаваны па ўтрыманні карысных рэчываў. Усё гэта станоўча ўплывае на рост быкоў: праз 14-15 месяцаў утрымання яны важаць прыкладна 480-500 кілаграмаў.

 

На ферме “Грамавічы” створаны максімальна камфортныя ўмовы ўтрымання жывёлы: падтрымліваецца неабходны мікраклімат, усталяваны вентыляцыя і якаснае асвятленне, арганізаваны паветраабмен. За здароўем жывёл сочыць ветурач і пры неабходнасці прымаецца за іх лячэнне.

 

 

– Раней мы здавалі на Гродзенскі мясакамбінат прыкладна 30 тон мяса ў месяц, цяпер жа гэта норма павялічылася да 70 тон, – гаворыць В.А. Семяновіч. – Існуе сем катэгорый якасці прадукцыі, і наша ацэньваецца на цвёрдую “пяцёрку”. Вышэйшых паказчыкаў можна дабіцца толькі адкормліваючы мясныя пароды быкоў.

 

Летась жывёлаводы СВУ “Пратасаўшчына” паставілі перад сабой задачу: здаваць не менш за 420 тон мяса ў год, і паспяхова ажыццявілі задуманае. Сёлета план здачы павялічылі да 720 тон. Аднак гэта далёка не максімум! У бліжэйшай перспектыве тут плануюць реалізоўваць 1000 тон мяса штогод.

 

– Кожны месяц ферма па адкорме буйной рагатай жывёлы “Грамавічы” прыносіць прыбытак каля 300 тысяч рублёў, што складае прыкладна 30% ад прыбытку ўсёй гаспадаркі, – адзначае Віктар Анджэевіч. – І з нарошчваннем вытворчых магутнасцей гэты паказчык таксама павялічыцца. Мы плануем паменшыць тэрмін адкорму быкоў да 14 месяцаў. Пры сярэднясутачнай прывазе 1100-1200 грамаў гэта рэальна. Такім чынам, пачнём здаваць на Гродзенскі мясакамбінат 130-140 галоў БРЖ штомесяц. Пры такіх тэмпах вытворчасці можна ўпэўнена развівацца!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!