Журналісты ідуць на ўзлёт!

Заўсёды хацела быць бліжэй да неба, убачыць Шчучын з вышыні птушынага палёту і ... навучыцца кіраваць самалётам. Набраўшыся смеласці, у адзін з летніх дзён накіравалася на аэрадром, каб нарэшце ажыццявіць сваю мару. 

Ідзём на ваенны аэрадром. Яго гісторыя пачынаецца з 1939 года. У савецкія часы тут базіраваліся буйныя авіяцыйныя злучэнні, аднак праз 60 гадоў самалёты са Шчучына вывелі. У 2002 годзе не стала і рамонтных майстэрняў. Аб былой славе «Точного» (менавіта такі пазыўны быў у нашага ваеннага аэрадрома. – Заўвага аўтара) нагадваюць ангары. Але лётнае мінулае не забыта. Дзякуючы ініцыятыве Шчучынскага райвыканкама, пілотаў-аматараў і былых ваенных лётчыкаў аэрадром быў адроджаны: расчысцілі 2 кіламетры ўзлётна-пасадачнай паласы, пад’язныя дарогі.
Ці перспектыўна адраджэнне аэрадрома? Упэўнена, што так, бо гэта можа прынесці гораду нядрэнныя дывідэнды. Былі б толькі ў арсенале добрыя бізнес-планы. 
Сёння ў ангарах зноў “прапісаліся” самалёты, а неба над Шчучынам напоўнілася гулам матораў. Праўда, мэты палётаў цяпер іншыя: тут праходзяць аглядныя палёты для тых, хто не баіцца вышыні, пры гэтым шчаслівы момант здымае відэакамера. Да таго ж на наш аэрадром зачасцілі турысты з усіх куткоў Беларусі і замежжа. Лепш за ўсё іх лічыць... па восені, калі пройдзе авіяцыйна-спартыўнае свята, што ўжо стала своеасаблівай фішкай “горада авіятараў”. 


Але вернемся да мэты нашага візіту. Абагнуўшы ўзлётную паласу, мы з калегам накіраваліся да ангараў, дзе стаяць самалёты. Ля ўваходу нас сустрэў гід па небу – пілот Андрэй Чарнышоў. Жалезныя птушкі адпачывалі на зямлі, а Андрэй з задавальненнем расказаў нам пра сваё хобі, пра сяброў-лётчыкаў. Ён адзін з тых, хто ажыццявіў сваю дзіцячую мару. Андрэй прайшоў навучанне, атрымаў неабходныя дакументы і асвоіў невялікі чатырохмесны самалёт Socata Rallye 150, які спраектавала французская кампанія “Моран-Сольнье”. 


Мы падыходзім да самалёта і дакранаемся да яго крыла. “Лятальны апарат” пачынае павольна калыхацца... Розум хутка бярэ верх над маёй цікаўнасцю, і я пачынаю допыт на тэму: а ці бяспечныя палёты такога кшталту? 
Андрэй усё ж такі дае мне гарантыю, што гэты самалёт надзейны, бо нават выкарыстоўваўся ў войску Францыі ў навучальных мэтах. Умяшчальнасць самалёта – 3 пасажыры і пілот. Нас двое і пілот, так што можна ляцець смела. Разважанняў тыпу “ляцець – не ляцець” у мяне больш не ўзнікала. Кароткі інструктаж, мы займаем свае месцы і накіроўваемся на ўзлётна-пасадачную паласу. Пасля каманды «Ад вінта!», пульс прыкметна пачашчаецца, дыханне пачынае збівацца... Я накіроўваю вочы ў цнатлівае неба і з заміраннем сэрца чакаю, калі жалезная птушка, шырока расправіўшы крылы, уварвецца ў сінь. Разагнаўшыся да патрэбнай хуткасці, самалёт лёгка адрываецца ад паласы. Усе мае страхі і сумненні застаюцца ўнізе. Наперадзе – адно толькі неба. Як спяваюць у песні: “Так высока и так близка дорога в облака». 

Неба паглынае цалкам, акрыляе і зачароўвае, прымушае паглядзець на ўсё іншымі вачыма. Перад намі – цукровыя аблокі, пад намі – кучаравыя дрэвы і шаўковы дыван з яркіх зялёных траў... Шчучын з кожнай хвілінай усё далей ад нас, а хмары ўсё бліжэй і бліжэй. Вышыня палёту – 270-300 метраў, хуткасць – 170 км у гадзіну. Мы знікаем за гарызонтам... 


