У садзе Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі ідзе збор чарэшні
У садзе Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі немагчыма прайсці міма дрэў чарэшні: буйныя спелыя ягады, пад цяжкасцю якіх аж гнуцца галінкі, так і просяцца ў руку, а іх насычаны і сакавіты смак нікога не пакіне раўнадушным.
-- Пладаносны чарэшневы сад ў нас займае 0,25 гектара, -- гаворыць аграном Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі Алена Уладзіміраўна Рушніцкая. – Дрэвы тут узростам ад 2 да 15 гадоў расійскай і польскай селекцыі. Ранняй вясной мы апрацавалі іх ад хвароб. Дарэчы, традыцыйна робім 1-2 хімапрацоўкі да цвіцення, таму наша чарэшня экалагічна чыстая і бяспечная. Частыя дажджы і цёплае надвор’е паспрыялі наліву ягад. Штодзень збіраем каля 150 кілаграмаў чарэшні, якую паспяхова прадаём у нашым фірменным магазіне, які размяшчаецца на цэнтральным гарадскім рынку. Цана вельмі прывабная – 3 рублі 99 капеек, таму тавар на паліцах не залежваецца. Да прыкладу, у першы дзень продаж рэалізавалі 88 кілаграмаў ягад, у другі – 128 кілаграмаў.
Не ўтрымаліся і мы ад дэгустацыі: чарэшня ў навукоўцаў сапраўды сакавітая і вельмі салодкая. Усе ягады – адна ў адну: вялікія і пругкія. Пакуль паспела толькі чырвоная чарэшня, але на падыходзе жоўтая, якую таксама хутка можна будзе набыць у фірменным магазіне занальнага інстытута.
-- Сёлета мы заклалі новы сад чарэшні польскай селекцыі на плошчы 0,25 гектара, -- зазначае Алена Уладзіміраўна Рушніцкая. – Ужо ў наступным годзе разлічваем атрымаць тут першы салодкі ўраджай. Таксама пасадзілі малодзенькія слівы, якія выдатна прыжыліся.
Дарэчы, спелая чарэшня – не адзіная ягада, якой сёлета парадуюць сваіх кліентаў навукоўцы. У сярэдзіне ліпеня ў продажы з’явіцца буйнаплодная алыча сорту “Камета”, а таксама буякі, маліна, ажына і першыя яблыкі сорту “Жэнева ранняя”. Прыходзьце за пакупкамі ў фірменны магазін занальнага інстытута і курс вітамінізацыі вам забяспечаны!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.