Не старэюць душой ветэраны

Сёлета Шчучынскай раённай ветэранскай арганізацыі спаўняецца 30 гадоў. Пра тое, што было зроблена за гэты час і якую ролю ў жыцці грамадства адыгрывае раённы савет ветэранаў сёння, мы пагутарылі з яго старшынёй – Э.С. Дзікевічам. 

– Эдмунд Станіслававіч, як зараджаўся ветэранскі рух на Шчучыншчыне? 

– У сакавіку 1987 года ў нашым раёне была створана ветэранская арганізацыя, у склад якой увайшлі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, ветэраны працы і Узброеных Сіл. Ля вытокаў яе станаўлення былі У.С. Лятохін, О.І. Ціхановіч, М.Н. Белякоў, М.В. Сасноўскі, А.В. Брухавецкі, М.Я. Хутаранскі, І.П. Асокін і іншыя, а першым старшынёй раённага савета ветэранаў выбраны А.Д. Змудзяк – былы рэдактар газеты “Савецкая вёска”. Усе яны паставілі перад сабой мэту: абараняць канстытуцыйныя правы пажылых людзей, аказваць пенсіянерам сацыяльную дапамогу і паляпшаць іх матэрыяльнае становішча, а таксама ўдзельнічаць у патрыятычным выхаванні моладзі. І мы паспяхова працягваем закладзеныя імі традыцыі. На сённяшні дзень наша арганізацыя налічвае 12398 членаў, якія аб’яднаны ў 38 “пярвічак”.

– Якую дапамогу вы аказваеце ветэранам Вялікай Айчыннай вайны?

– Гэтыя людзі адстаялі нашу з вамі свабоду і падарылі магчымасць жыць пад мірным небам, таму і клопат пра іх асобы. Сумесна з прадстаўнікамі раённай улады і іншымі зацікаўленымі службамі мы рэгулярна наведваем ветэранаў і ўважліва выслухваем іх просьбы, дапамагаем вырашаць надзённыя праблемы. Штогод яны праходзяць комплекснае медыцынскае абследаванне: спецыялісты Шчучынскай ЦРБ прыязджаюць прама на дом і распрацоўваюць індывідуальныя планы лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў, пры неабходнасці выдаюць пуцёўкі ў санаторыі краіны. 

Згодна з рашэннем райвыканкама ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны бясплатна залічваюцца на надомнае абслугоўванне. На сённяшні дзень гэтымі паслугамі карыстаюцца чатыры салдаты Перамогі. У госці да франтавікоў часта заходзяць не толькі сацыяльныя работнікі, але і моладзь, каб падзякаваць за свабоду і незалежнасць. На жаль, з кожным годам ветэранаў становіцца ўсё менш: сёння ў раёне пражывае ўсяго 20 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Кожны з іх акружаны клопатам і ўвагай. 

Аказваем падтрымку і ветэранам працы. У калектыўных дагаворах вытворчых кааператываў, прадпрыемстваў і арганізацый раёна прадугледжаны меры па аказанні дапамогі былым работнікам, якія ўключаюць апрацоўку прысядзібных участкаў, забеспячэнне якасным насеннем, пасадку бульбы, выдзяленне аўтатранспарту, рамонт дымаходаў і іншыя пункты.

– Якую ролю раённы савет ветэранаў адыгрывае ў арганізацыі адпачынку пажылых людзей? 

– Мы імкнёмся зрабіць жыццё тых, хто выйшаў на заслужаны адпачынак, больш насычаным і цікавым. Як вядома, найлепшая крыніца пазітыву і яркіх эмоцый – гэта падарожжы. Разам мы ўжо пабывалі ў Нацыянальнай бібліятэцы і музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, наведалі з экскурсіямі “Лінію Сталіна”, Брэсцкую крэпасць, этнаграфічны комплекс рамёстваў “Дудуткі”, замкавы музейны комплекс “Мір” і іншыя гістарычныя мясціны Беларусі. Таксама арганізуем розныя аб’яднанні па інтарэсах. У Шчучыне, да прыкладу, вялікай папулярнасцю карыстаюцца клубы “Лад” і “Для тых, хто не лічыць гады”, дзе пажылыя людзі збіраюцца разам, знаёмяцца, пашыраюць свой кругагляд, знаходзяць заняткі па душы. Падобныя клубы дзейнічаюць у Астрыне, Васілішках і іншых населеных пунктах раёна.

– Як ветэраны ўдзельнічаюць у патрыятычным выхаванні моладзі?

