Жыць па-вясковаму хай і нялёгка, усе мы вяртаемся зноў да вытокаў...

У адну з субот мы накіраваліся на вёску, каб паглядзець, як жывуць сяляне, і вось што з гэтага атрымалася. 

Скрыпач з Мінюцеўкі

Аляксандр Уладзіміравіч Рышкевіч размяняў восьмы дзясятак. Усё жыццё працаваў у калгасе трактарыстам, таму да вёскі душой прыкіпеў. Ёсць у яго і яшчэ адна любоў, любоў да музыкі. 
Вясковы музыка скрыпку першы раз узяў у рукі ў дзяцінстве: тата Аляксандра дасканала валодаў гэтым інструментам і свае веды перадаў сыну. А ў адзінаццаць гадоў наш герой першы раз сыграў на вяселлі. Скрыпка, здавалася, спявала ў руках хлапчука. З таго часу без скрыпача не абыходзілася ні адно вясковае вяселле. А як пра добрага музыканта дазналіся ў суседніх вёсках – таксама пачалі клікаць на святы. Пазней Аляксандр Уладзіміравіч і па калядках хадзіў, і з валачобнікамі людзей спевамі радаваў. Дзве скрыпкі саслужылі яму добрую службу, цяпер, як рарытэт, на сцяне красуюцца. Трэццюю Аляксандр Уладзіміравіч купіў у Астрыне. Яе ў спецыяльным куфры ён беражліва захоўвае і зараз. Дастаў, хацеў для нас сыграць, ды струна падвяла, не вытрымала напругі. Але музыка паабяцаў гэтую недарэчнасць выправіць наступным разам. 


Дзве сотні вушастых гадаванцаў 

Астрынчанін Іван Францавіч Петрушэвіч ведае, як на заслужаным адпачынку заставацца ў добрай фізічнай форме. Ён 4 разы на тыдзень займаецца валейболам. А яшчэ мае разуменне, як выгадаваць 9- кілаграмовага труса. 
Прызнаўся, што за гэтымі хатнімі гадаванцамі прыглядаў з самага дзяцінства – бацькі трымалі вялікую гаспадарку. А як Іван ажаніўся, дык і сам завёў трусоў, ды не абы якіх! Францавіч разводзіць племянных жывёл разнастайных парод: французскі баран, савецкая шыншыла, новазеландскі чырвоны. А зараз і фландэра набыў. 
Усе жывёлы ўтрымліваюцца асобна ў клетках уласнай канструкцыі. Вага дарослых трусоў дасягае 7-9 кілаграмаў.
Іван Францавіч – член аб’яднання трусаводаў. У савецкія часы часта выязджаў з гадаванцамі на выставы. Яго вушастыя былі настолькі прыгожымі, што заваёўвалі першыя месцы. Дыпломы і зараз беражліва захоўваюцца ў сямейным архіве. Дарэчы, за сёлетні сезон астрынчанін выгадаваў звыш 220 трусоў.


Бацькоўскі дом – усяму пачатак 

Вітольд Уладзіміравіч Багдзевіч нарадзіўся ў вёсцы Маляцічы, аднак, як і ўсе, у свой час паспяшаўся за сваім шчасцем у вялікі горад. Вярнуцца на малую радзіму прымусіў сыноўскі доўг: за матуляй спатрэбіўся належны догляд. 
Вясковае жыццё так захапіла, што Вітольд Уладзіміравіч застаўся на вёсцы назусім. Зараз мужчына трымае вялікую гаспадарку. У яго ёсць конь, козы, авечкі, індыкі, куры. Дзень пачынаецца ў шэсць гадзін, таму з усімі хатнімі справамі Вітольд паспяхова спраўляецца. А як жа інакш, калі да працы з маленства прывучаны?! 
У горадзе засталіся жонка, дзве дачкі, дзве ўнучкі і ўнук. А зусім нядаўна на свет з’явіўся першы праўнучак. Аднак у горад Вітольд Уладзіміравіч вяртацца не збіраецца, кажа, што бацькоўскі дом – надзейны прычал, ды і родным людзям ёсць куды на адпачынак прыязджаць.


“Парсючок пад лаўкай бульбачку грызець”… 

Галіна Вандалінаўна і Іван Іосіфавіч Паўловічы жывуць напрыканцы Астрыны. За домам – густой сцяной – лес, суседзяў і не відаць! Аднак сумаваць не даводзіцца, бо ў хлеўчыках – парасяткі рохкаюць. 
Паўловічы – руплівыя працаўнікі. Колькі тых парсючкоў у гаспадарцы – мы лічыць не сталі, на тое ў вяскоўцаў дзеці ды ўнукі ёсць. Здзівіла, што ходзяць хатнія гадаванцы па падворку ланцужком і як толькі паклічуць іх гаспадары – адгукваюцца ды да рук бягуць. Што тут казаць: у дбайных гаспадароў і жывёла разумная. 


Вясковыя клопаты 

Віктар Іванавіч Каспер 50 гадоў плённа працаваў у калгасе. Зараз таксама ні дня без працы не можа пражыць: узяў у арэнду надзел зямлі ды апрацоўвае паціху сваім трактарчыкам.
А яшчэ Віктар Іванавіч разам з жонкай Ганнай Уладзіміраўнай трымаюць гаспадарку. Ахоўваць хлеўчыкі з жывёлай дапамагае чатырохногі сябра – Амур. 
Хапае работы і ў доме. Ганна Уладзіміраўна ўжо падрыхтавалася да маразоў – заставіла вокны. Не забыла гаспадынька і пра добрую вясковую традыцыю: на вуліцы восень – а на падаконніках “цвітуць” кветкі.

 

 

 

 

З вяскоўцамі сустрэлася Ганна КАСПЕР. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!