Жыць, радавацца, тварыць!

Нельга ўявіць наша жыццё без культуры. Яна з’яўляецца той невычэрпнай крыніцай мудрасці, духоўнасці, багатых народных традыцый, той сілай, якая аб’ядноўвае людзей. Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці – сапраўдная скарбніца талентаў. Тут працуюць надзвычай творчыя і нераўнадушныя, яркія і ініцыятыўныя людзі. Быць артыстам – работа для тых, хто мае талент і прызванне, моцны характар і вялікую душу. Артысты РЦКіНТ менавіта такія!

Кожны дзень спецыялісты РЦКіНТ праводзяць мэтанакіраваную работу па арганізацыі вольнага часу насельніцтва, развіццю творчых здольнасцей дзяцей і моладзі, папулярызацыі значных дзяржаўных і гістарычных дат, народных святаў і абрадаў, захаванні і развіццю самадзейнай народнай творчасці, адраджэнні народных промыслаў і рамёстваў.
Загадвае цэнтрам неабыякавая і крэатыўная жанчына – Святлана Паўлаўна Жвірбля. Заўсёды сустракае яна гасцей лагоднай усмешкай і ласкавым словам. 
– У аддзелах Шчучынскага РЦКіНТ сёння працуе 29 клубных фарміраванняў рознай накіраванасці, з іх 16 – для дзяцей, – расказвае Святлана Паўлаўна. – Гэтыя клубныя фарміраванні наведваюць 388 чалавек. План пазабюджэтных даходаў мы выканалі на 108,3%.
За высокімі паказчыкамі – плённая праца людзей.
– Я бязмежна рада, што мне шанцуе на добрых спецыялістаў, – працягвае размову дырэктар РЦКіНТ. – Побач не першы год працуюць надзейныя і адказныя людзі: Дзмітрый і Генадзь Пановы, Аксана Сямыкіна, Сяргей і Марыя Сідаровічы, Алена Барэль, Таццяна Ціцяк, Валянціна Маркевіч і іншыя. Адразу “спрацаваліся” мы з новым пакаленнем артыстаў – Яўгеніям Вашчыла, Кацярынай Міхеенка, Вікторыяй Даўгашыяй і іншымі. Усім вельмі ўдзячна за бязмежную любоў да сваёй прафесіі і адданасць справе.
Дзякуючы агульным намаганням у 2017 годзе на высокім узроўні былі праведзены мерапрыемствы, прысвечаныя да 500-годдзя Шчучына, свята музыкі Чэслава Немэна, свята кветак, мерапрыемствы, прымеркаваныя да дзяржаўных святаў, святы народнага календара: «Масленіца», «Шчучынскі кірмаш», «Купалле» і іншыя мерапрыемствы. 


А якія цудоўныя канцэрты з удзелам беларускіх і расійскіх зорак ладзіліся ў РЦКіНТ! З канцэртамі прыязджалі Ігар Нікалаеў, Руслан Аляхно, Віктар Каліна, Алёна Ланская і многія іншыя таленавітыя артысты.
Праходзяць стагоддзі, а нацыянальная культура жыве і працягваецца не толькі ў традыцыях і народнай творчасці, але і ў сучасным мастацтве. І тут нельга не адзначыць стваральную працу майстроў аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва РЦКіНТ, якія ператвараюць простыя рэчы ў сапраўдныя шэдэўры. Вырабы шчучынскіх майстроў карыстаюцца папулярнасцю не толькі ў нашым раёне, але і далёка за яго межамі. Наладжана цеснае супрацоўніцтва і з майстрамі народнай творчасці Шчучыншчыны. У картатэцы аддзела – 627 народных умельцаў! Спецыялісты займаюцца захаваннем і развіццём традыцыйных беларускіх рамёстваў. Не пустуе адноўлены музейны пакой «Рамёствы Шчучыншчыны». Шмат увагі ўдзяляюць работнікі РЦКіНТ захаванню гісторыка-культурных каштоўнасцей Шчучынскага раёна.
Працаваць у будні і святы – звыклая справа для работнікаў культуры. Іх прызванне – дарыць людзям свята і добры настрой. Усяго за мінулы год цэнтрам было праведзена і арганізавана1007 культурна-масавых мерапрыемстваў, у тым ліку на платнай аснове – 453 мерапрыемствы, якія наведалі 26054 чалавекі. За 2017 год калектывы і ўдзельнікі клубных фарміраванняў РЦКіНТ прынялі ўдзел у 16 фестывалях і конкурсах.
Па выніках мінулага года калектыў Шчучынскага РЦКіНТ быў узнагароджаны Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Так трымаць, работнікі культуры! 
Ганна КАСПЕР. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!