Змену пад назвай “Смайл” арганізавалі ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Сонейка”, які дзейнічае ў СШ №1 г. Шчучына

– Больш за 90 дзетак з гарадскіх школ і гімназіі адпачываюць у лагеры, –– расказвае старшы выхавацель Таццяна Чаславаўна Бадзюкова. – А ўзрост у нашых выхаванцаў – ад шасці да дзесяці год. Будучыя першакласнікі таксама з цікавасцю наведваюць лагер. 

 

Кожны дзень праходзіць вельмі насычана. Педагогі пастараліся, каб адпачынак у дзяцей быў яркім і разнастайным. А яшчэ там працуе ўласная студыя “Лета-ТВ”: героем відэароліка можа стаць кожны!

 

– Рабяты ў нас актыўныя, творчыя, таму з задавальненнем удзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, – працягвае Таццяна Чаславаўна. – Заняць дзяцей дапамагаюць і нашы партнёры: Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі, раённы цэнтр тэхнічнай творчасці, цэнтр турызму і краязнаўства. Вось і сёння да нас у госці завіталі турысты з усімі неабходнымі ў паходзе прыладамі, каб навучыць дзяцей правільна ставіць палатку, распальваць касцёр. Нядаўна з рабятамі сустракаўся старшы інспектар АДАІ Андрэй Аляксандравіч Антановіч. Дзеці не толькі паслухалі, наколькі важна выконваць правілы дарожнага руху, але змаглі пасядзець за рулём спецыялізаванага аўтамабіля Дзяржаўтаінспекцыі. 

 

 

Кожны дзень у лагеры праходзіць пад знакам тэлеканала. Першы дзень працаваў тэлеканал “Знаёмства”, затым “Супрацоўніцтва”, “Дабрачыннасць”, “Вандроўка. Край Гарадзенскі”, “Культура”, “Адкрыццё” і іншыя. Падчас работы тэлеканала “Вандроўка. Край Гарадзенскі” дзеці ўвесь дзень прысвяцілі гораду: прайшла квэст-гульня “Мой любы горад”, конкурс на лепшы турыстычны маршрут па Шчучыне і конкурс экспромтаў “Люблю цябе, мой родны горад!”. Вельмі спадабаўся дзецям тэлеканал “Адкрыццё”. Першая яго частка была звязана з гісторыяй – рабяты пабывалі на інтэрактыўнай экскурсіі “Сем цудаў Шчучыншчыны”, а падчас другой дзеці знаёміліся з робатамі, якіх прывезлі для іх з робатастанцыі. За добрыя справы ў лагеры хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць смайлікі, якія затым могуць абмяняць у штабе лагера на прызы. 

 

– З вялікім задавальненнем рабяты прымаюць удзел у валанцёрскім дэсанце, – расказвае Таццяна Чаславаўна. – Яны лічаць вельмі важным дапамагчы пажылым людзям: схадзіць у магазін, дый проста пагутарыць. 

 

Выхаванцаў “Сонейка” чакае яшчэ шмат цікавага: у хуткім часе яны накіруюцца ў пешаходныя экскурсіі па родным горадзе, а таксама абавязкова пабываюць у цэнтры бяспекі МНС у Лідзе. Яны ўвесь дзень будуць размаўляць на беларускай мове, прымаючы ўдзел у акцыі “Гавары са мной па-беларуску”. Свае творчыя здольнасці дзеці змогуць праявіць у конкурсе малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў, у “Часе фальклору”. Наперадзе – многа самых розных мерапрыемстваў, у тым ліку і Дзень імянінніка, і прэмія “Трыумф”, прысвечаная закрыццю лагера, і многія іншыя. 

 

– Адпачываць у лагеры весела і здорава! – гаворыць Ганна Майко. – Сумаваць я не люблю, таму прымаю ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах. Найбольш спадабалася мне квэст-гульня. 

 

Згодна з Ганнай і Паліна Будзіловіч. Яна вельмі задаволена, што знайшла тут новых сяброў, пазнаёмілася з іншымі дзяўчынкамі.

Ян Вінча любіць маляваць, таму ён удзельнічае ва ўсіх творчых конкурсах. Адзін з апошніх – “Гродзеншчына вачыма дзяцей”. А яшчэ Яну вельмі смачна харчавацца ў гімназічнай сталоўцы, таму ён з’ядае ўсё, што прапануюць мясцовыя повары. 

 

…У тым, што дзецям і сапраўды весела і цікава, я змагла пераканацца сама. Пад музыку, якая даносілася з актавай залы, з выдатным настроем танцавалі выхаванцы “Сонейка”. Адпачынак удаўся!

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота з архіва лагера.