Прыйшоў час сеяць травы. Аграрыі ААТ “Агра-ГЖС” аднымі з першых у раёне закончылі сяўбу яравых зерневых культур
Аграрыі ААТ “Агра-ГЖС” аднымі з першых у раёне закончылі сяўбу яравых зерневых культур: пшаніца, ячмень і трыцікале тут займаюць па 50 гектараў, яшчэ 30 гектараў засеяны аўсом.
– Апошнія два гады выдаліся даволі засушлівымі, таму сёлета мы зрабілі стаўку на азімыя культуры, а плошчы пад яравыя паменшылі на 70%, – зазначае галоўны аграном ААТ “Агра-ГЖС” Павел Іванавіч Адамчык. — Расліны выдатна перазімавалі, таму разлічваем атрымаць багаты ўраджай. Зараз падкормліваем пасевы КАСам. Паклапаціліся і аб яравых культурах: яшчэ з восені ўнеслі ў глебу неабходную колькасць фосфарных і калійных угнаенняў, а вясной перад сяўбой правялі культывацыю і “дадалі” азот. Выкарыстоўвалі “эліту” і насенне першай рэпрадукцыі, якое самі вырасцілі. Усе пасевы прыкаталі спецыяльнымі кольчата-зубчатымі каткамі вагой 3 тоны, каб пазбегнуць ветравой эрозіі.
Штодзень у полі працавалі тры трактары з прычапнымі агрэгатамі. Сярод тых, хто сеяў яравыя зерневыя культуры, быў вопытны механізатар Станіслаў Вацлававіч Тумах, які, выканаўшы пастаўленую задачу, пераключыўся на аднагадовыя травы.
– Зараз сею травасумесь “Кантры”, – гаворыць Станіслаў Вацлававіч. — Паколькі насенне дробнае, змяшчаем яго ў глебу не глыбей за 2 сантыметры. Усе работы праводзім максімальна аператыўна, каб не даць выпарыцца вільгаці з палёў. За дзень на трактары МТЗ-82 з прычапным агрэгатам СПУ-6 засяваю да 35 гектараў, рухаючыся па полі з хуткасцю прыкладна 8 кіламетраў у гадзіну. Усяго пад аднагадовыя травы ў гаспадарцы адведзена 536 гектараў, на якіх плануем правесці два ўкосы. Атрыманая зялёная маса пойдзе на корм жывёле.
Аграрыям ААТ “Агра-ГЖС” сёлета неабходна перазалужыць 800 гектараў шматгадовых траў, якія раскінуліся ў гаспадарцы на плошчы 2700 гектараў.
– Злакавыя культуры могуць расці на працягу 5-6 гадоў, у той час як бабовыя “выпадаюць” з травастою праз 2-3 гады, – тлумачыць галоўны аграном Павел Іванавіч Адамчык. – Аднак менавіта апошнія багатыя на ўтрыманне бялку, які неабходны для павышэння надояў малака. Таму і праводзім перазалужэнне: уносім гліфасаты, дыскуем і ўзворваем глебу, а затым сеем шматгадовыя травы. Для гэтых мэт выкарыстаем насенне з уласнага насенніка плошчай 140 гектараў.
На падрыхтоўцы палеткаў да сяўбы задзейнічаны тры адзінкі тэхнікі, у тым ліку энерганасычаны трактар МТЗ-3025 з набытым сёлета новым агрэгатам для перадпасяўной апрацоўкі глебы “Lemken”. Гэтым жалезным волатам па чарзе кіруюць механізатары Дзяніс Антонавіч Чапля і Яўгеній Аляксеевіч Хомка, якія працуюць у дзве змены.
– Новы агрэгат мае шырыню 9 метраў, – дзеліцца Яўгеній Аляксеевіч. — Ён адначасова ўзрыхляе глебу на глыбіню 7 сантыметраў, а таксама выраўнівае і ўкатвае поле. Калі гон добры, за працоўную змену падрыхтоўваю да 60 гектараў. Харчуюся прама ў полі, куды падвозяць гарачы абед. На гэтыя нязручнасці не звяртаю ўвагі, бо ад таго, як мы спрацуем сёння, залежыць будучы ўраджай.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.