“Снежны снайпер” вызначыў самых хуткіх і меткіх | Дзяннiца

“Снежны снайпер” вызначыў самых хуткіх і меткіх

Версия для печатиВерсия для печати

У Мінску прайшоў рэспубліканскі этап спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне, лыжных гонках і стральбе з пнеўматычнай зброі “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. У спартыўным свяце прынялі ўдзел 190 юных біятланістаў з усёй рэспублікі.

Спачатку рабяты спаборнічалі ў стральбе па мішэнях, а затым прабеглі  лыжню на дыстанцыю тры кіламетры. Па выніках гэтых двух спартыўных відаў былі вызначаны прызавыя месцы ў біятлоне.

Выхаванцы Мажэйкаўскай базавай школы Улідзіслаў Зянкевіч і Анастасія Сосна, а таксама спартсменка Васілішкаўскай СШ Ксенія Скараход, якія выступалі на спаборніцтвах у складзе зборнай Гродзеншчыны, прадэманстравалі высокае майстэрства, упартасць і вялікае жаданне перамагчы. У выніку ўсе яны заваявалі “срэбра” ў сваіх узроставых катэгорыях. У агульным заліку каманда Гродзенскай вобласці таксама заняла другое месца. Прызёры спаборніцтваў былі ўзнагароджаны дыпломамі, медалямі, кубкамі Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, а таксама лыжнымі камбінезонамі і спартыўнымі касцюмамі для актыўных заняткаў фізічнай культурай.

-- Падчас спаборніцтваў мы з настаўнікам фізічнай культуры Мажэйкаўскай базавай школы Савеліем Іосіфавічам Пачабутам пастаянна падтрымлівалі рабят, дапамагалі ім справіцца з хваляваннем, -- гаворыць трэнер Васілішкаўскай СШ Генрых Мар’янавіч Рушніцкі. – Выступленнем нашых юных біятланістаў у цэлым задаволены, але ў наступным годзе абавязкова паспрабуем узяць рэванш і заваяваць “золата”!

Аляксандр КАСПЯРЧУК.