Запрашае шчучынскі ліцэй

Кожную трэцюю суботу месяца ў Шчучынскім сельскагаспадарчым ліцэі праходзяць Дні прафарыентацыі, удзел у якіх прымаюць вучні восьмых-дзявятых класаў устаноў адукацыі раёна.
– Такія мерапрыемствы мы праводзім з мэтай папулярызацыі рабочых спецыяльнасцей, – расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Вайцех Антонавіч Аляксей. – Акрамя гэтага, сустрэчы з рабятамі – выдатная магчымасць расказаць ім пра нашу навучальную ўстанову, паказаць майстар-класы. Пад наглядам майстроў вытворчага навучання ліцэя хлопцы з задавальненнем сядаюць за руль трактара або грузавіка, каб паспрабаваць сябе ў якасці вадзіцеля. У ліцэі ўжо пабывалі вучні Васілішкаўскай СШ, Ражан­­­каўскага дзіцячага садка-сярэдняй школы, гарадскіх школ і іншых.

Удзел у Днях прафарыентацыі абавязкова прымае і адміністрацыя ліцэя, каб школьнікі маглі задаць пытанні, якія іх цікавяць, і атрымаць падрабязныя адказы.
Акрамя гэтага, па суботах у ліцэі арганізаваны заняткі для вучняў гарадскіх школ, якія імкнуцца асвоіць азы аўтатрактарнай справы, слясарных і зварачных работ, электратэхнічнай справы. Гэта дапаможа ім вызначыцца з будучай прафесіяй. З рабятамі займаюцца майстры вытворчага навучання Ч.В. Плаўскі, Д.В. Яновіч, Л.І. Гурскі.
А самі ліцэісты па суботах таксама не губляюць дарэмна час: займаюцца спортам, наведваюць гурткі па інтарэсах, якія для іх арганізавалі майстры і куратары груп – А.У. Макарава, Т.Р. Ардынец, С.А. Лунгу, І.І. Чулкоў і іншыя.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота Святланы ЛУНГУ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!