– Мы актыўна падтрымліваем усе ініцыятывы, з якімі выступае раённы камітэт ГА “БРСМ”. Часта сустракаемся са школьнікамі на мітынгах і піянерскіх зборах, удзельнічаем у рабоце школьных музеяў. Разам з вучнямі праводзім акцыю “Дарогамі герояў Перамогі”, прысвечаную памяці загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны савецкіх воінаў. Арганізуем і іншыя патрыятычныя мерапрыемствы. Такім чынам умацоўваем сувязь пакаленняў і прывіваем моладзі любоў да Радзімы і свайго народа.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

З першых вуснаў

Дзмітрый Кірылавіч РЭВЕРА – старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі ААТ “Першамайск-Агра”:

– Я ўзначаліў ветэранскую пярвічку 24 гады назад. На той час яна мела «прапіску» ў былым калгасе імя Фрунзе і налічвала ў сваіх радах звыш 20 чалавек – ветэранаў, удзельнікаў вайны і прыроўненых да іх асоб. На вялікі жаль, з таго вялікага баявога брацтва ў нашых радах засталася толькі адна работніца тылу... Тым не менш і сёння сярод маіх саратнікаў многа сапраўдных патрыётаў, дастойных людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, маладых сэрцам і духам прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Гэта Рыма Аркадзьеўна Бубнова, Зінаіда Пятроўна Ераміновіч, Станіслаў Юльянавіч Навагродскі... Да прыкладу, цяпер мы з Зінаідай Пятроўнай Ераміновіч – у клопатах пра школьны музей баявой і працоўнай славы. Памяшканню, у якім ён знаходзіцца, патрэбны рамонт і абнаўленне. Гэта вельмі запатрабаваны куток гісторыі і памяці: каб пазнаёміцца з экспанатамі і артэфактамі, сюды прыязджаюць з іншых мясцін. З боку раённай улады знаходзім разуменне, вельмі разлічваем і на дапамогу.

Часам у мяне пытаюцца: чаму, маючы за плячамі 78 год, не пакідаю грамадскую работу? Ды таму, што я былы ваеннаслужачы, чэкіст-пагранічнік. Сядзець у чатырох сценах і не мець зносін з людзьмі – гэта не для мяне. Той малады энтузіязм не адпускае. Ды і саратнікі па ветэранскай арганізацыі таксама. На спробу перадаць кіраўніцтва малодшым атрымліваю адмову: маўляў, працуй.

 Жадаю ўсім ветэранам здароўя і радасці. Жывіце доўга на зямлі!

Ніна Пятроўна ЛІПСКАЯ, старшыня ветэранскай арганізацыі Васілішкаўскага сельсавета:

– На сённяшні дзень у нашай арганізацыі засталося толькі тры ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, няма ўжо побач з намі большасці тых людзей, дзякуючы якім мы жывём пад мірным небам у нашай свабоднай Беларусі. 

У ААТ “Васілішкі” заўсёды з асобай увагай ставіліся да ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Кожны год у Дзень Перамогі, у Дзень нараджэння, а таксама ў іншыя святы яны атрымлівалі матэрыяльную дапамогу. Адрамантаваць жыллё або печку – і ў гэтых пытаннях ніколі не было адмовы. І транспарт можна было выпісаць два разы ў год бясплатна, і прысядзібны надзел апрацаваць, дый любую просьбу ветэранаў кіраўніцтва заўсёды гатова было разгледзець, любое пытанне вырашыць. 

На тэрыторыі Васілішкаўскага сельсавета пражывае каля 2000 ветэранаў працы, амаль 200 з іх працуюць у ААТ “Васілішкі”. Сёлета ў нашай гаспадарцы пачало дзейнічаць палажэнне аб прысваенні звання “Заслужаны работнік ААТ “Васілішкі”. Яго ўжо ўдастоены пяць былых працаўнікоў. Усе гэтыя людзі – ардэнаносцы, маюць высокія ўзнагароды. Разам з ганаровым званнем, а затым і штогод працаўнік атрымлівае матэрыяльную падтрымку ў памеры 20 базавых велічынь. 

Георгій Аляксеевіч БЯЛКО, член савета раённай ветэранскай арганізацыі:

– Некалькі год таму, пакуль не аб’ядналі два сельсаветы, я ўзначальваў ветэранскую арганізацыю на тэрыторыі Галавічпольскага сельсавета. Былі часы, калі ў яе састаў уваходзіла больш за 40 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер не засталося нікога… 

Я заўсёды прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці Шчучынскай раённай ветэранскай арганізацыі, выступаў на пленумах, быў гатовы дапамагчы ў вырашэнні самых розных пытанняў. І цяпер я цесна супрацоўнічаю са старшынёй Васілішкаўскага сельвыканкама Т.І. Зубрыцкай. Вось і нядаўна дапамагаў наводзіць парадак каля помніка настаўнікам Камінскім у Вялікім Сяле. Гатовы падтрымаць любую карысную ініцыятыву і дапамагчы сваім землякам.

Голосов пока нет

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)