Залаты фонд нашага грамадства

Раённае мерапрыемства, прысвечанае Дню пажылых людзей, сабрала прадстаўнікоў "трэцяга ўзросту" ў адноўленым кінатэатры

-- Днём не пажылых, а залатых людзей я б назваў гэты  дзень, -- не хаваў сваіх асацыяцый намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.Г. Амшэй і, звяртаючыся да прысутных у зале, падкрэсліваў: -- Гэта вы заклалі падмурак пад сённяшняе імклівае развіццё рэгіёна. Вашым пасляваенным пакаленнем так многа пабудавана! А наша задача -- захаваць, памножыць і ў яшчэ больш прывабным стане перадаць матэрыяльную і духоўную спадчыну новым пакаленням.

Аляксандр Генрыхавіч расказаў удзельнікам гэтай сустрэчы пра пошукі шляхоў новага развіцця раёна, выказаў думку, наколькі важна сёння спаўна выкарыстоўваць патэнцыял людзей з вялікім жыццёвым вопытам.  

Цёпла віталі сабраўшыхся старшыня раённага савета ветэранаў Эдмунд Станіслававіч  Дзікевіч і дырэктар кінавідэапрадпрыемства Ігар Мікалаевіч Будзько. А затым у фармаце 3D гледачам прадэманстравалі дакументальны фільм, зняты спецыяльна да 500-годдзя Шчучына.

-- У гэтай кінастужцы я па-новаму ўбачыла наш родны горад. Да чаго ж ён прыгожы і велічны з вышыні птушынага палёту! -- дзеліцца ўражаннямі ветэран працы Ядвіга Уладзіміраўна Белаводская. -- Не памылюся, калі ад усіх выкажу шчырыя словы ўдзячнасці і раённай уладзе, і нашаму савету ветэранаў за арганізацыю падобных сустрэч і ўвогуле за клопат, што ў канкрэтных справах праяўляецца пра людзей старэйшага пакалення.

-- А я ўпершыню трапіла ў адноўлены кінатэатр, -- прызнаецца Лідзія Міхайлаўна Плаўская. -- Уразілі перамены і перспектывы гэтай ўстановы новага фармату. Цудоўна, што наш горад крочыць у нагу з часам.

Экскурсія па кінатэатры, які паступова трансфармуецца ў маладзёжны культурна-забаўляльны цэнтр з більярднай залай, а ў недалёкім будучым -- з кафэ, фітнес-залай, правядзеннем дыскатэк і неардынарных мерапрыемстваў для людзей самых розных узростаў, таксама прайшла на пад'ёме, з жывым абменам думкамі і меркаваннямі.

Не абышлося і без прыемных сюрпрызаў. БРСМ і раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын правялі акцыю "Гасціннасць": валанцёры ў футболках з сімвалічным надпісам "Добрае сэрца" частавалі ўсіх яблыкамі, аздобленымі стужкай-вышыванкай. Прыгожа і … смачна!

Да ўсяго сапраўдным падарункам была дэманстрацыя на новым экране шэдэўра савецкага кінематографу -- кінакамедыі "Вяселле ў Малінаўцы", якая гэтымі днямі адзначае 50 годдзе з дня выхаду на экраны.

-- Мы выдатна правялі час, сустрэліся з сябрамі, узгадалі маладосць, даведаліся шмат новага. Выдатны дзень! -- гэтыя словы, памножаныя на эмоцыі, давялося пачуць ад многіх.  

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!