Запрашаем у новую аптэку

У будынку інтэрната завода “Аўтапровад” па вуліцы Савецкай у Шчучыне адчыніла дзверы новая аптэка. 
– Яна знаходзіцца ў структуры цэнтральнай раённай аптэкі №6, – расказала намеснік генеральнага дырэктара Гродзенскага РУП “Фармацыя” Таццяна Аляксандраўна Зарэцкая, якая прыняла ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці новага аб’екта. – Рашэнне аб размяшчэнні аптэкі ў гэтым мікрараёне было прынята не выпадкова. Калі ў цэнтры горада працуюць некалькі аптэк, то тут адчуваецца іх недахоп. 

Першыя пакупнікі ўжо ацанілі ўтульнасць і камфорт толькі-толькі адкрытай аптэкі. Светлае прасторнае памяшканне, сучасныя зручныя вітрыны, у якіх наведвальнік можа ўбачыць практычна ўвесь асартымент лекавых сродкаў, якія ёсць у наяўнасці для рэалізацыі, вырабаў медыцынскага прызначэння, біялагічных актыўных дабавак, сродкаў па доглядзе за дарослымі і дзецьмі. Прадуманы і рэжым работы: пакупнікоў чакаюць тут з васьмі гадзін раніцы да дзевяці вечара. Пакуль для абслугоўвання насельніцтва адкрыта адно працоўнае месца, пры неабходнасці пачне працаваць другое. Увесь калектыў – чатыры чалавекі.


– Спадзяюся, што шчучынцы і госці горада будуць частымі наведвальнікамі ў нашай аптэцы, – гаворыць Таццяна Аляксандраўна. – Толькі прыйдуць яны сюды не таму, што захварэлі і ім патрэбны лякарствы, а за сродкамі прафілактыкі і догляду за сабой і за дзеткамі.
У аптэцы прадстаўлены шырокі асартымент як айчынных, так і замежных лекавых сродкаў. 
– У апошні час фармацэўтычная прамысловасць нашай краіны актыўна развіваецца, – гаворыць Таццяна Аляксандраўна. – Распрацоўваюцца і выпускаюцца новыя лякарствы. І многія пакупнікі ўсё часцей аддаюць перавагу беларускаму вытворцу. Навошта плаціць значныя фінансавыя сродкі за замежны прэпарат, калі свой, айчынны, не саступае яму па якасці і больш дзяшовы?! 
Першыя пяць дзён работы аптэкі (з 9 па 13 студзеня) пакупнікоў чакае прыемны падарунак – пяціпрацэнтная скідка на ўвесь асартымент тавару.
– Мы стараемся думаць аб камфорце нашых шчучынцаў, – гаворыць загадчыца аптэкі №6 Наталля Міхайлаўна Чайкоўская. – Пажылым людзям, многія з якіх часта хварэюць, цяжка дабірацца з вуліцы Заводскай або Астроўскага да цэнтра горада. Цяпер ім будзе крышачку прасцей клапаціцца аб сваім здароўі. 
Сучасны інтэр’ер і ўтульнасць новай аптэкі ацаніў і намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Аляксей Валянцінавіч Садоўскі, які таксама прыняў удзел у яе адкрыцці. 
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!