Жнуць хутка, перавозяць якасна

Для камбайнера ААТ “Дэмбрава” В.М. Медушэўскага гэта ўжо дванаццатае жніво, аднак ён па-ранейшаму ўлюбёнымі вачыма глядзіць на залацістую хлебную ніву. Віталій Мар’янавіч працуе ў полі з раніцы і да поздняга вечара, каб убраць вырашчаны ўраджай у аптымальныя тэрміны і без страт. Ён ужо намалаціў 1163 тоны збожжа і 468 тон рапсу, што з’яўляецца адным з самых высокіх паказчыкаў сярод камбайнераў гэтай гаспадаркі.

Павіншаваць перадавіка з высокімі намалотамі прама ў поле прыехаў старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Г. Ф. Шандроха.
– Прафесія хлебароба надзвычай складаная, аднак вельмі запатрабаваная ў нашым грамадстве, – падкрэсліў Генрых Феліксавіч. – Менавіта вы забяспечваеце харчовую небяспеку нашай краіны. Дзякуй вам за хлеб на стале!
Прафсаюзны лідар аграрыяў Шчучыншчыны уручыў перадавіку грамату і грашовую прэмію. 
– Калі твае намаганні заўважаюць і высока цэняць, то хочацца працаваць у полі з падвоенай сілай, – прызнаецца В.М. Медушэўскі. – У дзень на зернеўборачным камбайне “Лексіён-580” ўбіраю ў сярэднім 20 гектараў, з якіх намалочваю прыкладна 100 тон збожжа. На жніве адчуваецца дух спаборніцтва: камбайнеры не лічацца з асабістым часам і працуюць на вынік. Але калі ў кагосьці здараецца паломка “жалезнага каня” – заўсёды гатовы падставіць сяброўскае плячо. 
Побач з Віталіем Мар’янавічам Медушэўскім у полі жаў хлеб вопытны камбайнер Валерый Раманавіч Вейка, які ў той дзень таксама не застаўся без узнагароды. Ушанаваў Генрых Феліксавіч Шандроха і перадавога вадзіцеля ААТ “Дэмбрава” Андрэя Іванавіча Сыча. Як высветлілася, на момант уручэння падарункаў ён ужо перавёз звыш двух тысяч тон зерня. 


– Я працую ў гаспадарцы 27 гадоў, з якіх большую палову кірую МАЗам, – гаворыць А.І. Сыч. – Жніво для мяне вельмі гарачая пара, прычым у прамым сэнсе: на маім грузавіку “па заводу” кандыцыянер не прадугледжаны. Я ўсталяваў у кабіне вентылятар, але ўнутры ўсё роўна вельмі спякотна. У такіх няпростых умовах у дзень перавожу да 180 тон збожжа, накручваю да 300 кіламетраў. Калі здараецца паломка, то прыходжу на мехмайстэрню засветла, каб паспець адрамантаваць аўто да выхаду ў поле. У такім напружаным рытме праходзіць дзень за днём. І мы не спынімся, пакуль апошняе зярнятка не трапіць на зернесушыльны комплекс. 
Прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Г.Ф. Шандроха пабываў таксама ў саўгасе “Вялікае Мажэйкава”, ААТ “Шчучынаграпрадукт” і “Васілішкі” і ўручыў перадавым камбайнерам і вадзіцелям гэтых гаспадарак заслужаныя ўзнагароды
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

Средняя: 3 (2 оценки)

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)