Такая творчая Таццяна

Сёлета аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама па выніках працы за 2016 год увайшоў у тройку лепшых у вобласці. У гэтым вялікая заслуга былога начальніка аддзела С.Г. Касперчука і яго калег па творчым цэху. Таццяна Васільеўна Ганчарук – адна з іх. Намеснікам начальніка яна працуе трэці год, аднак ужо паспела заваяваць павагу кіраўніцтва і калег. 

З Таццянай Ганчарук мы знаёмы даўно. Родам з аднаго пасёлка, разам хадзілі ў агульнаадукацыйную і музычныя школы. Таццяна са шматдзетнай сям’і. Яе бацькі заўсёды былі прыкладам для пераймання, плённа працавалі. Вось і Таццяна ад іх не адстае: па выніках працы за мінулы год была прызнана адной з лепшых сярод работнікаў сферы культуры раёна. 

Свой працоўны шлях яна пачала ў роднай Астрыне, куды вярнулася пасля заканчэння Гродзенскага музычнага каледжа. Як кажуць, дзе нарадзілася, там і спатрэбілася. Маладога прыгожага кіраўніка гуртка спеваў адразу палюбілі ўсе выхаванцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Яна ўмела знайсці падыход да кожнага хлопчыка і дзяўчынкі, арганізаваць цікавыя конкурсы. З задавальненнем дзяліла настаўніца сцэну са сваімі таленавітымі выхаванцамі. Без яе ўдзелу не абыходзілася ні адно мерапрыемства ў пасёлку. Высокакваліфікаванага спецыяліста заўважыла кіраўніцтва раёна і прапанавала дзяўчыне пасаду другога, а затым і першага сакратара РК БРСМ. Працаваць з моладдзю і падлеткамі Таццяне падабалася. Ды і атрымлівалася гэта ў яе выдатна. На яе рахунку было нямала перамог, у тым ліку асабістых. Таму не раз трапляла яна ў пільны аб’ектыў фотакамеры нашых карэспандэнтаў.

У хуткім часе Таццяна Ганчарук стала начальнікам аддзела па справах моладзі, а пасля – намеснікам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

“Адказная, адукаваная, дысцыплі­на­ваная,” – так характарызуе яе кіраўніцтва. Таццяна Ганчарук аказаны давер апраўдвае. Яна пераканана у тым, што трэба ўмець рабіць усё тое, што патрабуеш ад іншых. Менавіта таму ніколі не спыняецца на дасягнутым, працуе над сабой, шмат чытае, пераймае вопыт калег. Яна – юрыст, псіхолаг і настаўнік музыкі. Кажа, што вучылася не дзеля “корачак”. Атрыманыя веды Таццяна ўдала прымяняе на практыцы. З лёгкасцю спраўляецца з дакументацыяй, хутка знаходзіць агульную мову са спецыялістамі свайго аддзела, з радасцю займаецца арганізацыяй мерапрыемстваў, актыўна шукае дзелавых партнёраў за мяжой. За ініцыятыву і добрасумленную працу Таццяна Ганчарук бала ўзнагароджана шматлікімі граматамі і дыпломамі. 

Яна не толькі выдатны спецыяліст, але і добрая дачка і сястра, клапатлівая жонка. Ёсць у яе і свае жаночыя сакрэты. Каб заўсёды быць у форме, мая суразмоўца займаецца спортам, прымае актыўны ўдзел у велапрабегах, раённым турыстычным злёце, руліць на конкурсе “Аўталэдзі”. Ёсць у Таццяны і яшчэ адна любоў. Любоў да музыкі. Калі збіраецца разам уся сям’я, дастае гітару, каб сыграць любімыя шлягеры для дарагіх людзей. Вось такая творчая асоба наша Таццяна. 

Ганна КАСПЕР. 
Фота аўтара.