ААТ “Дэмбрава” – месца, дзе з душой працуюць на вынік. Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці завіталі ў адну з лепшых гаспадарак Гродзенскай вобласці

 

Упэўненасць у заўтрашнім дні, стабільнае развіццё і трывалыя перспектывы на будучыню. Менавіта так можна ахарактарызаваць ААТ “Дэмбрава”. Сельскагаспадарчае прадпрыемства па праве лічыцца флагманам Шчучыншчыны і адной з самых паспяховых гаспадарак Гродзеншчыны. Аб тым, з якімі вынікамі і настроем дэмбраўскія аграрыі падыходзяць да свайго прафесійнага свята, нам расказаў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Туля.

 

– Як кіраўнік прадпрыемства хачу сказаць, што вынікамі гэтага года задаволены, – адзначае Аляксандр Туля. – Мой дэвіз быў і застаецца – жыць крыху лепш, чым у мінулым годзе. І для гэтага ў гаспадарцы ўсё ёсць. Маем укамплектаваны штат, спецыялістаў, а галоўнае – у нас ёсць яшчэ шмат ідэй, якія можна ўкараняць і атрымліваць вынік. Мы бачым магчымасць шмат на чым зэканоміць, каб паменшыць выдаткі пры вытворчасці і павялічыць прыбытак ад прадукцыі ў будучым.

 

 

З аптымізмам Аляксандра Віктаравіча нельга не пагадзіцца. Выручка і прыбытак ААТ “Дэмбрава” ў параўнанні з мінулым годам павялічыліся. Рэнтабельнасць сёлета таксама вырасла і складае 19,1%. Гаспадарка спецыялізуецца на вытворчасці мяса і малака. Галоўныя галіны таксама плюсуюць. За 10 месяцаў гэтага года ў ААТ “Дэмбрава” надоена 22447 тон малака. У сярэднім па гаспадарцы надой на адну карову складае 8434 кг, што на 528 кг больш, чым летась. Што тычыцца вытворчасці мяса, то сярэднясутачная прывага ў гаспадарцы павялічылася на 5 грамаў ад узроўню 2023 года і складае 823 грамы.

 

Збожжавыя культуры сёлета таксама парадавалі, іх ураджайнасць склала 75,2 ц/г, а валавы збор – 23649 тон. Улічваючы саліднае пагалоўе буйной рагатай жывёлы, у гаспадарцы ўсяго налічваецца каля 13300 галоў, немалаважным складнікам упэўненай і стабільнай работы прадпрыемства з’яўляецца наяўнасць кармоў. Сёлета дэмбраўскія аграрыі нарыхтавалі 54000 тон сенажу і 62500 тон сіласу. Кармамі гаспадарка забяспечана на 140%.

 

 

Без будаўніцтва сучасных сельскагаспадарчых аб’ектаў развіцця не будзе, упэўнены Аляксандр Туля. Напрыклад, зараз на МТК “Мураўёўка” рыхтуюцца да здачы новы кароўнік і малочна-даільны блок, яны ў будучым паспрыяюць развіццю малочнай галіны. Каб забяспечыць вялікае пагалоўе якасным і збалансаваным харчаваннем, у наступным годзе ў ААТ “Дэмбрава” плануецца пабудаваць новы камбікормавы цэх. Агульны кошт праекта павінен скласці каля 14 мільёнаў рублёў.

 

– Развіццё без новых тэхналогій – гэта шлях у нікуды, – кажа Аляксандр Туля. – Сёння перад намі стаіць задача ісці на “пераўзбраенне”, праводзіць аўтаматызацыю і механізацыю сельскай гаспадаркі. Трэба аблегчыць цяжкую працу чалавека ў сельскай мясцовасці. Трэба ствараць умовы, каб людзі на вёсцы жылі, як у горадзе. Лічу, што ў нас гэтыя ўмовы ёсць. Сёння ніхто больш за 8 гадзін у дзень не працуе. Аднак калі хтосьці хоча зарабіць больш, то даецца магчымасць дадаткова папрацаваць. Важна, каб работнікі працавалі з задавальненнем у добрых умовах і з добрым настроем, тады і вынікі адпаведныя.

