Хлебаробскай працы вянец. Сёння ў Жалудку з размахам святкавалі карпаратыўныя “Дажынкі”

 

ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі” – адно з буйнейшых аграпрамысловых аб’яднанняў краіны – абрала сваёй фестывальнай пляцоўкай Жалудок. І не толькі з-за выдатнай тутэйшай інфраструктуры для правядзення фестываляў, але і таму, што філіял “Жалудоцкі агракомплекс” – адзін з лепшых у таварыстве.

 

Свята распачалося зранку -- з агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства. Страсці разгарэліся не на жарт! Трактарысты з пяці філіялаў агракамбіната заўзята змагаліся за лідарства, умела і хутка манеўруючы паміж цюкамі саломы: ездзілі змейкай і рухаліся па тунэлі заднім ходам. Асаблівы пік майстэрства, калі пагрузчыкам устанаўлівалі саламяныя фігуры так, каб атрымаўся млын! Сярод болей чым дзясятка ўдзельнікаў першыя месцы заваявалі механізатары “Жалудоцкага агракомплексу” Віктар Чарнецкі, які працуе на пагрузчыку, і Аляксандр Касцюк, што кіруе трактарам МТЗ-82.

 

 

Тым часам гаспадары каларытных падворкаў з караваямі прымалі гасцей і ад душы весялілі народ – песнямі, імпрэзамі, міні-спектаклямі. Аказваецца, кожны з філіялаў “Агракамбіната “Скідзельскі” мае не толькі выдатных працаўнікоў, але і таленавітых артыстаў -- па-сапраўднаму творчых людзей. Здзіўлялі і ўражвалі сваім крэатывам не толькі нашы жалудчане, але і госці з філіялаў “Скідзельскі”, “Дубна”, “Князева” і інш.

 

 

Неўзабаве наступіў кульмінацыйны момант – урачыстае адкрыццё свята “Дажынкі-2023”.

 

 

 

Па добрай традыцыі мерапрыемства распачынаецца выкананнем Дзяржаўнага гімна.

 

 

Павіншаваць і выказаць словы падзякі людзям працы на “Дажынкі” ў Жалудок прыехалі старшыня Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Кадргулаў, старшыня Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Аляксей Садоўскі, першы намеснік начальніка сельгасупраўлення Андрэй Клімовіч, старшыня Шчучынскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза АПК Генрых Юрэвіч.

 

Вядучыя фестывалю Таццяна Ківер і Яўген Паўшок  запрашаюць на сцэну генеральнага дырэктара ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі” Дзмітрыя Капко.

 

-- На гэтым свяце лепшыя з лепшых. Мы аддаём даніну павагі тым, хто сеяў і жаў, выводзіў у поле камбайны і трактары, вазіў збожжа, працаваў на зернескладах… Сёння мы можам ганарыцца атрыманым ураджаем. Наш каравай заважыў 69 тысяч тон зерня! Гэта на 3 тысячы тон больш, чым летась, -- абвясціў вынікі жніва Дзмітрый Міхайлавіч.



 

Прысутных віншавалі з высокімі дасягненнямі, дзякавалі за добрасумленную працу, жадалі новых перамог і моцнага здароўя старшыня Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Дзмітрый Кадргулаў, намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі”Аляксандр Мельнік і многія іншыя. Шматлікім перадавікам – камбайнёрам і механізатарам, маладзёжным экіпажам, вадзіцелям, аператарам зернесушылак, аграномам і інжынерам, іншым спецыялістам -- былі ўручаны Ганаровыя граматы, грашовыя прэміі і кветкі. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах павязвалі героям жніва чырвоныя стужкі пераможцаў. На “Дажынках” у Жалудку было ўзнагарождана каля 150 працаўнікоў “Агракамбіната “Скідзельскі”!

 

-- Нам прыемна сёння прымаць столькі ганаровых гасцей, бачыць свой пасёлак такім прыгожым і святочным, -- зазначыў дырэктар філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Станіслаў Гузень. – Сярод тых, хто ўдастоены высокіх узнагарод, нашы механізатары Алег Шынкевіч, Яўген Сівы, Іван Літкоўскі і іншыя. Людзі старанна працавалі і па праве заслужылі такое прыгожае, маштабнае свята.

 

 

Вельмі кранаюча віншавалі віноўнікаў урачыстасці вучні Жалудоцкай сярэдняй школы імя Валерыя Урублеўскага, не забылі расказаць пры гэтым, як падчас летніх канікулаў рабілі праполку культур на палетках гаспадаркі ў складзе працоўных атрадаў, унеслі свой уклад у агульную справу.

 

 

Па добрай традыцыі гучала многа музыкі і песень. Адметна тое, што ўсе канцэртныя нумары падрыхтавалі самадзейныя артысты з філіялаў агракамбіната. Да прыкладу, наш “Жалудоцкі агракомплекс” дастойна прадставіў народны ансамбль “Сябрына”.

 

 

На фестываль да аграрыяў завіталі жыхары гарадскога пасёлка і навакольных вёсак, прыйшлі сем’і з дзеткамі. Усе весяліліся ад душы. Валадарыла атмасфера цёплая і душэўная – такая ж, як сённяшні, напоўнены сонцам, вераснёўскі дзянёк.  

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!