Залаты ўзрост у пашане. У Шчучынскім кінатэатры надзвычай душэўна і атмасферна прайшла сустрэча з нагоды Дня пажылых людзей

 

– Дзень пажылых людзей наўрад ці назавеш святам, аднак гэта добрая нагода выказаць павагу і ўдзячнасць ўсяго нашага грамадства прадстаўнікам старэйшага пакалення, прыцягнуць увагу да існуючых праблем, каб дапамагчы іх вырашыць, – слушна заўважыў старшыня раённага савета ветэранаў Васілій Жукоўскі, вітаючы ўдзельнікаў раённага мерапрыемства для пажылых людзей, што праходзіла ў Шчучынскім кінатэатры.

 

 

Васілій Сяргеевіч расказаў аб шматлікіх справах ветэранскай арганізацыі, цесным супрацоўніцтве з раённай уладай і сацыяльнай службай, якія надзвычай уважліва адносяцца да жыхароў старэйшага ўзросту, заўжды гатовы дапамагчы ў складанай сітуацыі і падтрымаць.

 

   

 

– А вось для мяне гэты дзень асацыіруецца з мудрасцю і дабрынёй, слушнай парадай і вашым багатым жыццёвым досведам. Дазвольце выказаць усяму старэйшаму пакаленню ўдзячнасць за той надзейны падмурак, які закладзены для далейшага развіцця нашай дзяржавы, за цудоўныя традыцыі, што вы пакінулі нам у спадчыну, – адзначыла ў сваёй прамове кіраўнік справамі райвыканкама Алена Шкіндзерава і пажадала ўсім прысутным у зале моцнага здароўя і доўгажыхарства.

 

   

 

Увогуле ў гэты дзень гучала вельмі шмат добрых і цёплых слоў. Іх выказалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Шанчук. Цікава было даведацца з іх выступлення, што ў Шчучынскім раёне 12910 пенсіянераў, а сярэдняя пенсія на сёння складае 483 рублі. У складанай жыццёвай сітуацыі людзям сталага веку аказваюцца самыя розныя віды дапамог. Дарэчы, многія прадпрыемствы і арганізацыі напярэдадні Дня пажылых людзей таксама знайшлі магчымасць зрабіць прыемныя сюрпрызы для сваіх былых работнікаў – ветэранаў працы. А кампанія “Клубніка Плантс”, якая падтрымлівае дабрачынныя традыцыі, падрыхтавала сунічныя пачастункі для бабуль і дзядуляў з бальніц сястрынскага догляду. Занальны інстытут раслінаводства таксама шчодра “падзяліўся” яблычным ураджаем з наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН.

 

   

 

Але вернемся зноў на імпрэзу ў кінатэатр. Ад душы апладзіравалі ўдзельнікі мерапрыемства актывісту ветэранскай арганізацыі Івану Пятровічу Рэкедзе, які ў сваім паважаным узросце паказвае прыклад аптымізму, заўжды знаходзіцца ў віры грамадскіх падзей, піша вершы і выдае кнігі, з задавальненнем чытае свае новыя творы для публікі. Выдатную канцэртную праграму падрыхтавалі для шчучынцаў залатога ўзросту артысты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Гучалі хіты розных часоў і песні са старых добрых фільмаў. Аказваецца, кінастужцы “Вясна на Зарэчнай вуліцы” сёлета спаўняецца 65 гадоў, а “Кубанскім казакам” і таго болей – 72, як многім у зале! Да чаго ж душэўна гучалі мелодыі з гэтых фільмаў у выкананні Дзмітрыя Паваргі і Валянціны Маркевіч. Сваёй цудоўнай песняй жадала “пагоды ў доме” Алёна Варонік, а Таццяна Ціцяк усіх натхніла падпяваць незабыўную “Малінаўку”. Цэлы “букет” з музычных кампазіцый 60-х падарыла ўдзячным слухачам Дар’я Паварга.

 

   

 

Напрыканцы гэтай сустрэчы ўсе з задавальненнем паглядзелі на вялікім экране кінатэатра “Беларусь” (менавіта так яго па-ранейшаму называюць прадстаўнікі старэйшага пакалення) мастацкі фільм з сімвалічнай назвай “Дзед”. Дарэчы, людзі былі надзвычай удзячны і арганізатарам выставы рэтра-здымкаў, з якіх паўставаў наш старажытны Шчучын. І было яшчэ больш відавочна: з гадамі наш родны горад толькі прыгажэе і маладзее. Дзякуючы плённай працы пажылых і маладых – прадстаўнікоў усіх пакаленняў.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!