 

Сярэднямесячная зарплата ў ААТ “Дэмбрава” за 10 месяцаў гэтага года складае 2400 рублёў. Дырэктар прадпрыемства ўпэўнены, што атрымліваць годны заробак і будаваць добрую кар’еру можна і трэба на роднай зямлі.

 

 

– Людзі – гэта наш галоўны скарб, які нам трэба захаваць і развіваць. Зараз няма патрэбы ехаць за мяжу, каб зарабляць грошы. Каб стаць лепшымі і жыць больш заможна, трэба віць сваё гняздо, а не быць пералётнай птушкай. Трэба цаніць тое, што сёння мы жывыя, здаровыя і жывем пад мірным небам, – перакананы кіраўнік.

 

Выдатныя вынікі сёлета паказаў комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы “Стараўшчына”, які заняў 2 месца ў абласным спаборніцтве сярод жывёлагадоўчых комплексаў і ферм па вытворчасці ялавічыны з пагалоўем не менш за 2 тысячы галоў. Усяго на комплексе працуе каля 40 чалавек. Дзякуючы іх штодзённай працы атрымалася дасягнуць сярэднясутачнай прывагі 983 грамы. Усяго на комплексе ўтрымліваецца каля 5600 галоў буйной рагатай жывёлы.

 

– Прыемна спрычыніцца да высокага выніку, – кажа даглядчыца маладняку БРЖ Надзея Перніцкая. – Трынаццаць год таму прыехала сюды з Казахстана і з таго часу працую на комплексе. Люблю сваю працу, ды і Беларусь за гэты час ужо стала роднай.

 

 

Як адзначае намеснік дырэктара ААТ “Дэмбрава” Юрый Сакута, на прадпрыемстве сфармаваўся выдатны калектыў:

 

– Спецыялісты добра ведаюць сваю справу, людзі на месцах адказна ставяцца да сваіх абавязкаў, а дырэктар – наш рухавік. Немалаважна, што мы вялікую работу праводзім з маладымі спецыялістамі, ствараем камфортную інфраструктуру для людзей на вёсцы.

 

 

Цікава, што сярод работнікаў ААТ “Дэмбрава” можна знайсці нямала гараджан. Напрыклад, шчучынец Андрэй Сяргей працуе даглядчыкам БРЖ на комплексе “Стараўшчына” другі год. Андрэй высока ацэньвае ўмовы працы ў гаспадарцы.

 

 

– У нашай гаспадарцы сур’ёзны падыход да жывёлагадоўлі, таму добры вынік – гэта заканамернасць, – разважае заатэхнік Раман Аніська. – 6 гадоў таму я прыйшоў працаваць у ААТ “Дэмбрава” па размеркаванні пасля ўніверсітэта і рады, што выбраў менавіта гэтае месца працы. Тут знайшоў жонку, год таму ажаніліся. Прадпрыемства выдзеліла нам трохпакаёвую кватэру ў Ляшчанцы, мы ўсім задаволеныя.

 

Эфектыўную работу жывёлагадоўчай галіны ААТ “Дэмбрава” немагчыма ўявіць без ветэрынарнай службы, якая сёння налічвае 13 ветурачоў і фельчараў. Кіруе службай галоўны ветэрынарны урач Аляксандр Шлапік, яго сумленная праца была высока ацэнена на сёлетніх абласных “Дажынках”, дзе ён быў адзначаны Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў.

 

 

– У гаспадарцы працую адзінаццаты год, а на пасадзе галоўнага ветурача – сёмы, – расказвае Аляксандр Шлапік. – Працуецца добра, у нас выдатны калектыў. Ветэрынарная служба гаспадаркі ўкамплектавана, эпідэміялагічная абстаноўка добрая. Працуем у асноўным на прафілактыку. Бо прасцей папярэдзіць хваробу, чым потым з ёй змагацца. Сам я родам з Лідскага раёна. Па размеркаванні прыехаў сюды, бо хацелася быць бліжэй да роднай Лідчыны, таксама прыцягнулі добрыя ўмовы: жыллё, заробак, выдатныя адносіны з боку кіраўніцтва. Мая жонка таксама ветэрынарны ўрач, працуе ў гаспадарцы. Задаволены, што трапіў менавіта сюды. Жыццё склалася добра, па сутнасці, тут знайшоў сваё шчасце і шчыра гэтаму рады.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!