Кожны добрасумленны жывёлавод дастойны ўзнагарод

Ужо другі год запар у сельгаспрадпрыемствах Шчучыншчыны па ініцыятыве раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу праводзіцца акцыя “Наш жывёлавод”, у рамках якой лепшыя прадстаўнікі гэтай нялёгкай прафесіі адзначаюцца ўзнагародамі. Днямі прафсаюзны лідар аграрыяў Г.Ф. Шандроха наведаў гаспадаркі раёна, каб уручыць перадавым жывёлаводам Падзячныя пісьмы і грашовыя прэміі.

Генрых Феліксавіч заглянуў на малочнатаварную ферму “777” ААТ “Шчучынаграпрадукт”, дзе працуе жывёлавод Станіслаў Часлававіч Зубель.

– Дзякуй за бездакорнае выкананне прафесійных абавязкаў, – выказаў цёплыя словы ў адрас перадавіка Г.Ф. Шандроха. – Менавіта на такіх неабыякавых і працавітых людзях і трымаецца сельская гаспадарка.

Якое ж было наша здзіўленне, калі мы даведаліся, што С.Ч. Зубель працуе жывёлаводам на МТФ “777” усяго год. 
– Раней я быў трактарыстам, будаўніком, а потым перакваліфікаваўся, – прызнаецца Станіслаў Часлававіч. – Асвоіць усе тонкасці прафесіі жывёлавода дапамаглі калегі, якія цёпла прынялі мяне ў калектыве. Цяпер абслугоўваю каля 400 кароў: своечасова кармлю іх, чышчу памяшканні, дзе ўтрымліваюцца жывёлы. Работы шмат, але і вынік радуе: на нашай ферме ў суткі мы надойваем амаль 8 тон малака, атрымліваем прыкладна 20 літраў малака ад кожнай рагулі. 

Заслужаную ўзнагароду ад прафсаюзнага лідара раёна атрымала і жывёлавод МТФ “Скоржыкі” ААТ “Шчучынаграпрадукт” Н.М. Багданава.

– Мае бацькі трымалі кароў, таму я з дзяцінства прывучана даглядаць жывёлу, – дзеліцца Наталля Міхайлаўна. – Менавіта гэтым у гаспадарцы і займаюся ўжо на працягу 11 гадоў. Наша ферма самая старая ў сельгаспрадпрыемстве, але дзякуючы зладжанай працы ўсяго калектыву мы штогод дабіваемся дастойных вытворчых паказчыкаў. Кожны дзень надойваем тут 6 тон малака, з якіх 5,9 тоны здаём вышэйшым гатункам на перапрацоўку на Шчучынскі масласырзавод.

За высокія працоўныя дасягненні Падзячнымі пісьмамі і грашовымі прэміямі прафсаюза работнікаў АПК былі таксама ўзнагароджаны жывёлаводы ААТ “Шчучынаграпрадукт” Юрый Генадзьевіч Сяргей, Таццяна Уладзіміраўна Амінава, Вольга Аркадзьеўна Чарняк і Анатолій Віктаравіч Кукаль.

Узнагароды знайшлі сваіх герояў і ў саўгасе “Вялікае Мажэйкава”, ААТ “АграГЖС” і “Дэмбрава”.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

Голосов пока нет

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)