Здаць ЦТ па замежнай мове на 100 балаў – гэта па-нашаму!

Выпускніца гімназіі г. Шчучына, залатая медалістка Анастасія Каспярчук набрала максімальную колькасць балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па англійскай мове.

Да іспыту Насця рыхтавалася сур’ёзна: займалася з двума знаўцамі замежнай мовы. Цяпер дзяўчына з упэўненасцю сцвярджае, што дзякуючы шчасліваму выпадку ЦТ здаць немагчыма. Гэта грунтоўная праверка ведаў і вынік шматдзённай працы.

За максімальную колькасць балаў Насці прыйшлося заплаціць не малую цану, прычым разлічвацца давялося… сном, вольным часам і нават захапленнямі.

 – Раней я хадзіла ў школу бальных танцаў, але ў апошнія гады усе мае намаганні былі накіраваны на вучобу, – прызналася Анастасія Каспярчук. – Англійскай мовай я пачала сур’ёзна займацца яшчэ ў шостым класе. Спачатку было складана, аднак з цягам часу яна мяне проста захапіла, я нават пачала глядзець фільмы без перакладу.

Аднак дзяўчыне хацелася сустрэцца з сапраўднымі носьбітамі англійскай мовы, наведаць Англію… Мары было наканавана збыцца! Некалькі гадоў таму, дзякуючы вандроўцы, якая была арганізавана гімназіяй, Насця пабывала ў Польшчы, Германіі, Францыі, Шатландыі і Англіі. На памяць засталіся самыя яркія ўспаміны і фотаздымкі. Пасля паездкі дзяўчына з новымі сіламі прыступіла да вывучэння замежнай мовы.

 – Я вельмі ўдзячна настаўніцы англійскай мовы Антаніне Міхайлаўне Злачэўскай. Менавіта яна дапамагла атрымаць і адшліфаваць тыя веды, якія я прадэманстравала падчас ЦТ. Я таксама ўдзячна і настаўнікам кафедры англійскай мовы гімназіі г. Шчучына. Заданні на ЦТ былі не з лёгкіх, аднак дзвюх гадзін мне хапіла, каб пераадолець хваляванне і справіцца з пастаўленай задачай.

 – Да апошняга сумнявалася, ці правільна адказала на ўсе пытанні, – успамінае Насця. – Пасля іспыту пагаварыла з настаўніцай і пераканалася, што заданні я выканала беспамылкова. І я, і мае блізкія вельмі радаваліся, калі даведаліся, што ў мяне па ЦТ 100 балаў!

Цэнтралізаванае тэсціраванне па іншых прадметах Анастасія Каспярчук таксама здала добра. Падсумаваўшы балы па ўсіх іспытах, дзяўчына вырашыла паступіць у МДЛУ і стаць лінгвістам. Насця пераканана, што кожны малады чалавек павінен добра валодаць замежнай мовай. Гэта прэстыжна і перспектыўна.

Ганна КАСПЕР.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!