У карагодзе дабрыні | Дзяннiца

У карагодзе дабрыні

Версия для печатиВерсия для печати

У выхаванца Васілішкаўскага дома-інтэрната Арцёма Арцісевіча сёлета збылася запаветная мара. Хлопчык падчас навагодняга свята, якое ладзілася ў доме-інтэрнаце, атрымаў у падарунак ад Дзядулі Мароза энцыклапедыю пра жывёл. У той дзень ніхто з яго сяброў не застаўся без увагі. 
  Напярэдадні Новага года ў рамках традыцыйнай рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”, што праходзіць пад патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Васілішкаўскі дом-інтэрнат наведалі з падарункамі ганаровыя госці – старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкамам А.К. Зімнавода, начальнік Гродзенскага абласнога  ўпраўлення дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь У.М. Лянко, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама А.П. Новік, старшыня Шчучынскага раённага аб'яднання прафсаюзаў Юрый Тадэвушавіч Пашук і многія іншыя.

  Ва ўтульнай зале ля прыгажуні-ёлкі госці вадзілі карагоды з выхаванцамі дома-інтэрната. Тут панавала па-сапраўднаму святочная атмасфера. Рабяты разам з казачнымі героямі вызвалялі з палону Бабы Ягі прыгажуню-Снягурачку, танцавалі і  спявалі навагоднія песні. Самым хвалюючым момантам стала запальванне на ёлцы рознакаляровых агеньчыкаў. Затым хлопчыкі і дзяўчынкі ў прыгожых маскарадных касцюмах з задавальненнем расказвалі падрыхтаваныя для Дзядулі Мароза вершы, агучвалі свае самыя запаветныя жаданні.  
  Між іншым, мары многіх выхаванцаў збываліся прама на вачах. Так, дзякуючы сумесным намаганням супрацоўнікаў дома-інтэрната, педагогаў і студэнтаў юрыдычнага факультэта Гродзенскага ўніверсітэта ім. Я.Купалы амаль паўсотні хлопчыкаў і дзяўчынак атрымалі ў падарунак ад Дзядулі Мароза ўсё тое, аб чым напісалі ў пасланні.  
  –  Мы атрымалі лісты ад рабят, сабралі неабходныя сродкі і дапамаглі здзейсніцца дзіцячым марам, – гаворыць загадчык кафедры працоўнага i сацыяльнага права Гродзенскага ўніверсітэта ім. Я.Купалы  Г.Г. Аўдзей. – Бачылі б вы, як свяціліся шчасцем вочы рабят, калі яны атрымлівалі плэеры, спартыўныя рэчы, флэшкі і іншае.
  Увогуле, гэта сустрэча была багатай на падарункі, якія падрыхтавалі шэфы. Дабрачыннасць не абмежавалася слодычамі. Выхаванцы Васілішкаўскага дома-інтэрната атрымалі падарункі ад ААТ “Лідскае піва”, ААТ “Лідахарчканцэнтрат”, Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта”, дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Свет без межаў”, ДРУП “Гроднаэнерга”, СТАА “Контэ Спа”, «Клубніка-Плантс” і многіх іншых арганізацый і ўстаноў.
  Не засталося ў баку і ААТ “Васілішкі”, якое  на ўмацаванне матэрыяльнай базы пералічыла на рахунак інтэрната 15 мільёнаў рублёў. 
  На навагодняе свята да рабят завіталі і даўнія сябры –  каталіцкая моладзь з пасёлка Рось і горадп Ліды разам з ксяндзом Андрэем Радзевічам і валанцёрам Вольгай Тарасевіч. Сёлата наведалі рабят і шчучынскія праваслаўныя святары, далучыліся да акцыі валанцёры. 
Ад душы падзякаваў “Дзядам Марозам” за падтрымку дырэктар дома-інтэрната Генадзь Генрыхавіч Паўлюкевіч, які адзначыў, што аказаная спонсарамі  дапамога будзе накіравана на стварэнне камфортныях умоў для пражывання выхаванцаў Васілішкаўскага дома-інтэрната. 
  Госці ў той дзень змаглі пазнаёміцца з умовамі жыцця і быту рабят, убачыць іх творчыя работы, а галоўнае пагутарыць з кожным. Усе прысутныя адзначылі, што выхаванцы дома-інтэрната, а іх, дарэчы, каля 160 чалавек, вельмі добразычлівыя адкрытыя і ўмеюць радавацца кожнай новай сустрэчы і кожнаму новаму дню.
  Ганна КАСПЕР. 
  Фота аўтара.