У памяць аб загінуўшых, у імя жывых

У рамках рэспубліканскага суботніка вучні трэцяй гарадской школы сумесна з выхаванцамі сельскагаспадарчага ліцэя навялі парадак на магіле ахвяр фашызму на тэрыторыі былога аэрадрому, дзе 9 мая 1942 года гітлераўскія акупанты расстралялі 2060 мірных грамадзян Шчучына.

Рабяты прыбралі тэрыторыю мемарыяла: падграбілі сухую траву, вынеслі смецце і пажухлае лісце, пафарбавалі фундамент агароджы. 
– На суботнік сюды я прыходзіла яшчэ будучы школьніцай, не раз удзельнічала ў памятных мітынгах, – гаворыць трэццякурскіца сельскагаспадарчага ліцэя Таццяна Місюк. – Закладзеныя ў школе традыцыі працягваю і цяпер. Лічу, што мы, маладое пакаленне шчучынцаў, павінны захоўваць памяць аб той вайне, каб падобнае ніколі не паўтарылася.

izobrazh_014.jpg

izobrazh_080.jpg
З аднакурсніцай згодна і Вольга Ступакевіч, якая таксама самааддана працавала на суботніку.
– Я з задавальненнем падтрымліваю шматлікія патрыятычныя акцыі і ініцыятывы, – зазначае дзяўчына. – Да прыкладу, прымала ўдзел у закладцы яблыневага саду, які быў пасаджаны ў гонар Вялікай Перамогі ля будынка нашага ліцэя. Яшчэ год-два і тут вырастуць першыя яблыкі.
Наводзіць парадак на тэрыторыі мемарыяла рабятам дапамагала і старшыня прафсаюзнай арганізацыі сельскагаспадарчага ліцэя г. Шчучына С.А. Лунгу.
– Набліжаецца 9 мая – Дзень Перамогі, і ўсе помнікі і брацкія магілы на тэрыторыі раёна павінны быць прыведзены ў належны стан, – лічыць Святлана Аляксандраўна. – Гэта наша памяць і даніна павагі тым, хто падарыў нам магчымасць жыць пад мірным небам.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

izobrazh_041.jpg

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!