Атрымліваюць узнагароды васілішкаўскія жывёлаводы

Старшыня Шчучынскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Г.Ф. Шандроха заехаў у ААТ “Васілішкі”, каб у рамках акцыі “Наш жывёлавод” уручыць прадстаўнікам гэтай нялёгкай прафесіі заслужаныя ўзнагароды.

Генрых Феліксавіч зазірнуў на малочнатаварны комплекс “Васілішкі”, каб адзначыць Падзячным пісьмом і грашовай прэміяй аператара машыннага даення Святлану Мікалаеўну Казлову.
– Сваёй добрасумленнай працай Вы заслужылі павагу ў калектыве, Вамі ганарыцца ўся Шчучыншчына, – выказаў цёплыя словы ў адрас перадавіцы Г.Ф. Шандроха. – Менавіта на такіх высокакваліфікаваных спецыялістах і трымаецца жывёлагадоўля.
Як высветлілася, Святлана Мікалаеўна – ураджэнка Казахстана. У Беларусь яна прыехала яшчэ ў юнацтве і вось ужо васямнаццаць гадоў працуе ў ААТ “Васілішкі”. Гаспадарка забяспечыла жанчыну жыллём, ды і заработная плата дастойная. 
– Пасля рэарганізацыі фермы “Васілішкі” ў малочнатаварны комплекс умовы працы тут значна палепшыліся, – зазначае С.М. Казлова. – Цяпер многія вытворчыя працэсы механізаваны, аднак чалавечы фактар па-ранейшаму адыгрывае вялікую ролю. Побач са мной працуюць аператары машыннага даення Яніна Пятроўна Зазуляк і Вольга Валянцінаўна Арцісевіч – вельмі адказныя і неабыякавыя работніцы. За змену мы абслугоўваем 500 кароў, якіх тройчы ў суткі доім. Каб атрымаць малако класа “экстра”, строга прытрымліваемся ўсіх тэхналогій. Пасля кожнай дойкі абавязкова прамываем даільнае абсталяванне спецыяльнымі сумесямі, каб ў малакаправод не трапілі мікробы. 
Адказна ставіцца да выканання сваіх абавязкаў і аператар машыннага даення МТК “Галавічполе” В.С. Пац, якая таксама атрымала ўзнагароды ад прафсаюзнага лідара раёна Г.Ф. Шандрохі.
– Устаю на працу ў пяць гадзін раніцы, а дадому вяртаюся позна вечарам, – гаворыць Вера Сцяпанаўна. – На нашым комплексе ўтрымліваецца 1100 кароў, у тым ліку 790 галоў дойнага статка. І ўсе яны павінны быць дагледжаны. Работы хапае, але і пра адпачынак не забываем: выхадныя ў нас строга па графіку.
Падзячнымі пісьмамі і грашовымі прэміямі прафсаюза работнікаў АПК у той дзень былі адзначаны і жывёлаводы Алеся Валянцінаўна Адамовіч з МТК “Кронькі” і Таццяна Іванаўна Ткачук з МТК “Бакшты”. Генрых Феліксавіч Шандроха падзякаваў жанчынам за добрасумленную працу і пажадаў моцнага здароўя, удачы, сямейнага дабрабыту і новых працоўных перамог. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

Средняя: 5 (1 оценка)

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)