Здымаць на вышыні, як аказалася, не так і проста, пілоту раз-пораз даводзіцца манеўраваць. Пакуль я спрабую ўтаймаваць свой вестыбулярны апарат, маленькі «француз» настойліва кладзецца то на правае, то на левае крыло. У такія моманты перад намі адкрываецца надзвычай прыгожы від на наш любімы Шчучын: маленькія домікі ўсё больш паходзяць на ілюстрацыю з невядомай добрай дзіцячай казкі. Вось плошча Свабоды са сваёй вежай. З вышыні яна здаецца такой мініяцюрнай... Нібы тонкія шэрыя стужачкі, ўюцца гарадскія вулачкі. Люстэрка возера ўбірае ў сябе сінь нябёсаў і адлюстроўвае наш самалёт. Я ледзь паспяваю здымаць усю гэту не тыповую прыгажосць. З вышыні ўсё здаецца іншым. Да прыкладу, для мяне стала адкрыццём, што абрыс даху «Беларусбанка» нагадвае ўсімі любімую беларускую кветку – васілёк, а дах касцёла мае выгляд крыжа. Незвычайна прыгожымі здаюцца новыя забудовы. Траса М-6, самалёт і развязка – як на далоні.

– А вы кіруеце машынай? – перапыняе мае думкі пілот.
Сцвярджальна ківаю галавой. 
Праз некалькі хвілін, прайшоўшы поўны інструктаж і ўбачыўшы прыклад пілатавання самалётам, я бяру «француза» ў свае рукі. Канечне, усё гэта праходзіць пад строгім кантролем пілота. 
У-у-уух! Гэта ўжо не палёт, гэта – космас! Ну хіба магла я калі-небудзь марыць пра тое, што вось так проста буду кіраваць самалётам у небе над Шчучынам? Пасля майго чарговага націску на штурвал, пілот нагадвае, што заўсёды трэба разлічваць хуткасць палёту, улічваць адлегласць да мяжы, дакладна ведаць наземныя арыенціры і г.д. З улікам такіх патрабаванняў  перадаю кіраванне жалезнай птушкай у надзейныя мужчынскія рукі. Здаецца, усе ў кабіне ўздыхнулі з палёгкай ... 

У нябёсах зусім губляецца адчуванне часу. Андрэй тлумачыў нам, як кіраваць самалётам, распавядаў пра сваіх «зорных» пасажыраў, сярод якіх былі не толькі жыхары Беларусі, але і Расіі, Польшчы, Украіны, Амерыкі, Афрыкі... Узга­даў пілот і пра тое, што пралятаючы над трасай М-6 часта бачыць, як працуюць супрацоўнікі ДАІ. Хто ведае, магчыма часам іх радары і хуткасць “француза” ловяць. 
Нам хочацца ляцець і ляцець… Але на зямлі сваёй чаргі чакаюць рызыкоўныя хлопцы. На развітанне наш гід пралятае над лясным масівам былога аэрадрома. Раз-пораз віднеюцца дахі ангараў і іншых даўно забытых і закінутых ваенных збудаванняў. Ландшафт і маштаб аэрадрома здзіўляюць. Час вяртацца на зямлю. Пасадка па нейкім знаёмым толькі для пілотаў прынцыпе аказалася на наша здзіўленне ціхай і мяккай. Цюцелька ў цюцельку апускаемся на тое самае месца, з якога стартавалі. Вось што значыць за штурвалам – прафесіянал! 

Ногі неахвотна ступаюць па зямлі. Ці варта казаць, што 20-хвілінны палёт стаў адным з самых цікавых і захапляльных заданняў, якія я атрымлівала за ўсе гады працы ў рэдакцыі... 
На карце памяці фотаапарата – сотні здымкаў з вышыні птушынага палёту, на душы – радасць і замілаванне. Цяпер, калі бачу ў небе таго маленькага «француза», усміхаюся і радуюся за тых, хто, пераадолеўшы ўсе страхі і сумневы, усё ж такі адважыўся ляцець. А яшчэ я дакладна ведаю, што цяпер я адна з тых, хто закаханы ў неба! 
Ганна КАСПЕР. Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!