Каб зарабіць, трэба працаваць

Гэтымі красавіцкімі днямі на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна працуюць брыгады, сфарміраваныя аддзелам дзяржаўнай службы занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама. Як расказала начальнік гэтага аддзела Г.С. Паўлюкевіч, у складзе такіх часовых вытворчых груп – звыш 300 чалавек. Гэта людзі, якія не маюць сталай работы. У прыватнасці, у ААТ “Шчучынаграпрадукт” знайшліся месцы прыкладання сіл для двух дзясяткаў чалавек. У вытворчых участках “Янчукі” і “Балічы” яны ачышчаюць палі ад камення, а ў бульбасховішчы, што ля вёскі Заполле, займаюцца пераборкай клубняў.

Вызначае фронт работы і накіроўвае працэс у бульбасховішчы яго загадчыца Т.А. Клышэвіч. У дзень нашага прыезду ў падпарадкаванні Таццяны Афанасьеўны знаходзілася 6 чалавек. «Было сямёра, але адзін не вытрымаў нагрузкі», – заўважае жанчына. – Што ж, работа не з лёгкіх...».
Чацвёра мужчын і дзве жанчыны перабіраюць бульбу і затарваюць у сеткі. Клубні падзяляюць на тры фракцыі: буйную, насенную і фуражную. Працуюць тут з пачатку красавіка. Паколькі ўсе мясцовыя – з Баліч і пасёлка Ражанка, то дабіраюцца сюды пешшу ці на веласіпедах. Рабочы дзень доўжыцца з васьмі гадзін раніцы да пяці вечара, як і належыць, з перапынкам на абед. 


– Сёння папрацавалі на славу – не проста перабралі, але і загрузілі бульбу ў фуру, якая адправілася на Расію, – задаволена Т.А. Клышэвіч. – Падабраліся ў брыгадзе людзі старанныя і адказныя. Пры добрым раскладзе будуць заняты тут яшчэ тыдзень.
Пакуль мужчыны грузяць сеткі з бульбай, жанчыны пераборку клубняў не спыняюць. Загледзелася, як увішна напаўняе вядро адна з іх. Падышла, пазнаёмілася. Руплівай працаўніцай аказалася жыхарка пасёлка Ражанка Вера Іванаўна Байгот. Яна – мнагадзетная мама, выхоўвае з мужам чацвёра дзетак. Дома спраўна вядзе гаспадарку і трымае ў хляве шмат жыўнасці.
– Раней наша сям’я жыла ў Мардасах, а я працавала даяркай у СВК “Орля”, – дзеліцца жанчына. – Потым нам дзяржава купіла дом у пасёлку Ражанка. Знайсці новую работу дапамаглі ў службе занятасці.
Каб зарабіць, трэба брацца за любую справу, лічыць В.І. Байгот. Таму не зважае на непастаянны характар цяперашняй работы, вельмі стараецца і спадзяецца атрымаць у ААТ «Шчучынаграпрадукт» сталую працу. А вось яе напарніца на пераборцы бульбы прызналася, што разглядае для сябе такі занятак менавіта як часовы. Тым не менш, як толькі звольнілася з папярэдняга месца работы, гэта жанчына паступіла разумна – адразу ж паспяшалася ў службу занятасці.
Па розных жыццёвых абставінах аказаліся сярод беспрацоўных і знайшлі дарогу на біржу і іншыя члены брыгады. Усе яны раней працавалі, маюць спецыяльнасці. Здаецца, ужо зразумелі, што, сышоўшы аднойчы з працоўнай дыстанцыі, вярнуцца пасля перапынку назад не так проста. На рынку працы цяпер канкурэнцыя.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!